МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),

польскі мастак; стваральнік нац. гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.​Статлера і У.​Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.​Дзітла (1864), М.​Каперніка (1875), К.​Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).

Я.​Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.
Я.​Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.

Літ.:

Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;

Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;

Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.

І.​М.​Каранеўская.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА ((Matiegka) Індржык) (31.3. 1862, г. Бенешаў, Чэхія — 4.8.1941),

чэшскі антраполаг. У 1918—34 праф. Пражскага ун-та. Заснаваў антрапал. кафедру пры гэтым ун-це, «Музей чалавека» імя А.​Хрдлічкі, час. «Anthropologie» («Антрапалогія», 1923). Аўтар прац па антрапалогіі «Чарапы багемцаў» (1891), «Саматалогія школьнай моладзі» (1927), «Усеагульная навука аб плямёнах» (1929), артыкулаў супраць расісцкіх тэорый. Праца М. «Пршэдмасцкі чалавек» (кн. 1—2, 1934—38), прысвечана апісанню шкілетных рэшткаў людзей позняга палеаліту на тэр. Чэхаславакіі.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Матэйка Я. 3/237, 493, 496—497 (укл.); 4/244; 7/81; 8/510, 512—513 (укл.); 12/677

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),

нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.​Шэкспір, Вальтэр, Ф.​Шылер, М.​Твэн, Б.​Шоу, Ж.​Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.​Басцьен-Лепаж, П.​Дэларош, Я.​Матэйка і інш.), музыцы (Ф.​Ліст, Дж.​Вердзі, П.​І.​Чайкоўскі, А.​Анегер).

Літ.:

Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр. М., 1992.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Да арт. Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.​Ланепво. 19 ст.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),

жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.

Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.​Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.​Веласкеса, П.​П.​Рубенса, графіка Ж.​Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.​Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.​Роза, Італія; Ф.​Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.​Вато), Расіі (І.​Нікіцін, А.​Зубаў, Р.​Угрумаў), Амерыкі (Б.​Уэст, Дж.​С.​Коплі, Дж.​Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.​Гро, Т.​Шарле, А.​Рафэ, А.​Вернэ (Францыя), А.​Адам (Германія), Ф.​Гоя (Іспанія), П.​Міхалоўскі, Я.​Матэйка, А.​Арлоўскі (Польшча), Г.​Ваперс (Бельгія), М.​Алеш, Я.​Чэрмак (Чэхія), В.​Машкоў, Б.​Вілевальдэ, А.​Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.​Менцэля (Германія), Дж.​Фаторы (Італія), У.​Хомера (ЗША), М.​Герымскага (Польшча), М.​Грыгарэску (Румынія), Я.​Вешына (Балгарыя), Э.​Дэтая, А.​Нёвіля (Францыя), І.​Айвазоўскага, А.​Багалюбава, В.​Паленава, В.​Верашчагіна, А.​Кіўшэнкі, В.​Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.​Дзікс і К.​Кольвіц (Германія), Ф.​Мазерэль (Бельгія), М.​Грамер і Т.​Стэйнлен (Францыя), Ф.​Ходлер (Швейцарыя), Л.​Бабіч, І.​Мештравіч (Харватыя), Н.​Петравіч (Сербія), Ф.​Брэнгвін (Англія), О.​Какошка (Аўстрыя), Р.​Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.​Пятроў-Водкін, М.​Грэкаў, А.​Дайнека, А.​Бубнаў (Расія).

У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.​Скарыны, М.​Цюнта (16 ст.), Л.​Хршчановіча, Г.​Келера, В.​Хондыуса, ілюстрацыях М.​Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.​Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.​Ваньковіч, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, у графіцы — М.​Кулеша, К.​Кукевіч, Я.​Дамель, Э.​Андрыёлі, Ю.​Фалат, А.​Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.​Волкаў, Я.​Зайцаў, П.​Гаўрыленка, М.​Манасзон, І.​Гембіцкі, А.​Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.​Філіповіча, П.​Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.​Ахрэмчыка, Г.​Бржазоўскага, М.​Гуціева, І.​Давідовіча, Я.​Зайцава, С.​Раманава, У.​Сухаверхава, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча, А.​Шыбнёва; скульптуры З.​Азгура, А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.​Савіцкага, В.​Грамыкі, Г.​Вашчанкі, А.​Анікейчыка. У 1980-я г.пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.​Аракчэева, Ф.​Бараноўскага, І.​Белановіча, М.​Глушко, А.​Марачкіна, У.​Мінейкі, П.​Свентахоўскага, І.​Стасевіча, І.​Ціханава, Г.​Ціхановіча, М.​Якуніна; графіка Л.​Асецкага, У.​Басалыгі, С.​Геруса, А.​Дзямарына, А.​Кашкурэвіча, Я.​Куліка, М.​Купавы, А.​Паслядовіч, М.​Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.​Бацвінёнка, А.​Заспіцкага, А.​Курачкіна, В.​Палійчука; манум. жывапіс Л.​Асядоўскага, У.​Крываблоцкага, Савіцкага).

Літ.:

Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;

Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;

Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;

Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Батальны жанр. Б.​Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т у літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека

(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.​Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.​Коласа, К.​Чорнага, І.​Мележа, В.​Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.

2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.​Васілька, М.​Засіма, А.​Салагуба),

сучасных бел. пісьменнікаў (У.​Караткевіча, Н.​Гілевіча) стварыў У.​Калеснік.

У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл. Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.

Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл. Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.​Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах Старэйшы, Г.​Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.​Госарт, Р.​Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.​Халс у Нідэрландах, Д.​Веласкес, Ф.​Гоя, Ф.​Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.​Вато, Ж.​Гудон, К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​А.​Фраганар, Ж.Б.​С.​Шардэн у Францыі, У.​Хогарт у Вялікабрытаніі, П.​Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.​Гейнсбара, А.​Стывенс, Дж.​Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.​Сцюарт у ЗША, Ж.​Л.​Давід, Э.​Дэлакруа, Г.​Курбэ, Т.​Жэрыко, Ж А.​Энгр у Францыі, В.​Лейбль, А.​Менцэль у Германіі, А.​Каўфман у Швейцарыі, Я.​Матэйка ў Польшчы, А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, К.​Брулоў, І.​Вішнякоў, М.​Ге, І.​Крамской, А.​Кіпрэнскі, Дз.​Лявіцкі, В.​Пяроў, Ф.​Рокатаў, І.​Рэпін, Ф.​Шубін у Расіі і інш.).

