шахтавае мацаванне, рудніковае мацаванне, штучныя збудаванні для падтрымання даху і сценак горных вырабатак. Забяспечвае бяспечную работу людзей і надзейную эксплуатацыю шахтавых машын і механізмаў. Падзяляецца на прызабойнае і для падрыхтоўчых вырабатак.
Прызабойнае горнае мацаванне ўстанаўліваецца ў ачышчальнай вырабатцы (лаве) і перамяшчаецца з прасоўваннем забою. Бывае індывідуальнае (кожную стойку ўстанаўліваюць і знімаюць незалежна ад іншых; у склад камплекта ўваходзяць спец. пасадачныя тумбы для кіравання горным ціскам) і механізаванае (гідрастойкі звязаны ў секцыі і перамяшчаюцца гідрадамкратамі, можа быць цалкам аўтаматызавана). Горнае мацаванне для падрыхтоўчых вырабатак бывае: драўлянае, металічнае, бетоннае, жалезабетоннае (маналітнае і зборнае); капітальнае і часовае; трапецападобнае, прамавугольнае, арачнае, кальцавое; жорсткае, падатлівае (з пастаянным або нарастаючым супраціўленнем), з падатлівымі і шарнірнымі элементамі, камбінаванае.
Літ.:
Докукин А.В., Коровкин Ю.А., Яковлев Н.И. Механизированные крепи и их развитие. М., 1984;
Справочник по креплению горных выработок. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю, падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.
Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл.Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.
Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).
На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюць пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў з каменных матэрыялаў і канструкцый; разнавіднасць будаўнічых работ. Уключаюць асн. (тэхнал.), кантрольна-вымяральныя і дапаможныя працэсы (аперацыі).
Асн. тэхнал. аперацыі: падача і расклада цэглы (камянёў) і буд. раствораў; укладка, абколванне і абчэсванне цэглы (камянёў), устаноўка буйных блокаў у праектнае становішча; наданне буд. швам пэўнай формы. Кантрольна-вымяральныя: праверка гарызантальнасці радоў цэглы (камянёў), вертыкальнасці сцен, якасці пярэдняй паверхні; дапаможныя: загатоўка матэрыялаў, мацаванне і перастаноўка рыштаванняў, мантаж перамычак, панэлей перагародак, пліт перакрыццяў, балконаў і інш. У залежнасці ад матэрыялаў муроўка бывае: бутавая і бутабетонная, цагляная Суцэльная і аблегчаная, драбнаблочная і муроўка з абліцоўкай (бутавая, цагляная або з бетонных, сілікатных і керамічных камянёў, гл.Муроўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.
Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл.Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Л (ад лац. canalis труба, жолаб) у гідратэхніцы, штучнае рэчышча (вадавод) правільнай формы ў грунтавой выемцы або насыпе з безнапорным рухам вады; від гідратэхнічных збудаванняў. У папярочным сячэнні маюць трапецаідальную і паліганальную (у мяккіх грунтах), прамавугольную (у скальных пародах) і інш. формы. Памеры сячэння вызначаюць гідраўл. разлікам па прапускной здольнасці, дапушчальных скарасцях (якія не размываюць і не заглейваюць рэчышча) і г.д. Адкосы і дно ўмацоўваюць бетоннымі і гравійнымі пакрыццямі, каменным машчэннем (накідам), фашынна-галлёвым і плятнёвым мацаваннем, грунтавымі і плёначнымі экранамі, дзернаваннем і інш. На К. будуюць шлюзы, на К. з мех. пад’ёмам вады — помпавыя станцыі, у месцах перасячэння з вадатокамі — акведукі, дзюкеры, трубы, з шляхамі зносін — масты, віядукі, тунэлі, у месцах рэзкіх пераломаў рэльефу — спалучальныя збудаванні (перапады, быстратокі, пераходы), а таксама рэгуляцыйныя збудаванні.
К. бываюць: суднаходныя (злучальныя — злучаюць паміж сабой суднаходныя рэкі і азёры, моры; абводныя — для абыходу неспрыяльных участкаў воднага шляху; спрамляльныя — для скарачэння даўжыні звілістага шляху; падыходныя — для падыходу суднаў да партоў, гарадоў; энергетычныя (дэрывацыйныя — падводзяць ваду да гідраэлектрычных станцый, адводныя — адводзяць яе ад турбін); арашальныя, або ірыгацыйныя (сістэма магістральных, размеркавальных, уласна арашальных і вадаскідных К. для падачы вады на арашальныя землі); асушальныя (сістэма магістральных, падвадных, адводных, нагорна-лоўчых, скідных К., збіральнікаў, асушальнікаў для збору і адводу вады з забалочаных і залішне ўвільготненых тэрыторый); водаправодныя (для падачы вады ад крыніцы водазабеспячэння да прамысл. раёна, горада); абвадняльныя (забяспечваюць патрэбы с.-г. спажыўцоў, у асн. жывёлагадоўлі, у бязводных і засушлівых раёнах); лесасплаўныя, рыбаводныя і інш. Большасць К. комплекснага прызначэння. Буд-ва арашальных К. пачалося за 4400 г. да н.э. ў Егіпце, суднаходных — з 6 ст. да н.э. (К. ад Ніла да Чырвонага мора). Распачата да н.э. і ў 7 ст. закончана буд-ва часткі Вялікага канала ў Кітаі. У 8—6 ст. да н.э. арашальныя К. будавалі ў Харэзме, Урарту, у 12—13 ст. у Грузіі. У сярэдневякоўі суднаходныя К. будавалі пераважна ў Галандыі, Францыі, Англіі. Найб. значныя каналы міжнародныя — Суэцкі канал, Панамскі канал; пабудаваныя ў СССР — Беламорска-Балтыйскі канал. Волга-Данскі суднаходны канал, канал імя Масквы, Каракумскі канал.
На Беларусі адзін са старэйшых Агінскі канал; суднаходныя Дняпроўска-Бугскі канал і Мікашэвіцкі канал. З К. і вадасховішчаў складаюцца Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. На вял.ЦЭС (Лукомскай, Бярозаўскай) па К. падводзіцца або скідваецца вада для ахаладжэння энергет. установак. Аўгустоўскі і Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) К. страцілі гасп. значэнне. У раёнах масавага асушэння зямель вял. колькасць меліярац. К., сярод якіх вылучаюць самацёчныя (для скіду лішняй вады з с.-г. плошчаў) і падвадныя (для падачы вады ў наліўныя вадасховішчы, на арашэнне, абвадненне). Агульная даўжыня К. адкрытай асушальнай сеткі на Беларусі (1997) каля 160 тыс.км, больш за 16 тыс.км рэчышчаў (ці іх участкаў) малых і сярэдніх рэк каналізавана.
Г.Г.Круглоў, А.А.Макарэвіч.
Да арт.Канал. Найбольш пашыраныя формы папярочнага сячэння: а — трапецаідальная; б — поліганальная; в — прамавугольная; г — парабалічная. Мацаванне адкосаў і дна меліярацыйных каналаў; д — каменнай адмосткай (1 — адмостка, 2 — дзёран); е — жалезабетоннымі плітамі (1 — пліты і П-падобныя распоркі, 2 — засыпка грунтавая, 3 — дзёран); ж — камянямі ў клетках з жалезабетонных бэлек (1 — бэлькі, 2 — каменнае машчэнне, 3 — гравій, 4 — пясок).