руская актрыса. Нар.арт. Расіі (1962), нар.арт.СССР (1969). Герой Сац. Працы (1985). Пасля заканчэння Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1949) у Маскоўскім акад. т-ры імя Я.Вахтантава. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, і ў кіно), Прынцэса Турандот (аднайм. п’еса К.Гоцы), Ліка Мізінава («Насмешлівае маё шчасце» Л.Малюгіна). За выкананне роляў Валі («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Паўліны Казанец («Кухарка замужам» А.Сафронава) і Маўры Пакрытчанка («Праўда і крыўда» М.Стэльмаха) Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,
тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс.км². Нас. 260 тыс.чал. (1993). Адм.ц. — г.Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд.т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.
Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.
Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс.ж. (1990).
Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп.Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб.Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.
Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач.ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс.км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач.ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Банд’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт·гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ А́ФРЫКІ У Афрыцы жыве каля 760 млн.чал. (ацэнка на пач. 1998). У расавых адносінах насельніцтва неаднароднае Прадстаўнікі негроіднай расы (каля 55% усяго нас.) жывуць на Пд ад Сахары. Блізкія да негроідаў маларослыя плямёны трапічных лясоў — пігмеі (каля 400 тыс.чал.). На Пд кантынента ў самастойную расавую групу вылучаюць бушменаў (сан) і гатэнтотаў (кой-каін; разам каля 175 тыс.чал.). Да еўрапеоіднай расы (каля 25% нас. Афрыкі) адносяцца арабскія і берберскія народы на Пн, якія ўваходзяць у паўд. адгалінаванне гэтай расы, і нашчадкі эмігрантаў з Еўропы (найб. у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, ПАР; каля 15% яе нас.). На ПнУ, у зоне кантактаў паміж негроідамі і паўд. еўрапеоідамі, яшчэ ў старажытнасці склаўся эфіопскі расавы тып; мяшаныя формы (т.зв. пераходныя і мяшаныя групы Судана) характэрныя і некаторым інш. народам на паўд. межах Сахары (фульбе, тубу, кануры і інш.). У выніку змяшання ў 17—19 ст. на Пд Афрыкі афрыканераў (бураў) і англічан з карэннымі жыхарамі ўтварыліся т.зв. каляровыя (больш за 3 млн.чал.). Усяго мяшанага еўрапеоідна-негроіднага насельніцтва каля 20%. Мальгашы на в-ве Мадагаскар належаць да паўд. адгалінавання мангалоіднай расы.
Афрыку насяляе больш за 1 тыс. народаў і буйных плямён. У канцы 20 ст. ў многіх раёнах кантынента сфарміраваліся і фарміруюцца новыя народнасці і нацыі з родаплемянных і лакальных этн. груп. 198 народаў налічваюць больш за 500 тыс.чал. кожны, іх агульная колькасць 664,7 млн.чал., або 87,5% усяго насельніцтва Афрыкі. З іх 6 народаў больш за 20 млн.чал. (егіпецкія арабы, або егіпцяне, — 54,2, хаўса — 30,8, іаруба — 26,2, фульбе — 23, ігба — 21,6, алж. арабы, або алжырцы, — 21,2) і 21 народ большы за 5 млн.