На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.​Дэга, Э.​Манэ, А.​Радэн, А.​Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.​Какошка, А.​Мадыльяні, П.​Пікасо, П.​Сезан і інш., скульптары — А.​Бурдэль, А.​Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.​Аненкава, А.​Галавіна, В.​Сярова, М.​Урубеля, Б.​Кустодзіева, М.​Ларыёнава, П.​Малявіна, К.​Сомава, З.​Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.​Гутуза (Італія), Л.​Ласанскага, Э.​Уорхала (ЗША), І.​Глазунова, П.​Канчалоўскага, П.​Корына, М.​Несцерава, К.​Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.​Дунікоўскага (Польшча), Дж.​Манцу (Італія), Ф.​Крэмера (Германія), В.​Мухінай (Расія) і інш.

На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.​Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл. Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.​Шрэтэр, графікі Г.​Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.​Аляшкевіч, Ц.​Бычкоўскі, А.​Главацкі, Я.​Дамель, С.​Заранка, К.​Карсалін, Ф.​Смуглевіч, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, графікі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, Т.​Кіслінг, Я.​Клямбоўскі, К.​Кукевіч, Ю.​Пешка, скульптары Я.​Астроўскі, К.​Ельскі, Р.​Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.​Альпяровіч, Я.​Кругер, Ю.​Пэн, А.​Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.​Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.​Ахрэмчык, А.​Бразер, Г.​Віер, В.​Волкаў, А.​Грубэ, К.​Змігродскі, М.​Станюта, М.​Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.​Азгур, А.​Анікейчык, Л.​Асядоўскі, А.​Бембель, М.​Будавей, С.​Вакар, Г.​Вашчанка, М.​Данцыг, Л.​Дударэнка, Я.​Зайцаў, М.​Кірэеў, П.​Крахалёў, А.​Кішчанка, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, В.​Маркавец, І.​Міско, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Пасюкевіч, Ю.​Піскун, В.​Пратасеня, І.​Пратасеня, А.​Пушкін, М.​Савіцкі, В.​Сахненка, У.​Стальмашонак, І.​Стасевіч, І.​Фяцісаў, Я.​Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.​Шаранговіч, А.​Шыбнёў, Л.​Шчамялёў і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;

Беларуская станковая графіка / Склад. В.​Ф.​Шматаў. Мн., 1978;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі.

К.​Брулоў. Партрэт графіні Ю.​Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.
А.​Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.
Да арт. Партрэт. П.​Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.
І.​Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.
Да арт. Партрэт. З.​Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.
У.​Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.
Да арт. Партрэт. М.​Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.
Да арт. Партрэт. М.​Будавей. А.​Макаёнак. 1985.
Да арт. Партрэт. Ю.​Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),

мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.

Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.​Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.​Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.

У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.​Гюго, А.​Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.​Санд, Э.​Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.​Р.​Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.​Ламарцін, А.​Мюсэ, Ш.​А.​Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.​Вордсварт, С.​Т.​Колрыдж, Р.​Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.​Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.​Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.​Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.​Г.​Вакенродэр, Наваліс, Л.​Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.​Брэнтана, Л.​Арнім, Г.​Кляйст, А.​Шаміса, Г.​Гейнэ, браты Грым, І.​Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.​Леапардзі, У.​Фоскала, А.​Мандзоні (Італія), Ш.​Пецёфі (Венгрыя), А.​Эленшлегера (Данія), Э.​Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.​Радзічавіча (Сербія), Я.​Колара (Чэхія), Я.​Краля (Славакія), В.​Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.​Ірвінг, Дж.​Ф.​Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.​Хотарн, Э.​По, Г.​Мелвіл, Г.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсан, Г.​Д.​Тора, Э.​Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.​Рылеева, В.​Кюхельбекера, А.​Адоеўскага, А.​Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.​Жукоўскага, Я.​Баратынскага, К.​Бацюшкава, І.​Казлова, А.​Пагарэльскага, Ф.​Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.​Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.​Лермантава і М.​Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.

У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел. рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.​Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.​Караткевіча, Я.​Брыля, І.​Навуменкі, А.​Карпюка і інш.

У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.

Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.​Гро. Ж.​Л.​Давід, П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Дам’е, Э.​Дэлакруа, Т.​Жэрыко, П.​П.​Прудон, Ф.​Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.​Рунге, І.​Г.​Фюслі), пейзаж (К.​Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.​Бонінгтан, Дж.​Констэбл, У.​Тэрнер) і ЗША (Дж.​Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.​Матэйка, П.​Міхалоўскі (Польшча), І.​Манес, І.​Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.​Брулова, Ф.​Бруні, Ф.​Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.​Іванава, П.​Фядотава.

На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.​Дмахоўскі, Я.​Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.​Бартэльса, Б.​Клямбеўскага, Я.​Манюшкі, Р.​Слізня, сфарміравалася творчасць М.​Э.​Андрыёлі.

У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.​А.​Гофмана, К.​М.​Вебера (Германія), Н.​Паганіні, Дж.​Расіні (Італія), Дж.​Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.​Шапэна (Польшча), Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Дж.​Меербера (Францыя), Ф.​Ліста (Венгрыя), В.​Беліні, Дж.​Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.​Брамса (Германія), А.​Брукнера, Х.​Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.​Малера (Аўстрыя), Р.​Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.​Вярстоўскі, пазней П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.​Метнер, А.​Скрабін, Вердзі, Ж.​Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл. Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.​Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.​Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.

Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел. нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.​Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).

Літ.:

Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;

История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;

Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;

Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;

Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;

Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;

Романтизм в музыке. Мн., 1999;

Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;

Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;

Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.

М.​С.​Рагачэўская (літаратура, выяўленчае мастацтва), В.​Я.​Буйвал (бел. выяўленчае мастацтва), А.​М.​Кулагін (архітэктура), Т.​А.​Цітова (музыка).

Да арт. Рамантызм. Э.​Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.
Да арт. Рамантызм. І.​Г.​Фюслі. Жах. 1790—91.
Да арт. Рамантызм. К.​Д.​Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.
Да арт. Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬШЧА (Polska),

Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, у басейне рэк Вісла і Одра. Мяжуе на З з Германіяй, на Пд з Чэхіяй і Славакіяй, на У з Літвой, Беларуссю і Украінай; на Пн абмываецца Балтыйскім м. і мяжуе з Калінінградскай вобл. Расіі. Пл. 312,7 тыс. км². Нас. 38,7 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — польская. Сталіца — г. Варшава. Падзяляецца на 16 ваяводстваў. Нац. святы — Дзень Канстытуцыі 1791 (3 мая), Дзень незалежнасці (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. П. — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1997. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы (выбіраецца на 5 гадоў праз усеагульныя выбары), і Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — парламент, які складаецца з 2 палат: сейма і сената. Дэпутаты сейма (460 чал.) і сенатары (100 чал.) выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Судовая ўлада аддзелена ад заканад. і выканаўчай улад. Вышэйшая суд. інстанцыя П. — Вярхоўны суд.

