Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ШУЧАЯ МАШЫ́НКА, друкавальная машынка,
прылада для друкавання тэкставых, таблічных і лічбавых матэрыялаў паслядоўным нанясеннем на паперу адбіткаў літар, лічбаў і інш. знакаў.
Сканструявана К.Шолсам (ЗША) у 1867. У Расіі арыгінальную мадэль П.м. прапанаваў М.І.Алісаў у 1870. Падзяляюцца на канцылярскія (стандартныя), спецыяльныя (для друкавання нот, рэльефных знакаў азбукі Брайля для сляпых, стэнаграфічныя і інш.). Бываюць з ручным і эл. прыводам. Друкаванне праводзіцца пры дапамозе клавіятуры з 42—46 клавішаў, якія маюць 2 друкарскія знакі (вялікая і малая літары) на кожным рычагу. Эл. П.м. выкарыстоўваюцца таксама для ўводу і вываду алфавітна-лічбавай інфармацыі ў ЭВМ (гл.Друкавальная прылада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,
тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л.мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл.Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».