МАЦЯРЫ́НСТВА,

біялагічныя і сац. адносіны маці да дзіцяці. Біял. адносіны вызначаюцца паходжаннем дзіцяці ад маці (кроўная роднасць) і спалучаны з выкананнем жанчынай рэпрадукцыйнай функцыі, служаць падставай для юрыд. ўстанаўлення М. М. — складаная частка сац. ін-та бацькоўства і ўплывае на функцыянаванне сям’і як малой сац.-псіхал. групы грамадства. Асн. функцыі М. — рэпрадукцыйная і выхаваўчая — непарыўна звязаны паміж сабой, пачынаючы ад нараджэння дзіцяці, догляду за ім і ў далейшым з яго выхаваннем, навучаннем і г.д. Разам з бацькоўствам М. найб. поўна задавальняе фіз., эмацыянальныя і сац. патрэбнасці дзіцяці, забяспечвае яго паступовае ўключэнне ў сістэму сац. адносін, спрашчае засваенне сац. роляў. Значэнне М. як інстытута выхавання мяняецца ў залежнасці ад сац.-эканам., ідэалаг. і гіст. умоў развіцця грамадства (ад выключна грамадскага да хатняга выхавання). Рэалізацыя асн. функцый М. адбываецца ў сувязі з функцыянаваннем сям’і, прыватнай формай якой з’яўляецца «мацярынская сям’я».

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА МАЦЯРЫ́НСТВА,

гл. ў арт. Мацярынства.

т. 2, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ахова мацярынства і дзяцінства 1/32; 2/13, 15; 4/34; 5/64; 8/368; 9/148; 12/59, 365

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Аховы мацярынства і дзяцінства навукова-даследчы інстытут 2/15, 17; 7/120, 362; 8/368; 9/146

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВЫ МАЦЯРЫ́НСТВА І ДЗЯЦІ́НСТВА БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1931 у Мінску на базе Дома груднога дзіцяці, дзіцячых ясляў і дзіцячай кансультацыі № 3. Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне асаблівасцяў адаптацыі нованароджаных дзяцей і выпрацоўка метадаў яе рэгуляцыі; распрацоўка і ўкараненне ў практыку лячэбна-прафілакт. устаноў арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў, накіраваных на змяншэнне захворванняў і дзіцячай смяротнасці. Галаўная ўстанова па рэалізацыі дзярж. н.-д. праграмы «Ахова мацярынства і дзяцінства ва ўмовах ліквідацыі наступстваў уздзеяння катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́НІ,

у рэлігіі і міфалогіі этрускаў багіня-апякунка царскай улады. Разам з Цінам і Менрвай (багіня мацярынства) складала трыяду гал. этрускіх багоў.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦІНО́ВІЧ Анатоль Канстанцінавіч (н. 6.5.1931, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Канд. мед. н. (1967), дац. (1983). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1965 у НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (у 1978—97 дырэктар), адначасова ў 1981—97 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Гал. педыятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі (1968—78). Навук. працы па арганізацыі аховы мацярынства і дзяцінства, фізіялогіі і паталогіі нованароджаных. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Справочник по педиатрии. Мн., 1979;

Организация медицинской помощи детям. М., 1979 (разам з К.​М.​Анішчанкам);

Комплексная методика интенсивного сни.жения детской смертности в БССР. Мн., 1987.

т. 18, кн. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́РТА, Аштарт,

у заходнесеміцкай міфалогіі багіня ўрадлівасці, мацярынства і кахання; астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. Вядомы выявы Астарты ў выглядзе аголенай жанчыны на кані, якая страляе з лука.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНА́ Лідзія Аляксандраўна (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМ СССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.​С.​Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг. т-ра оперы і балета (1952—54).

Л.Ільіна. Мадонна. З серыі «Мацярынства». 1967.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДЫЯТРЫЯ

Да пачатку 20 ст. на Беларусі не існавала спецыяльнай падрыхтоўкі дзіцячых урачоў, хоць дзіцячая смяротнасць дасягала 188—200 на 1 тыс. нованароджаных. Толькі ў 1923 у Гомельскім таварыстве ўрачоў вылучана секцыя мацярынства і дзяцінства. У 1924 пры мед. факультэце БДУ (з 1930 Бел. мед. ін-т, з 2001 Бел. мед. універсітэт) арганізаваны кафедра і клініка дзіцячых хвароб, якія на працягу 16 гадоў узначальваў заснавальнік педыятрыі на Беларусі В.​А.​Лявонаў. У 1930 у Бел. мед. ін-це арганізаваны факультэт аховы мацярынства і дзяцінства (першы яго дэкан Лявонаў). У 1931 створаны НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (яго дырэктары Г.​А.​Калюжын, А.​К.​Усціновіч, Г.​А.​Шышко). У 1932 па ініцыятыве Лявонава створана Бел. навук. мед. таварыства дзіцячых урачоў. Лявонаў і яго вучні зрабілі вялікі ўклад у вывучэнне асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей пры розных захворваннях, у распрацоўку праблем туберкулёзу, пнеўманій, расстройстваў харчавання і стрававання, фізіялагічнай ролі мікраэлементаў і інш. Яны першымі ў СССР распачалі дзейнасць па вакцынатэрапіі пнеўманій. У 1964 па ініцыятыве І.​Н.​Усава пры Мінскім мед. ін-це створаны факультэт педыятрыі. У 1979 аналагічны факультэт адкрыты ў Гродзенскім мед. ін-це. Пазней педыятрычныя кафедры арганізаваны пры ўсіх мед. ВНУ Беларусі. Калі ў 1940 было 504 педыятраў, то ў 2002 іх стала 4072. З 1966 гал. кірункам НДІ аховы мацярынства і дзяцінства стала вывучэнне праблем фізіялогіі і паталогіі нованароджаных, працэсаў іх адаптацыі да пазавантробнага жыцця і інш.; створана першая айчынная тэст-сістэма для скрынінгу нованароджаных на прыроджаны гіпатырэоз, апаратура для выходжвання нованароджаных і інш.

У 1981 на базе НДІ аховы мацярынства і дзяцінства ў складзе Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізавана кафедра неанаталогіі, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне фізіялогіі і паталогіі нованароджаных. З 1986 НДІ аховы мацярынства і дзяцінства стаў вядучай установай па праблеме «Ахова мацярынства і дзяцінства ва ўмовах уздзеяння наступстваў катастрофы на ЧАЭС». Даследаваннямі ў галіне мед. генетыкі, прыроджаных заган развіцця, генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, распрацоўкай метадаў спадчыннай і прыроджанай паталогіі займаецца НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў пад кіраўніцтвам Г.​І.​Лазюка. У станаўленні і развіцці педыятрыі на Беларусі вызначыліся В.​В.​Алейнікава, Т.​І.​Казарэзава, У.​А.​Куўшыннікаў, М.​П.​Паўлава (анкалогія і гематалогія), А.​А.​Астапаў, В.​М.​Зорына, М.​М.​Смірноў, Л.​А.​Чарнышкова, М.​П.​Шэйбак (дзіцячыя інфекцыі, пытанні гастраэнтэралогіі), Л.​М.​Бяляева, Л.​Р.​Кажарская, Р.​Э.​Мазо, Л.​В.​Явец (кардыялогія дзіцячага ўзросту), Я.​С.​Гардзей (пульманалогія), І.​В.​Васілеўскі, А.​В.​Сукала, Н.​І.​Усаў (нефралогія), Т.​М.​Сукаватых (алергалогія), Г.​Г.​Шанько (неўралогія), Л.​М.​Астахава, Э.​К.​Капітонава (эндакрыналогія), В.​К.​Зубовіч, Г.​А.​Калюжын, Л.​Ц.​Ламака, А.​К.​Усціновіч, М.​В.​Чычко, Г.​А.​Шышко (пытанні арганізацыі аховы здароўя дзяцей, паталогіі перыяду нованароджанасці, парушэнняў абмену рэчываў) і інш. Дасягненні педыятрыі садзейнічалі значнаму зніжэнню дзіцячай смяротнасці (самая нізкая сярод краін СНД). За перыяд з 1990 па 1999 дзіцячая смяротнасць паменшылася на 20,8%. За комплекс работ па праблемах аховы здароўя дзяцей, зніжэння іх захворвання і смяротнасці К.​М.​Анішчанка, Р.​Э.​Мазо, І.​Н.​Усаў, А.​К.​Усціновіч удастоены Дзярж. прэміі Беларусі (1984).

Літ.:

Развитие педиатрии в БССР. 100 лет со дня рождения академика АН БССР В.​А.​Леонова. Мн., 1990;

Здоровье беременных женщин и детей раннего возраста в Беларуси // Здравоохранение. 1998. №6;

Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси: Док. и материалы юбил. торжеств. Мн., 2000;

Савченко Н.Е. Медицинская клиническая наука // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Беляева Л.М., Хрусталева Е.К. Сердечно-сосудистые заболевания у детей и подростков. Мн., 2003;

Жерносек В.Ф., Дюбкова Т.П. Аллергические заболевания у детей: Рук. для врачей. Мн., 2003;

Статистический ежегодник Республики Беларусь. Мн., 2003.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 2, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)