Прырода. П. пераважна раўнінная краіна, нізіны і раўніны займаюць каля 75% плошчы. На Пн паласа ўзгорыста-марэннага рэльефу з вял. колькасцю азёр (Паморскае і Мазурскае Паазер’і). У цэнтр. раёнах з 3 на У працягваюцца нізіны (Велікапольская, Шлёнская, Мазавецка-Падляская), на Пд ад іх — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы. На Пд горы: Карпаты з масівам Татры (г. Рысы, 2499 м), на ПдЗ Судэты (г. Снежка, 1602 м). П. багатая каменным (геал. запасы 130 млрд. т да глыб. 1200 м) і бурым (геал. запасы 40 млрд. т) вугалем, серай, меднай і свінцова-цынкавымі рудамі, каменнай соллю. Ёсць барыт, жал. руда, фасфарыты, невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы і З каля -1 °C, у цэнтр. раёнах і на У -3 °C, ў гарах каля -6 °C. Сярэдняя т-ра ліп. 17—19 °C; у гарах халадней. Ападкаў за год на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 1200—1500 мм. Найб. рэкі Вісла з Наравам, Одра з Вартай. З азёр найб. Снярдвы (113,8 км²) і Мамры (104,4 км²) у Мазурскім Паазер’і. Лясы і хмызнякі займаюць 29% тэр. У лясах пераважае хвоя, у Судэтах — елка, у Карпатах — хвоя, елка, бук. Асн. масівы лясоў на Пн, З, у гарах. Жывёльны свет: зубр, сарна, буры мядзведзь, рачны бабёр (усе ахоўваюцца), высакародны алень, дзік, лось, барсук, воўк, рысь, зайцы; з птушак фазан (ахоўваецца), глушэц, цецярук, курапатка, вадаплаўныя. У краіне 22 нац. паркі (буйнейшыя з іх Татранскі, Бяшчадскі, Карканешскі, Белавежскі), 106 ландшафтных паркаў, якія займаюць 9,3% пл. краіны. Белавежскі нац. парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 97% складаюць палякі, 0,5% — украінцы (ПдУ), 0,4% — беларусы (пераважна Падляскае ваяводства, цэнтр — г. Беласток). Жывуць таксама немцы, славакі, рускія, літоўцы, чэхі і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 95%). Сярэдняя шчыльн. 123,8 чал. на 1 км²: найб. ў горна-прамысл. раёне на Пд — да 300—400 чал. на 1 км², найменшая на ПнУ і Пн — каля 50 чал. на 1 км². Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве каля 62% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1999): Варшава — 1800, Лодзь — 1000, Кракаў — 850, Вроцлаў — 730, Познань — 660, Гданьск — 550, Шчэцін — 500. У прам-сці і буд-ве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 26%, у абслуговых галінах — 44%.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з эпохі палеаліту (рэшткі найб. стараж. паселішчаў у паўд. раёнах краіны). Ў 4—3-м тыс. да н.э. тут жылі фіна-угры, аб чым сведчаць і некат. тапонімы, напр., назва р. Нараў. У 3-м тыс. да н.э. сюды з Прычарнамор’я прыйшлі плямёны культуры стужачнай керамікі, у пач. 2-га тыс. да н.э. з’явіліся плямёны шнуравой керамікі культуры. З 1-га тыс. да н.э. найб. вядомая лужыцкая культура (вучоныя рэканструявалі іх стараж. паселішча на Біскупінскім воз.). Лужыцкія плямёны гандлявалі са стараж. рымлянамі (пераважна бурштынам), пра што сведчыць і карта стараж. Еўропы, складзеная К.Пталамеем, дзе пазначаны г. Calissia (цяпер г. Каліш). У канцы 2 ст. да н.э. складвалася пшэворская культура, носьбіты якой — аснова фарміравання зах. славян.

У пач. н.э. землямі П. намагаліся авалодаць стараж.-герм. плямёны, але продкі славян адстаялі тэр. паміж рэкамі Вісла і Лаба (Эльба). Розныя ч. П. насялялі паморы (гл. Памаране), ругі, мазуры, куявы (гл. Куявія), віслякі, апаляне, слянзакі, палякі (паляцы), смаляне, якія кантактавалі з этнічна блізкімі палабскімі славянамі, продкамі чэхаў і славакаў. Найб. развітымі былі памаране і паўд. плямёны. У Памор’і ўзніклі першыя польск. гарады (Бялоград, Слаўна, Гданьск, Шчэцін, Волін). У паўд., або Малой Польшчы (гл. Малапольшча), узнікла княства з цэнтрам у Кракаве. Віслінскі князь падпарадкаваў ч. Галіцыі і Сілезіі. Але ў 2-й пал. 9 ст. Малая П. трапіла пад уладу Вялікамараўскай дзяржавы. З Маравіі ў П. прыйшло і хрысціянства, у Кракаве ўтварылася епіскапства паводле візант. абраду. Этнічна блізкія стараж.-польскія плямёны ўдалося аб’яднаць у дзяржаву племя палян, якое жыло ў цэнтры Вялікай Польшчы. Ад іх паходзіць назва краіны і нацыі (Польска, паляцы). У канцы 9 ст. ў палян на чале ўлады зацвердзілася дынастыя Пястаў, першымі прадстаўнікамі якой былі князі Земавіт, Лешак, Земамысл. Пісьмовая гісторыя П. пачалася з 4-га князя з дынастыі Пястаў — Мешкі I. Ён заснаваў першую сталіцу П. — г. Гнезна, герб Пястаў (белы арол) стаў дзярж. гербам краіны. У 960-я г. Мешка аб’яднаў б.ч. тэр. сучаснай П., у т. л. ў саюзе з Чэхіяй і з дапамогай яе войска падпарадкаваў Шчэцін і інш. гарады Зах. Памор’я. Ажаніўшыся з чэш. князёўнай, Мешка I у 966 прыняў хрысціянства паводле лац. абраду ад герм. епіскапаў, і з гэтага часу П. стала каталіцкай краінай. Аб’яднанне польск. зямель завяршыў старэйшы сын Мешкі — Баляслаў I Храбры, які ў 999 падпарадкаваў Малую П. з Кракавам, а яшчэ раней адабраў у чэхаў Сілезію; у 1000 Баляслаў заснаваў у Гнезне першую касцельную мітраполію на польскіх землях. Пры Пястах пачалося фарміраванне польск. народнасці (зацвердзілася яе агульная саманазва — палякі) і яе нац. самасвядомасці, адзінай польскай мовы.