чал. (мараканскія арабы, або мараканцы, — 19,4, арома, або гала, — 19, суданскія арабы, або суданцы, — 15, малагасійцы — 12,8, берберы Магрыба — 12, самалі — 10,3, малаві — 9,4, конга — 9,2, шона — 8,7, макуа — 8,5, руанда — 8,3, зулу — 8,2, коса — 7,4, луба — 7,2, рундзі — 7,2, ібібіо — 6,8, туніскія арабы, або тунісцы, — 6,3, луа — 6,1, кікую — 6, тыграі — 6, тсонга — 5,3). Найб. разнастайны этн. склад у Судане, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Танзаніі, Кеніі, ПАР, Камеруне, Эфіопіі, Гане і Угандзе. Большая частка насельніцтва Афрыкі (каля 690 млн.чал., або 91%) належыць да дзвюх моўных сем’яў: семіта-хаміцкіх моў (афразійскіх моў) і нігера-кардафанскіх моў (конга-кардафанскіх моў). Народы семіта-хаміцкай моўнай сям’і (уваходзяць семіцкая, кушыцкая, чадская і берберская групы) расселены пераважна на Пн, ПнУ і часткова на З Афрыкі (каля 290 млн.чал., 38% нас. Афрыкі). На арабскай мове (належыць да семіцкіх моў) гавораць егіп., алжырскія, мараканскія, суданскія, туніскія і лівійскія арабы, маўрыЗах. Сахары і інш. (усяго каля 137 млн.чал.), на інш. семіцкіх мовах — амхара, тыграі, гураге, тыгрэ (разам 30,8 млн.чал., усе — аснова эфіопскай нацыі, жывуць часткова ў Эрытрэі і Судане). Народы кушыцкай групы (больш за 35 млн.чал.) — арома, самалі, беджа, камбата, афар жывуць пераважна на У Эфіопіі і ў Самалі, асобныя невял. народы — у Судане, Эрытрэі, Кеніі, Танзаніі. Народы чадскай групы, якую раней па найб. народзе называлі групай хаўса (больш за 35 млн.чал. — хаўса, бура, мандара, бадэ і інш.), расселены на Пн Нігерыі, у Нігеры, у раёнах на Пд і У ад воз. Чад. Берберамоўнае насельніцтва (каля 27 млн.чал. — берберы разам з кабіламі, рыфамі, шавія і інш., а таксама туарэгі), якое раней было пашырана ў Паўн. Афрыцы, цяпер жыве ў горных раёнах Марока, Алжыра і Туніса, у асобных раёнах Сахары. Амаль уся трапічная Афрыка на Пд ад Сахары і пояса саваннаў, у т. л.Цэнтр., Усх. і Паўд., заселена народамі нігера-кардафанскай моўнай сям’і (каля 400 млн.чал., 53% насельніцтва кантынента). Падзяляецца на 2 групы: нігер-конга і кардафанскую. У моўную групу нігер-конга ўваходзіць больш за 99% носьбітаў моў гэтай сям’і, яна падзяляецца на 6 падгруп: бенуэ-конга, ква, зах.-атлантычная, гур, мандэ, адамаўа-ўсходняя. Пераважная частка трапічнай і Паўд. Афрыкі населена народамі падгрупы бенуэ-конга. Каля 90% іх колькасці на Пд ад 6°паўн. ш. прыпадае на народы банту (больш за 200 млн.чал.). Найб. народы малаві, конга, шона, макуа, руанда, зулу, коса, рундзі, кікую, тсонга, тсвана, лух’я, монга, ньямвезі, суто, ганда, авімбунду, фанг, камба. На У Афрыкі разам з інш. мовамі банту вельмі пашырана ў якасці мовы міжнац. зносін мова суахілі, якой акрамя народа суахілі (2,4 млн.чал.) карыстаецца каля 60 млн.чал. У прыморскіх раёнах Зах. Афрыкі ад Ліберыі да Нігерыі пашыраны мовы падгрупы ква (больш за 92 млн.чал.), найб. народы — іаруба, ігба, ашанці, біні, эве, фон, бетэ, іджа, фанці, аньі, бауле, нупе і інш. У Зах. Афрыцы на Пн ад народаў падгрупы ква насельніцтва гаворыць пераважна на мовах зах.-атл. падгрупы (каля 36 млн.чал.), падгрупы гур, або вальтыйскай (каля 15 млн.чал.) і падгрупы мандэ (каля 16 млн.чал.). Найб. народы зах.-атл. падгрупы — фульбе і валоф, падгрупы гур — мосі, сенуфа, гурма; падгрупы мандэ — малінке, бамбара, мендэ, санінке, сусу. Пераважна ў Цэнтральнаафр. Рэспубліцы і на ПнДэмакр. Рэспублікі Конга жывуць народы адамаўа-ўсходняй падгрупы (каля 8,5 млн.чал.) — зандэ, банда, гбайя і інш. На Пд Сахары, ва Усх. Судане, у басейне верхняга цячэння р. Ніл, часткова ў Кеніі, Танзаніі і Угандзе жывуць народы ніла-сахарскай сям’і (каля 38,5 млн.