Маярат 1/429; 5/160; 7/115—116
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пягра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл. Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.
т. 10, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЁНСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1808,
канстытуцыя, «падараваная» Іспаніі Напалеонам І. Прынята 7 ліп. картэсамі, скліканымі па загадзе Напалеона ў г. Баёна (Францыя). Абвяшчала Іспанію канстытуцыйнай манархіяй з сенатам, дзярж. саветам, картэсамі, правы якіх дакладна не вызначаліся; дапускала толькі каталіцкую рэлігію; адмяняла ўнутр. мытні, феад. судаводства, абмяжоўвала маярат; уводзіла адзіныя сістэму падаткаў, цывільнае і крымінальнае заканадаўства для Іспаніі і яе калоній. Мела на мэце замаскіраваць фактычнае панаванне Напалеона і схіліць іспанцаў на яго бок.
т. 2, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,
буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г. Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял. кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.Я.Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.К.Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс. чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.
В.С.Пазднякоў.
т. 11, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)