У 11—13 ст. дынастыя Пястаў падзялілася на кланы і страціла кантроль над цэнтр. уладай у краіне, пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дзяржава распалася на шэраг удзельных княстваў. Сілезія трапіла пад уладу Чэхіі, а Зах. Памор’е — герм. князёў. Міжусобіцы спусташалі краіну. У 1180 вял. кн. Казімір II склікаў у г. Лянчыца ўсяпольскі з’езд князёў, знатных шляхціцаў (рыцараў) і епіскапаў. З’езд замацаваў прывілеі і імунітэты магнатаў і шляхты, іх права спадчынна валодаць княствамі, валасцямі, маёнткамі. Удзелам вял. князя прызнаваліся Кракаў і ч. Малой П. Знешнепаліт. становішча польскіх зямель пагоршылася ў сувязі з экспансіяй крыжацкага Тэўтонскага ордэна (пасля 1226) і набегаў мангола-татараў (1241, 1259, 1287). Нягледзячы на знешнюю пагрозу і ўнутр. міжусобіцы, у 13 ст. большасць польск. гарадоў атрымала магдэбургскае права. Але гар. самакіраванне ў П. ўскладнялася праблемай ням. міграцыі (б.ч. гандляроў і рамеснікаў была перасяленцамі з Германіі).

Пэўныя юрыд. нормы існавалі і на вёсцы, у т. л. мясц. самакіраванне і суд. Сял. сем’і валодалі надзеламі памерам ад 15 да 50 га. З канца 13 ст. ў П. разгарнулася барацьба за аб’яднанне польск. зямель, якую ініцыіравалі князі Малой П. і г. Кракаў (сталіца краіны ў 11—16 ст.). Значных поспехаў у гэтым дасягнуў Уладзіслаў I Лакетак, які ў 1320 каранаваны польск. каралём. Справу кансалідацыі польскіх зямель працягваў яго сын Казімір III. Пры ім П. знаходзілася ў дынастычнай уніі з Венгрыяй (1370—82). У 14 ст. ў склад П. не ўваходзілі Сілезія і Памор’е, да 1526 самаст. княствам заставалася Мазовія. Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна абумовіла заключэнне з ВКЛ Крэўскай уніі 1385. У саюзе з ВКЛ П. ў выніку Грунвальдскай бітвы 1410 паспяхова спыніла крыжацкую экспансію. Унія паступова выклікала ўнутр. супярэчнасці (канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам, напружанасць паміж праваслаўнымі і католікамі з-за прывілеяванага становішча апошніх). Унія садзейнічала і ліквідацыі спадчыннай манархіі. Пасада караля стала выбарнай, а вышэйшая ўлада ў краіне перайшла да шляхецкага сейма (саслоўная манархія).

Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз П. з ВКЛ. З часоў падпісання каралём Казімірам IV Няшаўскіх статутаў 1454 у дзяржаве ўзмацнілася роля шляхты. У 15—16 ст. каралямі П. выбіраліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. У выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66 з Ордэнам П. вярнула сабе Усх. Памор’е з гарадамі Гданьск, Торунь, Эльбланг, пазней (1526) мірным шляхам далучана Мазовія з Варшавай (пасля 1596 гэты горад стаў сталіцай П.). У пач. 16 ст. запрыгонены польскія сяляне. З 2-й пал. 16 ст. знешняя палітыка П. была скіравана пераважна на У. Вял. спусташэнні нанесла краіне Паўночная вайна 1655—60. Пасля працяглых перагавораў з ВКЛ ва ўмовах Лівонскай вайны 1558—83 заключана Люблінская унія 1569, паводле якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Гэта дзяржава мела агульных караля і сейм, але ВКЛ захоўвала аўтаномію (уласныя выканаўчая ўлада ў Вільні, заканадаўства, фінансы, войска). Паводле дзярж. ладу Рэч Паспалітая фактычна была шляхецкай рэспублікай, каралі выбіраліся таксама з прадстаўнікоў еўрап. каралеўскіх дамоў (Генрых III Валуа, Стафан Баторый, Сігізмунд III Ваза). Паміж уласна П. і ВКЛ была таксама заключана царкоўная унія (гл. Брэсцкая унія 1596). У 17 ст. Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, Украінай, Расіяй, Турцыяй (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57, Польска-турэцкія войны 17 ст., Аліўскі мір 1660).

Унутры П. ўсё большую ўладу набывала шляхта (гл. Ліберум вета), што разам з крызісам фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вяло да паступовага заняпаду краіны. Значную ч. тэр. П. закранула Паўночная вайна 1700—21. Умяшанне ў справы аслабленай П. з боку Расіі (у т. л. з-за пытання аб дысідэнтах), а таксама Аўстрыі і Прусіі прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). У канцы 18 ст. ў П. мелі месца спробы ўнутр. рэформ (гл. Чатырохгадовы сойм 1788—92, Канстытуцыя 3 мая 1791). У 1793 Рас. імперыя і Прусія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў змушаны зацвердзіць сейм, скліканы ў Гродне (гл. Гродзенскі сейм 1793). Акупацыя краіны выклікала паўстанне 1794, якое ўзначальваў ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка (на бел. землях — Я.Ясінскі). Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога П. на працяглы час (да 1918) страціла дзяржаўнасць, а польскія землі і народ былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыят. сілы польскага грамадства не спынялі барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці, шукалі дзеля гэтага знешніх саюзнікаў, гуртаваліся ва ўмовах эміграцыі. Гэтай мэце павінны былі служыць легіёны польскія (каманд. ген. Я.Г.Дамброўскі), якія з 1797 ваявалі на баку Францыі. Частка польскай шляхты на чале з кн. А.Чартарыйскім арыентавалася на рас. імператара Аляксандра 1 у разліку на аднаўленне П., звязанай уніяй з Расіяй.

У час напалеонаўскіх войнаў утворана Варшаўскае герцагства (1807), у якім было скасавана прыгоннае права. Герцагства ўдзельнічала ў вайне 1812 супраць Расіі. Б.ч. гэтага васальнага ад Францыі дзярж. ўтварэння паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 была перададзена Рас. імперыі і склала Каралеўства Польскае.