чал., 5% нас. Афрыкі). Вылучаюць 6 моўных груп, найб. колькасць мае шары-нільская група (больш за 28 млн.чал.); найб. народы — луа, дзінка, календжын, нубійцы, тэса, нуэр, ланга, мору-мангбету, сара. З інш. груп гэтай моўнай сям’і вылучаюцца народы кануры і сангай. Востраў Мадагаскар і суседнія астравы насяляюць мальгашы — прадстаўнікі зах.-аўстранезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў. Пустыню Калахары і суседнія раёны насяляюць гатэнтоты (кой-каін) і бушмены (сан), іх мовы складаюць кайсанскую сям’ю моў. Насельніцтва еўрап. паходжання — афрыканераў (бураў), англаафрыканцаў, англічан, іспанцаў, партугальцаў, французаў, італьянцаў, грэкаў і інш. каля 12 млн.чал. (1,6% нас. кантынента). Найбольш іх у ПАР. Там жывуць і групы еўрап.-афр. метысаў (т.зв. каляровыя), якія гавораць на афрыканерскай і англ. мовах. Іх крыху больш за 3 млн.чал. На Канарскіх а-вах жывуць іспанцы (каля 1,5 млн.чал.), на в-ве Мадэйра — партугальцы (каля 0,3 млн.чал.). На Пд і У Афрыкі жывуць групы выхадцаў з Індыі і Пакістана. Ураджэнцы Еўропы і п-ва Індастан складаюць большасць насельніцтва Маскарэнскіх і некаторых інш. дробных астравоў. У Афрыцы ёсць невял. групы выхадцаў з Кітая, Інданезіі, араб. краін Азіі.
Больш за 41% вернікаў у Афрыцы вызнаюць іслам, 48% — хрысціянства, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Мусульмане-суніты складаюць абсалютную большасць насельніцтва (больш за 85%) у 12 краінах пераважна на Пн Афрыкі: у араб. краінах, Маўрытаніі, Малі, Нігеры, Самалі, Гамбіі, Джыбуці. Каля 30—50% насельніцтва — мусульмане, жывуць у Нігерыі, Эфіопіі, Танзаніі, Кот-д’івуары, Буркіна-Фасо, Чадзе, Сьера-Леоне. У 26 краінах Зах., Цэнтр., Усх. і Паўд. Афрыкі большасць вернікаў — хрысціяне. Яшчэ ў 11 краінах іх ад 20 да 50%. Больш за 85% насельніцтва хрысціян у Рэспубліцы Каба-Вердэ, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Лесота, Экватарыяльнай Гвінеі, Бурундзі, Намібіі, Габоне, Рэспубліцы Конга, Анголе. У Нігерыі 50% насельніцтва — хрысціяне, пераважаюць на Пд, у Эфіопіі — 58%, пераважна монафісіты, жывуць на З і Пн, у ПАР 73%. Сярод хрысціян прыкладна па 40% католікаў і пратэстантаў, астатнія монафісіты і праваслаўныя, а таксама прыхільнікі незалежных хрысц.афр. цэркваў і сектаў. Традыц. вераванні пашыраны сярод значнай часткі карэннага насельніцтва на Пд ад Сахары, асабліва ў Ліберыі, Буркіна-Фасо, Цэнтр.-Афр. Рэспубліцы, Конга, Зімбабве, Замбіі. У Афрыцы жыве каля 1,5 млн. індуістаў, ёсць групы будыстаў, канфуцыянцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт·гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зівдэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́ (Mali),
Рэспубліка Малі (République du Mali), дзяржава ва ўнутр. частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на З з Сенегалам, на Пн з Маўрытаніяй і Алжырам, на У з Нігерам, на ПдУ з Буркіна-Фасо, на Пд з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй. Пл. 1,22 млн.км². Нас. 11,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г.Бамако. Падзяляецца на 8 абласцей і адм. раён (дыстрыкт) Бамако.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная рэферэндумам у 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нар. сходу са 129 дэпутатаў, 116 з якіх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах (13 мандатаў рэзервуюцца для малійцаў, што знаходзяцца за межамі краіны). Парламент выбіраецца на 3 гады. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная (выш. 200—500 м). На Пн — частка пустыні Сахара (больш за 30 % тэр. М.), па верхнім цячэнні р. Нігер — алювіяльная раўніна. На 3, Пд і У раўнінная тэр. краіны акаймавана невысокімі горнымі масівамі. Найвыш. пункт — г. Хамбары-Тандо (1155 м). На ПнУстараж. плато Адрар-Іфарас выш. да 853 м. Карысныя выкапні: фасфарыты, жал., уранавыя, алюмініевыя, літыевыя, медныя і поліметал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, ападкаў 50—200 мм за год, дажджлівы перыяд менш за 3 месяцы, сярэдняя т-растудз. 20—22 °C, ліп. 32—35 °C; на Пд клімат экватарыяльных мусонаў, ападкаў 500—1000 мм (на крайнім Пд — 1500 мм), дажджлівы перыяд 3—5 месяцаў, сярэдняя т-растудз. 22—23 °C, ліп. 26—27 °C. Пастаянныя рэкі толькі на Пд, галоўныя — Нігер, Сенегал і іх прытокі; на асобных участках суднаходныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Расліннасць мае шыротную занальнасць. У пустыні і паўпустыні расліннае покрыва вельмі рэдкае: злакі, эфемеры, салянкі, тамарыксы і акацыі. У саванне суцэльнае травяное покрыва, дрэвы — баабаб, сейба, пальмы. На крайнім Пд высакатраўная саванна з галерэйнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 6 % тэрыторыі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопы, газелі, гепарды, шакалы, леапарды, гіены, жырафы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Букль-дзю-Баўле, 5 запаведнікаў. Прыродны запаведнік скала Бандыягары («Зямля дагонаў») уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Палавіну насельніцтва, складаюць народы моўнай сям’і мандэ (бамбара, малінке, санінке), жывуць на З і ў цэнтр.ч. краіны. Есць народы бантоідных моўных груп (фульбе, валоф, мосі, сенуфа), на Пн і ПнУ — туарэгі і маўры. Невял. колькасць еўрапейцаў, пераважна французаў. 90% насельніцтва вызнае іслам, 9% — традыц. вераванні (на Пд), 1 % — хрысціянства (у гарадах). Сярэднегадавы прырост 3,18% (1997). Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км², на Пд да 30—50 чал. на 1 км². На Пн амаль усё насельніцтва качавое і паўкачавое, шчыльн. каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найб. гарады (1995, тыс.ж.): Бамако—919, Сегу—99, Мопты—78. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 1%, У абслуговых галінах — 19%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя М. вывучана слаба. З 3-га тыс. да н.э. развівалася земляробства. У сярэднія вякі на тэр. сучаснага М. існавалі дзярж. ўтварэнні Гана (3—13 ст.), Малі (8—17 ст.), Сангаі (15—16 ст.); пануючай рэлігіяй стаў іслам. Дзяржава Сангаі пасля разгрому яе ў 1591 мараканскімі войскамі распалася на шэраг дробных княстваў, якія ў 3-й чвэрці 19 ст. ўвайшлі ў склад дзяржавы тукулераў Хадж Амара, а ў канцы 19 ст. заваяваны Францыяй. У 1890 б.ч.тэр. М. аб’яднана ў калонію Франц. Судан (у 1899 скасавана, у 1920 адноўлена), з 1895 — у складзе Франц.Зах. Афрыкі. З 1945 М. — «заморская тэр.» Францыі. У 1946 у М. заснавана паліт. партыя Суданскі саюз на чале з М.Кейтам (з 1959 адзіная партыя ў краіне), якая ўзначаліла нац.-вызв. рух. З 28.9.1958 М. пад назвай Суданская Рэспубліка — аўт. дзяржава ў складзе Франц. супольнасці. У крас. 1959 М. аб’ядналася з Сенегалам у Федэрацыю М., якая 20.6.1960 абвясціла сваю незалежнасць. У жн. 1960 федэрацыя распалася.
