Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАВІ́К, махавое кола,
кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал. вале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́БУС, гіробус
[ад грэч. gyros круг + лац. (omni)bus для ўсіх],
бязрэйкавая машына, якая рухаецца за кошт кінетычнай энергіі, назапашанай у махавіку. Выкарыстоўваецца як дапаможны трансп. сродак для перавозкі пасажыраў (грузаў) на невял. адлегласці і абслугоўвання выбухованебяспечных аб’ектаў. Раскручваецца махавікэл. або пнеўматычным рухавіком на зарадных пунктах. Выкарыстоўваюцца таксама (з 1955) электражыробусы, аснашчаныя асінхронным рухавіком-генератарам, сучлененым з махавіком, і цягавымі электрарухавікамі. Доследныя ўзоры Ж. (ЗША) абслугоўваюць пасаж. трасы да 12 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫЛЬ (ад ням. drillen свідраваць),
ручны інструмент або машына для свідравання і апрацоўкі адтулін у метале, дрэве, пластмасе і інш. Бываюць эл., пнеўматычныя (ратацыйныя, з пнеўматычным лопасцевым рухавіком) і ручныя. Электрадрыль складаецца з эл. рухавіка, зубчастай перадачы і патрона для свердла. Скорасць вярчэння да 2200 аб/мін і болей. З рознымі прыстасаваннямі можа выкарыстоўвацца для фрэзеравання, шліфавання, паліравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНТЭГРА́ТАР (ад дэз... + лац. integer цэлы),
1) машына для грубага здрабнення крохкіх малаабразіўных матэрыялаў (вугалю, гіпсу, серы, торфу, драўніны і інш.). Складаецца з двух ротараў, якія зманціраваны на асобных сувосевых валах і верцяцца ў процілеглых напрамках. На дысках ротараў размешчаны па канцэнтрычных акружнасцях 2—4 рады цыліндрычных пальцаў (білаў). Матэрыял паступае ў цэнтр.ч. ротара, пры яго вярчэнні адкідваецца ад цэнтра і здрабняецца ўдарамі пальцаў.
2) Апарат для ачысткі прамысл. газаў ад узважаных цвёрдых (пыл) або вадкіх часціц. Выкарыстоўваецца пераважна ў доменных цэхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я МАШЫ́НА,
цеплавы рухавік, у якім энергія сціснутай пары пераўтвараецца ў мех. энергію (у зваротна-паступальны рух поршня ў цыліндры). Выкарыстоўвалася на ф-ках і з-дах, электрастанцыях, паравозах, параходах, лакамабілях, у сельскай гаспадарцы і інш.
Праект П.м. распрацаваў у 1763 І.І.Палзуноў (пабудавана ў 1766). П.м. з цыліндрам падвойнага дзеяння вынайшаў у 1784 Дж.Уат, выкарыстаўшы для пераўтварэння прамалінейнага руху ў вярчальны спец. механізм — інверсар. Да канца 19 ст. П.м. была практычна адзіным пашыраным рухавіком у прам-сці і на транспарце. Мела добрыя цягавыя характарыстыкі, дапускала вял. перагрузкі і рэверсаванне, была надзейнай і простай. Магутнасць да 15 МВт, ккдз да 20—25%. Асн. недахоп — нізкая эканамічнасць, з-за чаго ў 1-й пал. 20 ст.вытв-сць П.м. спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).