Больш за 100 гадоў тры часткі П. (пад уладай Аўстрыі, Прусіі, Расіі) развіваліся паасобку. Цэнтрам нац.-вызв. руху заставалася Варшава. Але паўстанне 1830—31 і паўстанне 1863—64 таксама пацярпелі няўдачу. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўлады фактычна скасавалі аўтаномію Каралеўства Польскага (гл. Арганічны статут Каралеўства Польскага 1832). Нац.-вызв. паўстанні адбываліся і ў інш. частках П. — у Кракаўскай рэспубліцы (гл. Кракаўскае паўстанне 1846) і Пазнанскім вялікім княстве (гл. Пазнанскае паўстанне 1848). Пасля паўстання 1863—64 ад супрацоўніцтва з польскім нац.-вызв. рухам адышоў бел. нац.-вызв. рух. бо польскія патрыят. сілы сталі атаясамліваць паняцце «Рэч Паспалітая» толькі з П. На працягу 19 ст. ў П. фарміраваліся паліт. партыі і арг-цыі, у сувязі з пэўнай індустрыялізацыяй у польскіх землях актывізаваўся рабочы рух. У 1882 узнікла рабочая партыя «Пралетарыят», у 1893 — Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), у 1897 — Нацыянальна-дэмакратычная партыя (існавала да 1945), якая працяглы час мела вял. ўплыў у польскім грамадстве. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся магчымасці для аднаўлення дзяржаўнасці П. Гэтаму спрыялі дзейнасць польскай эміграцыі ў Парыжы (гл. Польскі нацыянальны камітэт), Ю.Пілсудскага, які абапіраўся на створаныя ім Польскія Легіёны, а таксама знешнія абставіны (паражэнне ў 1-й сусв. вайне Аўстрыі і Германіі, Кастр. рэвалюцыя 1917 у Расіі). 11—14.11.1918 ваен. і цывільную ўладу ў Варшаве ўзначаліў Пілсудскі. Пры ўрадзе І.Падарэўскага П. падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога незалежнасць краіны прызнала Антанта. Але ў склад адноўленай П. ўвайшлі не ўсе польскія землі, П. атрымала абмежаваны выхад да Балт. мора праз т.зв. «Польскі калідор». У выніку польска-сав. вайны 1919—20 (у час вайны адбылася буйная Варшаўская аперацыя 1920) і Рыжскага мірнага дагавора 1921 у склад П. ўключаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Спрэчкі паміж П. і Літвой адносна дзярж. прыналежнасці Вільні і Віленскага краю выклікалі Віленскі канфлікт 1920—39.

17.3.1921 прынята канстытуцыя адноўленай П. (Другой Рэчы Паспалітай), што замацавала рэсп. лад краіны. Пры гэтым Другая Рэч Паспалітая (1918—39) была унітарнай дзяржавай, дзе, нягледзячы на фармальную юрыд. роўнасць, нярэдка парушаліся правы нац. меншасцей — беларусаў, украінцаў, яўрэяў і інш., якія разам складалі больш за 30% яе насельніцтва. Пасля дзярж. перавароту 12—14.5.1926 у П. ўстаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым». Да мая 1935 фактычным дыктатарам быў Пілсудскі, прэзідэнтам у 1926—39 з’яўляўся І.Масціцкі. У міжваен. перыяд П. рабіла захады па ўмацаванні сваёй бяспекі, у т. л. заключыла германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе. П. была першай краінай, у якую ўварваліся і развязалі гэтым 2-ю сусв. вайну ўзбр. сілы нацысцкай Германіі (гл. Польская кампанія 1939). Адначасова ў вер. 1939 у выніку паходу сав. войск і паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Зах. Беларусь і Зах. Украіна далучаны да СССР (з-за гэтага польскі ўрад у эміграцыі да нападу Германіі на СССР лічыў сябе ў стане вайны і з СССР). У кастр. 1939 Сав. Саюз перадаў Віленскі край Літве. Нягледзячы на ўстаноўлены ў П. ням. войскамі жорсткі акупац. рэжым (дзейнічалі канцлагеры Асвенцім, Майданак і інш. «фабрыкі смерці», усяго за ваен. час загінула каля 6 млн. грамадзян П.), унутры краіны і па-за яе межамі разгортвалася вызваленчая вайна польскага народа 1939—45. У 1940 у СССР загінула некалькі тысяч інтэрніраваных там польскіх афіцэраў (гл. Катынь).

У гады 2-й сусв. вайны ў польскім руху Супраціўлення склаліся кірункі нацыянальны (узначальваў эмігранцкі ўрад, якому падпарадкоўваліся Армія Краёва, Андэрса армія і інш.) і камуністычны (абапіраўся на Гвардыю Людову, Саюз польскіх патрыётаў у СССР і інш. сілы). Прыкладамі антыфаш. супраціўлення і мужнасці грамадзян П. былі Варшаўскае паўстанне 1943 (паўстанне вязняў у Варшаўскім гета) і Варшаўскае паўстанне 1944. У ходзе вызвалення тэр. П. сав. войскамі, з якімі ўзаемадзейнічала Першая польская пяхотная дывізія імя Т.​Касцюшкі, уладу ў краіне ажыццяўлялі Краёва Рада Нарадова (існавала ў 1944—47) і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, што арыентаваліся на Сав. Саюз і не падтрымлівалі ўрад С.Мікалайчыка. Замацаванню знешнепаліт. арыентацыі П. на СССР садзейнічалі рашэнні Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945. Паводле рашэнняў гэтых канферэнцый устаноўлены і сучасныя межы польскай дзяржавы, у т. л. на польска-бел. сумежжы (гл. Савецка-польскі дагавор 1945). На працягу 1944—47 (поўнасцю землі П. вызвалены ад ням. войск да мая 1945) у П. ўстаноўлена фактычна аднапарт. сістэма (у 1948 засн. Польская аб’яднаная рабочая партыя; ПАРП) і разгорнуты эканам. пераўтварэнні на ўзор СССР (нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прам-сці, спробы калектывізацыі вёскі і інш.). Насаджэнне сацыялізму ў П. выклікала стыхійныя выступленні рабочых у Познані супраць ваяводскіх улад, мясц. к-та ПАРП і службы бяспекі (1956). У 1956 новым кіраўніком партыі стаў У.Гамулка, які крыху лібералізаваў курс на пабудову ў П. сацыяліст. грамадства. У знешнеэканам. і знешнепаліт. адносінах П. была членам Савета эканамічнай узаемадапамогі (1949—91), Варшаўскага дагавора 1955 (да 1991, на тэр. П. размяшчалася Паўн. група сав. войск). Згажэліцкі дагавор 1950 з ГДР і дагавор ад 7.12.1970 аб нармалізацыі адносін з ФРГ пацвердзілі ўстаноўленыя пасля 2-й сусв. вайны межы П. з гэтымі краінамі. Сац. нестабільнасць і ідэалаг. ўціск з боку парт. і дзярж. органаў выклікалі антыўрадавыя выступленні моладзі ў Варшаве (1968), рабочых у Гданьску і Гдыні (1970), Шчэціне (1971) і інш. гарадах (1976, 1980), якія былі жорстка задушаны ўладамі. У 1970—80 лідэрам ПАРП быў Э.Герак. У сярэдзіне 1970-х г. незадаволенасць у грамадстве эканам. сітуацыяй выклікала забастоўкі і дэманстрацыі рабочых. У абарону рэпрэсіраваных рабочых выступілі каталіцкая царква і апазіц. групоўкі, скансалідаваныя пратэстамі супраць змен у канстытуцыі (у 1976 створаны К-т абароны рабочых, у 1977 Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна). Вял. ўплыў на грамадскія настроі мела абранне ў 1978 польскага кардынала К.​Вайтылы папам рымскім (гл. Іаан Павел II), які ў 1979 наведаў П. У 1980 на хвалі забастовачнага руху ўзнік незалежны прафсаюз «Салідарнасць» (яго старшынёй з 1981 быў Л.Валенса).

