Маўрыкій (пісьменнік) 11/486

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Маўрыкій 7/91—92

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЫ́КІЙ (Mauritius),

востраў у зах. частцы Індыйскага ак., у групе Маскарэнскіх астравоў. Пл. 1865 км². Асн. частка дзяржавы Маўрыкій.

т. 10, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЫ́КІЙ (Mauritius),

Рэспубліка Маўрыкій (Republic of Mauritius), дзяржава на а-вах Маўрыкій, Радрыгес, Агалега, Каргадас-Карахас у зах. ч. Індыйскага ак. на У ад Мадагаскара. Пл. 2040 км². Нас. 1168,3 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца крэольская, французская, хіндзі. Сталіца — г. Порт-Луі. Падзяляецца на 9 акруг і 3 аўт. тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 сак.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (з пазнейшымі дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам па прапанове кіраўніка ўрада на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Нац. сход (70 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. А-вы Маўрыкій (пл. 1865 км²) і Радрыгес (пл. 104 км²) з групы Маскарэнскіх а-воў вулканічнага паходжання. Паверхня в-ва Маўрыкій узвышаная, асабліва на ПдЗ (г. Пітон, 826 м), у цэнтр. ч. — плато выш. да 600 м, па берагах участкі раўнін. На в-ве Радрыгес выш. да 396 м. А-вы Агалега і Каргадас-Карахас (агульная пл. 71 км²) каралавага паходжання. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (люты) 26 °C, самага халоднага (жн.) 14—18 °C. Ападкаў ад 5000 мм у гарах да 900—800 мм у прыбярэжных раёнах. На вулканічных астравах шмат кароткіх рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы. У гарах захаваліся трапічныя лясы (6% пл.) з эндэмічнымі і інтрадукаванымі відамі дрэў. Пад другаснымі хмызнякамі 16% тэрыторыі. У жывёльным свеце адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, але шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Жывуць індамаўрыкійцы (нашчадкі выхадцаў з Індыі і Пакістана, каля 68% насельніцтва), крэолы (пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, каля 27%), кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (52%), хрысціяне (28%, пераважна католікі), мусульмане (17%). Сярэднегадавы прырост каля 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 573 чал. на 1 км², на раўнінах і плато в-ва Маўрыкій — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. У Порт-Луі 145 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс. ж. (1995). У гарадах К’юрпайн, Бо-Басен, Катр-Борн, Вакаас больш за 50 тыс. ж. У прам-сці занята 37% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 15, у транспарце і сувязі — 7, у гандлі — 14, у сферы паслуг — 24%.

Гісторыя. В-аў Маўрыкій быў вядомы араб. мараплаўцам з 8 ст. пад назвай Дзіна Аробі (Сярэбраны в-аў). Да 1598 ненаселены. Першымі з еўрапейцаў М. наведалі партуг. мараплаўцы ў пач. 16 ст. У 1598—1710 пад уладай галандцаў, якія назвалі востраў у гонар прынца Морыца Аранскага. З 1715 франц. калонія пад назвай Іль-дэ-Франс. У гэты час створаны буйныя плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі. У 1810 востраў захоплены англічанамі, якія вярнулі яму былую назву. З 1814 англ. калонія. Пасля адмены рабства ў 1835 пачаўся масавы прывоз рабочай сілы з Індыі (450 тыс. чал. у 1845—1907) і Кітая. З 1936 дзейнічае першая паліт. партыя — Лейбарысцкая партыя (ЛП). У 1957 пашыраны правы мясц. Заканад. савета, з 1958 уведзена ўсеаг. выбарчае права. У 1964 створаны нац. ўрад, які пасля выбараў 1967 узначаліла ЛП. 12.3.1968 абвешчана незалежнасць М. ў складзе Садружнасці. У 1968—82 М. кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале са старшынёй ЛП С.​Рамгуламам. На выбарах у чэрв. 1982 перамагла партыя Маўрыкійскі баявы рух (МБР), яе лідэр А.​Джагнат стаў прэм’ер-міністрам М. У крас. 1983 Джагнат выйшаў з МБР і стварыў Баявы сацыяліст. рух, які кіраваў М. у саюзе з Маўрыкійскай сацыяліст. партыяй да 1997. 12.3.1992 М. абвешчаны рэспублікай (прэзідэнт з чэрв. 1992 — К.​Уцім). На выбарах у снеж. 1996 перамагла ЛП, якая сфарміравала ўрад (да 1998 у кааліцыі з МБР) на чале з Н.​Рамгуламам. М. — чл. ААН. Арг-цыі афр. адзінства (з 1968). Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя, Маўрыкійскі баявы рух, Баявы сацыяліст. рух, Маўрыкійская с.-д. партыя.