22.9.1960 абвешчана Рэспубліка М. Выбраны прэзідэнтам Кейта пачаў ажыццяўляць курс на некапіталіст. развіццё краіны. У 1967 ва ўмовах эканам. крызісу Кейта стварыў Нац.к-т абароны рэвалюцыі, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу (парламент быў распушчаны). У выніку ваен. перавароту (ліст. 1968) да ўлады прыйшоў Ваен.к-тнац. вызвалення на чале з М.Траарэ. У 1974 прынята новая канстытуцыя, якая ўстанавіла аднапарт. рэжым. У 1979 створана кіруючая і адзіная ў краіне партыя Дэмакр. саюз малійскага народа, адбыліся прэзідэнцкія (выбраны Траарэ) і парламенцкія выбары. У 1990 у М. пачаўся шырокі дэмакр. рух супраць аўтарытарнага рэжыму Траарэ. Пасля масавых дэманстрацый прыхільнікаў дэмакратыі 26.3.1991 Траарэ скінуты і ўлада перайшла да Савета нац. згоды на чале з А.Т.Турэ; распушчаны парламент і Дэмакр. саюз малійскага народа, уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя М., якая абвясціла прынцып падзелу ўлад. На выбарах у парламент у студз.—лют. 1992 перамог Альянс за дэмакратыю ў М. (АДЭМА), яго лідэр А.У.Канарэ ў крас. 1992 выбраны прэзідэнтам краіны. Акрамя АДЭМА у М. дзейнічаюць Нац.к-тдэмакр. ініцыятывы, Суданскі саюз — Афр.дэмакр. аб’яднанне, Малійская партыя за развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і прагрэс і інш. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 3.11.1993.
Гаспадарка. М. — адна з найбяднейшых краін свету. Штогадовы даход на 1 чал. каля 280 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы ствараецца 49% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 17%. Эканоміка адрозніваецца шматукладнасцю: натуральныя і паўнатуральныя дробнатаварныя сял. гаспадаркі, прыватны і замежны капітал, дзярж. сектар. Сялянскае землеўладанне дробнае (каля 0,5 га на душу). Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,5 млн.га, пад пашу выкарыстоўваюць каля 110 млн.га зямель у саваннах, паўпустынях і пустынях. У земляробстве пераважае аблогавая сістэма. Арашаецца 78 тыс.га (1993). Пад збожжавымі (проса, сорга, рыс, кукуруза) 85% пасяўных плошчаў, пад бавоўнай 7%, пад арахісам 5%. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, кенаф, з харчовых — ямс, батат, маніёк. Асн. раён земляробства ў цэнтры і на ПдЗ — у далінах Нігера і прытокаў Сенегала, асабліва ва ўнутр. дэльце Нігера ў раёне г. Мопты. Садоўніцтва (ананасы, манга, папайя, гуаява, цытрусавыя) і агародніцтва (памідоры, перац, капуста, морква) на арашальных землях. Збор збожжа ад 0,9 млн.т у засушлівыя гады да 1,5 млн.т ва ўраджайныя. Жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пераважае качавая, паўкачавая і адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — больш за 5, авечак і коз — больш за 11, аслоў — больш за 0,4, вярблюдаў — каля 0,2, коней — каля 0,2. Рыбалоўства ў Нігеры і інш. рэках, каля 100 тыс.т штогод. Збіральніцтва дзікарослых пладоў (найб. арэхаў карытэ). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы харчовай і звязанай з ёй вытв-сці: рысаачышчальная, па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення, цукр., чайная, кандытарская, мукамольная, мясная, малочная, кансервавая, піваварная. Ёсць прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, тэкст. камбінат у Бамако, з-д мешкатары ў Сане, гарбарна-абутковая ф-ка ў Бамако, цыгарэтная і запалкавая ф-кі (Бамако), цэм.з-д (Дыяму), керамічны з-д (Джыкарані); наладжана вытв-сць кіслароду, ацэтылену, фармацэўтычных і парфумерных вырабаў (Бамако). Ёсць невял. прадпрыемствы электрамех. і металаапр. прам-сці, па зборцы веласіпедаў, вырабе с.-г. інвентару, ф-ка транзістарных прыёмнікаў і магнітафонаў (Бамако). Вытв-сць электраэнергіі 290 млн.кВтгадз (1995). Электрастанцыі працуюць пераважна на імпартным паліве, найб.ЦЭС у Бамако, ёсць невял. ГЭС. Горназдабыўная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, фасфарытаў, каменнай солі, вапняку, мармуру. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны. У М. 14,8 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 1,8 тыс.кмунутр. водных шляхоў. Адзіная чыгунка (641 км) звязвае Бамако з портам Дакар (Сенегал). Суднаходства па р. Нігер. У краіне 24 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бамако. У 1994 экспарт склаў 320 млн.дол., імпарт — 422 млн. долараў. У экспарце пераважаюць бавоўна, жывёла, золата, арахіс, рыба, у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва, тэкст. вырабы. Гал.гандл. партнёры: Францыя і інш. краіны ЕЭС, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк КФА (Афрыканскай фін. садружнасці).
Літаратура. Вусная нар. творчасць народаў М. (бамбара, малінке, фульбе, сенуфа) прадстаўлена міфамі, гераічным эпасам, казкамі і песнямі. Пасля пашырэння ісламу (з 11 ст.) узнікла л-ра на араб. мове, якая існавала да 19 ст. (гіст. хронікі Махмуда Каці, 16 ст.; ас-Садзі, 17 ст.), была пашырана рэліг.л-ра. Да канца 1960-х г. мовы народаў М. не мелі пісьменства (акрамя фульбе). Першы твор на мове бамбара — паэт.зб. «Песні грыёта» Ж.Б.Сісако (1977). Сучасная л-ра М. развіваецца пераважна на франц. мове. У 1930—40-я г. з’явіліся першыя апрацоўкі нар. легенд. У 1950-я г.л-ра развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху (гіст. раманы І.М.Уана, грамадз. творы С.Бадыяна, С.Дэмбеле). Пасля атрымання незалежнасці (1960) творчасць Ф.Д.Сісако, І.Б.Траарэ, С.Дыяра прасякнута пафасам антыкалан. барацьбы. У прозе 1970-х г. побач з асв. тэндэнцыямі (М.Галаго, Я.Сангарэ) характэрна выкарыстанне фалькл. матываў (А.А.Ба). З канца 1970-х г.асн. літ.