Ва ўмовах канфрантацыі з апазіцыяй улады П. ўвялі ў краіне ваен. становішча (дзейнічала ў 1981—83). У 1980-я г. партыю і ўрад узначальваў ген. В.Ярузельскі (у 1989—90 прэзідэнт П.). Пошукам шляхоў дасягнення нац. згоды ўнутры П. спрыялі і знешнія ўмовы (палітыка перабудовы ў СССР, дэмакр. змены ў дзяржавах Усх. Еўропы). Пасля правядзення «круглага стала» паміж прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі (1989) у П. адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамаглі апазіц. сілы. У пач. 1990 ПАРП самараспусцілася, ч. яе актыву (пераважна моладзь) утварыла Сацыял-дэмакратыю Рэспублікі П. У снеж. 1989 сейм прыняў сучасную назву дзяржавы — Рэспубліка П. (замест Польская Нар. Рэспубліка), дэнансаваў дагавор аб саюзе з СССР. Пры першым некамуніст. урадзе на чале з Ў.Мазавецкім (1989—90) пачалося ажыццяўленне праграмы радыкальных ліберальных пераўтварэнняў у гаспадарцы (т.зв. план Л.Бальцаровіча, або «шокавая тэрапія») з мэтай стварэння ў П. эфектыўнай рыначнай і сацыяльна арыентаванай эканомікі. У выніку першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў (канец 1990) прэзідэнтам стаў Валенса, у 1995 яго змяніў А.Квасьнеўскі (перавыбраны ў 2000). У 1997 прынята сучасная канстытуцыя П., якая гарантуе і выкананне нац.-культ. правоў нац. меншасцей. У 1990-я г. краіна дасягнула значных сац.-эканам. поспехаў (утаймаванне інфляцыі і стабілізацыя курсаў нац. грашовай адзінкі — злотага, рэфармаванне сістэмы сац. абароны насельніцтва, стварэнне больш як 100 недзяржаўных ВНУ і інш.). У знешняй палітыцы П. імкнецца да інтэграцыі ў еўрап. рэгіянальныя і транснац. арг-цыі, умацавання гандл.-эканам. і культ. сувязей з суседнімі дзяржавамі, у т. л. з Беларуссю. Апошнія гады на чале ўлады знаходзіцца кааліцыя Уніі Вольнасці і Выбарчай акцыі Салідарнасці. П. — чл. ААН (з 1945), «Вішэградскай групы» (з 1990—91), Савета Еўропы (з 1991), НАТО (з 1999), асацыіраваны партнёр Зах.-еўрап. і Еўрап. саюзаў (абодвух з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 2.3.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Выбарчая акцыя Салідарнасць, Польская сял. партыя, Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі П., Саюз свабоды, Хрысц.-нац. аб’яднанне, Канфедэрацыя незалежнай П., Рух за адраджэнне П., Хрысц. дэмакратыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, Нар.-дэмакр. партыя, і інш. Інтарэсы беларусаў у П. прадстаўляе Бел. дэмакр. аб’яднанне. Найбуйнейшыя прафес. аб’яднанні — Усяпольскае пагадненне прафес. саюзаў, Незалежны самакіравальны прафес. саюз «Салідарнасць», Агульнапольскі прафсаюз сялян, сял. аб’яднанняў і арг-цый.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. дзяржава з сярэднім узроўнем развіцця. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 263 млрд. дол., каля 6800 дол. на чалавека. 26,6% ВУП атрымліваюць у прам-сці, 5,1% — у сельскай гаспадарцы, 68,3% — у сферы паслуг. Пераход да рыначнай эканомікі ў П. быў параўнальна доўгі і складаны. Лібералізацыя эканомікі праведзена ў 1990, дадатныя зрухі пачаліся з 1992. У 1995—98 умовы для развіцця эканомікі былі вельмі спрыяльныя, штогадовы рост ВУП склаў 6—8%, узровень інфляцыі не перавышаў 10%. У гэты перыяд ажыццёўлена структурная перабудова ў прам-сці, доля сыравінных і энергаёмістых галін зменшылася, павялічылася доля перапрацоўчых галін. У буд-ве і гандлі прыватны сектар складае 90%, у прам-сці — 60%. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі. За 1989—99 іх аб’ём склаў 35,5 млрд. долараў. Створаны 17 свабодных эканам. зон з удзелам капіталаў ЗША і краін Еўропы. Ліквідаваны нярыначныя формы тавараабароту, сістэма цэнтралізаванага планавання. У прамысловасці развіты паліўна-энергет. комплекс, які базіруецца ў асн. на ўласных рэсурсах. Здабыча каменнага вугалю 111,9 млн. т (1999, Верхнесілезскі і Ніжнесілезскі басейны), бурага — 60,8 млн. т (басейны ў цэнтр. і зах. раёнах). Экспарт каменнага вугалю склаў 25 млн. т (1998, 2-е месца ў свеце). Нафта пераважна імпартная, каля 40% яе паступае з Расіі. Буйнейшыя нафтаперапр. з-ды ў Плоцку і Гданьску. Вытв-сць бензіну 3,9 млн. т, дызельнага паліва 6,1 млн. т, мазуту 4,7 млн. т (1999). Прыродны газ паступае з Расіі, здабыча ўласнага (Перадкарпацце і марскі шэльф) склала 4,7 млрд. м³ (1999). Вытв-сць электраэнергіі 140 млрд. кВтгадз. (1999), у т. л. 97% на ЦЭС, 3% на ГЭС. Чорная металургія прадстаўлена буйнымі камбінатамі «Катавіцы» ў г. Дамброва-Гурніча і «Нова-Гута» ў г. Кракаў. Сталь выплаўляюць таксама ў Варшаве, Сталёва-Волі, Чанстахове, Глівіцах і інш. Вытв-сць (1999) сталі 8,8 млн. т, пракату 6,3 млн. т. Жалезная руда паступае пераважна з Украіны, Расіі, Бразіліі, Швецыі. Каляровая металургія прадстаўлена ў асн. свінцова-цынкавай і меднай прам-сцю. Цэнтр здабычы свінцу і цынку — г. Бытам (Сілезска-Кракаўскі басейн), іх перапрацоўкі — гарады Глогаў і Лягніца. Здабыча медзі на ПдЗ краіны, вытв-сць з уласнай сыравіны 470 тыс. т (1999, 1-е месца ў Еўропе). Выплаўляецца серабро, кадмій, кобальт, ванадый, золата і інш. Выплаўка алюмінію — 46,7 тыс. т (1999). З інш. галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча серы (1,2 млн. т, 1999, цэнтр — г. Тарнобжаг), каменнай солі (каля 4—5 млн. т штогод, цэнтр — г. Інавроцлаў), барыту, буд. матэрыялаў.

Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (больш за 30% занятых у прам-сці); вылучаюцца транспартнае: вытв-сць (1997) легкавых (522 тыс.) і грузавых (60,2 тыс.) аўтамабіляў (Варшава, Люблін, Старахавіцы, Бельска-Бяла, Кельцы, Тыхы); марскіх і рачных суднаў (Гдыня, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Тчэў); рухавікоў для суднаў (Познань, Гданьск), лакаматываў і вагонаў (Вроцлаў, Познань), авіятэхнікі (Варшава, Жэшаў, Свіднік), матацыклаў і веласіпедаў (Быдгашч, Свіднік) і інш. Развіта станкабудаванне (Варшава, Вроцлаў, Быдгашч, Познань, Лодзь, Катавіцы), вытв-сць с.-г. і дарожнай тэхнікі. Вялікае значэнне мае вытв-сць быт. электратэхнікі (1999): пральных (352 тыс.) і швейных машын (58,7 тыс.), быт. халадзільнікаў (726 тыс.), пыласосаў (1,2 млн.), тэлевізараў (5,1 млн.) і інш. Хім. прам-сць вылучаецца выпускам прадукцыі неарган. хіміі на базе ўласнай сыравіны: сернай кіслаты, фосфарных і азотных угнаенняў, каўстычнай соды; гал. цэнтры — Гданьск, Тарнобжаг, Хожаў. Развіта вытв-сць хім. валокнаў (85,8 тыс. т, 1999) у Торуні, Лодзі, Шчэціне і інш. У 1999 выпушчана 15,9 млн. шын для легкавых і грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Вял. цэнтры шыннай і гумавай прам-сці — гарады Ольштын, Познань, Лодзь, Грудзёндз, Бялхатаў. Ёсць вытв-сць лакаў, фарбаў, лекаў. Развіта вытв-сць цэменту — 15,3 млн. т (1999). П. мае значную дрэваапр. прам-сць, асабліва вытв-сць мэблі. Вытв-сць (1999) піламатэрыялаў з хвойных парод 2,3 млн. м³, з лісцевых — 448 тыс. м³. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва выпуск тканін (388 млн. м², 1997, ​1/3 іх вырабляецца ў г. Лодзь), абутку (43,9 млн. пар, 1999), трыкатажу і швейных вырабаў. З галін харчасмакавай і харч. прам-сці вылучаюцца (1999) тытунёвая (94,6 млрд. папярос і цыгарэт), алейная (699 тыс. т алею), цукр. (1,8 млн. т цукру), малочная (133 тыс. т масла), вінна-гарэлачная (736 тыс. дэкалітраў гарэлкі), піваварная. Развіты шкляная, фарфора-фаянсавая, паліграф., парфумерная, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў прам-сць. Выраб муз. інструментаў (Лягніца, Каліш і інш.).

У сельскай гаспадарцы пераважае дробнатаварны ўклад. С.-г. ўгоддзі займаюць 18,5 млн. га, або 59,2% тэр. краіны, з іх 14,1 млн. га ворыва (1997). Прыкладна 50% апрацаваных зямель займаюць гаспадаркі пл. да 5 га. Асн. с.-г. культуры (пасяўныя пл., млн. га, 1999): пшаніца — 2,6, жыта — 2,3, ячмень — 1,2, авёс і трыцікале — па 0,6, зернебабовыя — 1,4. Валавы збор збожжа (1997) склаў 24,3 млн. т, ураджайнасць 28,7 ц/га, у т. л. пшаніцы — 8,2 млн. т, ураджайнасць 35,7 ц/га. Пад бульбай 1,3 млн. га, збор (1997) 27,2 млн. т, ураджайнасць 203 ц/га. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі — 16 млн. т (1997), ураджайнасць 392 ц/га, рапс, лён, тытунь. Валавы збор гародніны 5,3 млн. т, пладоў і ягад — 2,6 млн. т (1997). Сярод краін Еўропы П. вылучаецца значнай вытв-сцю хмелю і фасолі. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак. Гадуюць (1999, млн. галоў): буйн. раг. жывёлу —6,1 (у т. л. кароў 3,3), свіней — 18,2, авечак і коз — каля 0,5. Вытв-сць (1997) мяса ў забойнай вазе 1,2 млн. т, малака 12,1 млн. т (сярэдні надой ад адной каровы 3506 л за год), яек — 7,7 млрд. штук, настрыг воўны — 2 тыс. т.