Гаспадарка. М. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, адна з краін Афрыкі, якая дынамічна развіваецца. Штогадовы даход на 1 чал. 3380 дол. (1997). Прам-сць дае каля 50% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15%. Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, абслугоўванне замежных турыстаў, вытв-сць экспартных с.-г. культур. 495 прамысл. прадпрыемстваў працуюць у Свабоднай экспартнай вытв. зоне. Пераважаюць прадпрыемствы па выпуску трыкатажных вырабаў (57% усіх прадпрыемстваў), ткацка-прадзільныя (12%), прадпрыемствы абутковай, скургалантарэйнай, эл.-тэхн., аптычнай, гадзіннікавай, алмазагранільнай, ювелірнай, хім., метала- і дрэваапр. прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мукамольнымі, мясаперапрацоўчымі, рыбакансервавымі, піваварнымі і інш. прадпрыемствамі. Працуюць 17 цукр. з-даў, 8 чаеперапрацоўчых ф-к, ёсць прадпрыемствы папяровыя, алейныя, тытунёвыя, па вытв-сці рому. Працуюць 8 ГЭС і 2 ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд. кВтгадз (1996). Большая частка прамысл. прадпрыемстваў у Порт-Луі і яго наваколлі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца пад ворыва каля 112 тыс. га зямель. Ёсць буйныя плантацыйныя і дробныя сялянскія гаспадаркі. 90% ворных зямель пад цукр. трыснягом (500—700 тыс. т цукру-сырцу штогод). Больш узвышаныя раёны займаюць чайныя плантацыі (штогадовы збор каля 25—30 тыс. т). З тэхн. культур вырошчваюць тытунь і алоэ. На экспарт вырошчваюць трапічныя віды кветак. На ўласныя патрэбы на невял. плошчах вырошчваюць бульбу, маніёк, кукурузу, агародніну (памідоры, цыбуля, часнок, капуста, агуркі і інш.), імбір, шафран, чырвоны перац. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, гранат, грэйпфрут, гуаява, плады дрэва лічы і інш.). Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз. Прамысл. птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 6 тыс. т рыбы штогод). Важнае месца займае замежны турызм. У краіне 60 гасцініц на 6,5 тыс. месцаў, комплексы катэджаў і інш., у галіне запята каля 4 тыс. чал. У 1997 М. наведалі 530 тыс. замежных турыстаў, даход — каля 550 млн. долараў. Найб. наведвальнікаў прыбывае з в-ва Рэюньён (25%), Францыі (20%), Паўд.-Афр. Рэспублікі (18%). Турыстаў прыцягваюць прыгожыя каралавыя пляжы, спрыяльны клімат, помнікі мінулага, культура, багатая традыцыямі розных народаў. Транспарт аўтамабільны і марскі. На астравах 2 тыс. км асфальтаваных аўтадарог. Праз марскі порт Порт-Луі праходзіць каля 90% знешнегандл. абароту. На в-ве Маўрыкійміжнар. аэрапорт Плезанс. У 1997 экспарт склаў 1,26 млрд. дол., імпарт — 1,73 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць адзенне (52% па кошце), цукар (29%), тытунёвыя вырабы, брыльянты, рыба; у імпарце — машыны, паліва, харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Індыя, Кітай, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — маўрыкійская рупія.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Маўрыкія.

т. 10, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕ́ЎДА-МАЎРЫ́КІЙ,

умоўнае найменне аўтара візант. ананімнага трактата па ваен. справе «Стратэгікон» (мяжа 6—7 ст.). Прыпісваўся імператару Маўрыкію [582—602]. Твор П.-М. з’яўляецца важнай крыніцай па ваен. справе Візантыі таго часу, а таксама ладу жыцця славян, авараў, персаў і інш.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сляпнёў Маўрыкій Трафімавіч

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ЛУІ́ (Port Louis),

горад, сталіца дзяржавы Маўрыкій, на ПнЗ в-ва Маўрыкій. Адм. ц. акругі Порт-Луі. Засн. ў 1736. 145,8 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны. Вузел аўтадарог. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., хім. (з-д штучных угнаенняў), харчасмакавая (цукр., алейная, тытунёвая). Ун-т. Музеі: горада, гіст., маст. галерэя. Стараж. форт «Адэлаіда» і цытадэль. Цэнтр турызму.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас. больш за 1,76 млн. ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц. ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНАЕ ДРЭ́ВА,

назва дрэў з розных сям. з незвычайна цвёрдай і цяжкай драўнінай. Вядома каля 100 відаў, пераважна трапічныя. Ж.д. называюць паротыю, віды каркасу, самшыту, сінопсісу (Паўд. Амерыка), тазалію ланцэтную (трапічная Азія, Афрыка, Мадагаскар), мезую жалезную (Індыя), стадманію моцнадраўнінную (в-аў Маўрыкій), іксору жалезную (Антыльскія а-вы), акацыю высокую (Аўстралія) і інш. Драўніну Ж.д. выкарыстоўваюць для вытв-сці ручак інструментаў, дэталей прылад і прыбораў, паляў і інш.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ А́ФРА-МАЎРЫКІ́ЙСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (Organisation Commune Africaine et Mauricienne; ОКАМ),

аб’яднанне афрыканскіх дзяржаў. Створана на базе Афра-малагасійскага саюза (засн. ў 1961; з 1964 Афра-малагасійскі саюз эканам. супрацоўніцтва, у 1965—74 Агульная афра-малагасійская і маўрыкійская арг-цыя). Уваходзяць (1994): Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Маўрыкій, Нігер, Руанда, Сенегал, Сейшэльскія Астравы, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Гал. мэта — умацаванне эканам., сац., тэхн. і культ. супрацоўніцтва краін-удзельніц. Вышэйшы орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Штаб-кватэра ў г. Бангі (ЦАР). Друкаваны орган час. «Nations Nouvelles» («Нацыянальныя навіны»).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)