жанрам стаў сац. раман (М.М.Дыябатэ, М.Канатэ, І.Лі і інш.). Для Драматургіі характэрны паліт. накіраванасць і публіцыстычнасць (п’есы А.Кабы, Г.Дыявары). Паэзія вызначаецца грамадзянскасцю і лірызмам (Галаго, Дыявара, А.Кунта). Вядомасць атрымалі літ. апрацоўкі вуснай нар. творчасці М.Сідыбэ, І.Траарэ.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі культуры М. адносяцца да эпохі неаліту (наскальныя размалёўкі ў Бандыягары; малюнкі са сцэнамі палявання, вайны, танцаў у гротах у раёне Бамако, менгіры ў Тандыдару каля Ніяфунке, гліняныя і каменныя фігуркі ў раёне Мопці). У вёсках здаўна будуюць хаціны з сумесі гліны і саломы (банка), пераважна круглыя ў плане, на каркасе з жэрдак, без акон, з нізка навіслым саламяным дахам. У гарадах жытлы часцей прамавугольныя, з перакрыццем з бамбуку, цыновак і лісця. У горных раёнах у народа дагон вёскі ўмацаваныя, жытлы прамавугольныя, з плоскімі дахамі, свяцілішчы з вежачкамі па вуглах. На Пн качэўнікі жывуць у палатках і круглых хацінах з цыновак ці скур. У дзяржавах, што існавалі на тэр. М. ў 11—16 ст., развівалася горадабудаўніцтва; гарады Ніяні, Гао, Тамбукту, Джэне і інш. з няправільнай сеткай вуліц, умацаваныя сценамі, забудоўваліся грамадскімі будынкамі (палац у Тамбукту, 14 ст., арх. Эс-Сахелі), мячэцямі з верт. цягамі на сценах і характэрнымі канічнымі мінарэтамі (у Джэне). Жылыя дамы з гліны ці банка, пераважна прамавугольныя ў плане, плоскія земляныя пакрыцці насцілаюцца на бэльках, сцены ўмацаваны Магутнымі верт. цягамі ці падзелены на кесоны, што ўтвараюць знешні каркас будынка, фасады завершаны закругленымі зубцамі ці мініяцюрнымі вежачкамі. З прыходам каланізатараў у гарадах пачалі будаваць на еўрап. ўзор (саборы, адм. будынкі, асабнякі), а таксама глінабітныя жытлы-баракі з драўлянымі жалюзі. З 1950-х г. у будаўніцтве выкарыстоўваюць жалезабетон, пластыкі і інш. З маст. рамёстваў у М. здаўна развіта разьба, якой аздабляюць рэчы з дрэва (табурэткі, дзверы, талеркі, грабяні), вырэзваюць рытуальныя маскі, фігуркі людзей, жывёл. Пашырана ліццё з медзі, выраб рэчаў са скуры змей і кракадзілаў (сумкі, рамяні), шкур пантэр і леапардаў, керамічнага посуду; тканін з геам. арнаментам. З 1960-х г. фарміруецца прафес. мастацтва (жывапісец Б.Кейта). Старыя ч. гарадоў Джэне і Тамбукту ўнесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Малі.Да арт.Малі. Тыповае вясковае жыллё.Да арт.Малі. Рака Нігер каля г. Сегу.Да арт.Малі. Папайя — адна з пашыраных трапічных культур.Да арт.Малі. Горад Тамбукту.Да арт.Малі. Мячэць у г. Джэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НІЯ (España),
Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс.км². Нас. 39,6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).
Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.
Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс.мясц. судоў.
Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр.ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-растудз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 2/з — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн.чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн.чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн.чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн.ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс.г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.
пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст.н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.
У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б.ч.араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч.ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял.ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц.Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл.Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл.Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн.Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.
У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп.калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл.Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам.аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар.фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл.ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш.Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд.дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс.дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн.т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс.т, серабра — каля 0,2 тыс. т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.
ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд.кВтгадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн.т чыгуну і 13 млн.т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс.т медзі, каля 350 тыс.т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сцьтрансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн.т нафты. Значная вытв-сцьбуд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн.т цэменту. Развіта тэкст.прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.
І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн.га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн.т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (2/з збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн.т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, ЭльФероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс.км, аўтадарог 324 тыс.км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн.дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн.чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд.дол., імпарт — 110 млрд.дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.
прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс.чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс.чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац.гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац.археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.
Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш.перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш.Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.
Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.
Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ.ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт.зб. «Гістарычныя рамансы») i Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).
Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г.рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст.н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Г’ранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э.маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв.Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.
Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп.муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж.ісп. форм. Гал.муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст.найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп.вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз.т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац.муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л.рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Зскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп.ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.
Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз.т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп.т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр.партыз. атрады»), 3 усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхга, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар.т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян.рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж.ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.
Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.
Літ.: Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ.М., 1976; Испания, 1918—1972 л,: Ист. очерк. М., 1975; Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991; Проблемы испанской истории. М., 1992; Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993; Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993; Менендес Пидаль РИзбр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961; Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978; Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982; Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994; Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971; Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971; Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977; Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84 Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Наяумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).
Герб і сцяг Іспаніі.Да арт.Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.Да арт.Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.Да арт.Іспанія Панарама ў цэнтры Мадрыда.Да арт.Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.Да арт.Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.Да арт.Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).Да арт.Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).Да арт.Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.Да арт.Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.Да арт.Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.Да арт.Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.Да арт.Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.Да арт.Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.Да арт.Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».Да арт.Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.