МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),

лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.

Меандры на рацэ Авача ў Камчацкай вобл. Расіі.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАВІ́НЫ,

выгіны рэчышча ракі, тое, што меандры.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДНЯ,

рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).

Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).

Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЛІЗАВА́НЫЯ РЭ́КІ,

рэкі або іх участкі, рэчышчам якіх штучна нададзены выгляд каналаў. Рэчышчы буйных рэк часам каналізуюць, каб палепшыць умовы суднаходства. Асн. работы па каналізацыі праводзяцца на малых рэках і ручаях пры меліярацыі — іх паглыбляюць, спрошчваюць меандры (лукавіны), ліквідуюць плёсы і перакаты. Пры гэтым яны становяцца хуткаплыннымі, мелкімі, асабліва ў межань, сцёк вады з вадазбору паскараецца. Часта такія змены вядуць да разбурэння нерасцілішчаў, збяднення фауны, асабліва рыбных запасаў, рэкі страчваюць маляўнічасць і ландшафтную вартасць. На тэр. Беларусі работы па каналізаванні рэк пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. пры буд-ве Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага і Дняпроўска-Бугскага каналаў. У 1950—90-я г. на ўсім працягу каналізавана больш за 500 рэк, на асобных участках — больш за 1500 рэк. З пач. 1980-х г. каналізаванне рэк абмяжоўваецца. Праводзіцца экалагічны аналіз магчымых вынікаў.

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)