Транспарт — чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1998) чыгунак 24,3 тыс. км (каля палавіны электрыфікавана), аўтадарог 377 тыс. км, унутр. водных шляхоў 3,8 тыс. км, газаправодаў 17 тыс. км, нафтаправодаў 2,3 тыс. км. Гал. марскія парты Гданьск, Гдыня, Калобжаг, Шчэцін, Свінауйсьце; рачныя — Глівіцы, Варшава, Вроцлаў. У марскім флоце 61 карабель агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. т (1998). У перавозках грузаў 58,9% прыпадае на аўтатранспарт, 29,6% — на чыгуначны, у перавозках пасажыраў 71,4% — на аўтатранспарт, 28,2% — на чыгуначны. У краіне 74 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Варшавы, Лодзі, Вроцлава, Кракава, Гданьска. У 1999 экспарт склаў 27,4 млрд. дол., імпарт — 45,9 млрд. дол. Гал. тавары экспарту: каменны вугаль, сера, каляровыя металы, прадукцыя машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, лекі. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, сыравіна для чорнай металургіі, харч. тавары, разнастайнае абсталяванне, трансп. сродкі, хім. прадукты. Важнейшыя гандл. партнёры: Германія (32,9% экспарту, 24,1% імпарту), Італія (адпаведна 5,9 і 9,9%), Расія (8,4% і 6,3%), Францыя (4,4% і 5,9%), Вялікабрытанія, Украіна, Нідэрланды, ЗША і інш. Гандл. абарот Беларусі з П. склаў (1999) 422,3 млн. долараў, у т. л. экспарт 208,3 млн. дол. і імпарт 214 млн. дол. Беларусь пастаўляе хім. валокны і ніці, казеін, трактары, калійныя ўгнаенні, некат. віды сыравіны і тавары нар. ўжытку; атрымлівае з П. акумулятары, помпы, абутак, харч. тавары, лекі і інш. Значную ролю ў выраўноўванні гандл. балансу адыгрывае замежны турызм. П. ў 1998 займала 8-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў — 18,8 млн. чал., даходы ад турызму склалі 8,4 млрд. дол. Грашовая адзінка — злоты.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (205 тыс. чал., 2000) і ваенізаваныя фарміраванні (33 тыс. чал.), у т. л. войскі МУС і адміністрацыі (10 тыс. чал.), пагран. аховы (20 тыс. чал.), фарміраванні грамадз. абароны (каля 3 тыс. чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе міністр абароны (цывільная асоба), аператыўнае кіраванне (баявая падрыхтоўка, тылавое забеспячэнне, мабілізацыйная работа) — нач. ген. штаба. Камплектаванне паводле закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Тэрмін абавязковай ваен. службы — 12 месяцаў. Тэр. П. падзелена на 2 ваен. акругі — Паўночную (Быдгашч) і Паўднёвую (Вроцлаў). У сухап. войсках 138 тыс. чал., 1 аэрамабільны корпус, 7 дывізій, у т. л. 5 механізаваных, 1 танкавая, 1 аховы ўзбярэжжа, а таксама 12 асобных брыгад, з якіх 2 горна-пяхотныя, 1 танк., 2 дэсантна-штурмавыя і інш. На ўзбраенні 50 пускавых установак аператыўна-тактычных і тактычных ракет, 1730 танкаў, 1440 баявых браніраваных машын, каля 1600 адзінак палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і інш. У ВПС і войсках ППА, якія з’яўляюцца (з 1989) адзіным відам узбр. сіл, 2 корпусы, 50 тыс. чал., 340 баявых самалётаў, да 245 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, да 100 верталётаў і інш. У ВМС, якія ўключаюць флот, авіяцыю ВМС, камандаванні берагавой абароны і раёна базіравання ВМС на Балтыйскім м., 17 тыс. чал., 42 баявыя караблі (3 падводныя лодкі, 1 эсмінец, 1 фрэгат, 4 карветы, 24 тральшчыкі і інш.), 26 баявых катэраў, 39 дапаможных суднаў, 45 баявых самалётаў, 10 верталётаў. Асн. базы ВМС: Гдыня, Гэль, Свінауйсьце, Калобжаг і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў (2000). Смяротнасць 9,7 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 180 чал., урачамі — 1 на 436 чалавек. Узровень нараджальнасці — 10,6 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,089%. Дзіцячая смяротнасць у 1971 складала 29,7, у 1999—12,8 на 1 тыс. нованароджаных. Вядуцца рэформы з мэтай стварэння свабоднага рынку мед. паслуг. Дзярж. статут 1998 аб забеспячэнні аховы здароўя прадугледжвае пашырэнне самафінансавання, права свабоднага выбару хворым урача і бальніцы. Ствараюцца т.зв. Касы хворых (рэгіянальныя, галіновыя і інш.), якія з’яўляюцца ўстановамі самакіравання і фінансуюцца ў памеры 7,5% ад даходаў падаткаплацельшчыкаў. Існуе прыватная медыцына.

Асвета. Сістэма адукацыі П. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. З 1998/99 навуч. г. ў П. пачалася рэформа сістэмы адукацыі, паводле якой у агульнаадук. школе ўведзены 4 ступені адукацыі з 3-гадовым тэрмінам навучання на кожнай з іх. 1-я ступень — пач. школа для дзяцей з 7-гадовага ўзросту (інтэграванае навучанне); 2-я — базавая школа (блокавае навучанне); 3-я — гімназія (прадметнае навучанне выраўноўвання); 4-я — ліцэй (профільнае навучанне, якое заканчваецца дзярж. экзаменам і атрыманнем атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі). Пасля гімназіі можна атрымаць у прафес. школе рабочую прафесію або пасля дадатковага 2-гадовага курса — атэстат. Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, вышэйшыя школы. Званне ліцэнцыята можна атрымаць пасля 3—3,5 года навучання ў ВНУ, інжынера — 3,5—4, магістра — 5 гадоў прафес. падрыхтоўкі. У 1998/99 навуч. г. ў дашкольных установах 492,8 тыс. дзяцей; больш за 21 тыс. агульнаадук. школ, у т. л. каля 40 бел., працуюць 2 бел. ліцэі (5551,3 тыс. дзяцей); 7660 сярэдніх спец. навуч. устаноў (1565,5 тыс. навучэнцаў); 120 ВНУ (1,2 млн. студэнтаў, у т. л. замежных 5541, з іх 693 з Беларусі). Найбуйнейшыя ВНУ: Ягелонскі універсітэт і Эканам. акадэмія ў Кракаве; Вроцлаўскі ун-т (з 1702); Варшаўскі універсітэт, Мед. акадэмія, Варшаўская палітэхніка, Вышэйшая гандл. школа (усе ў Варшаве); Ун-т імя А.​Міцкевіча ў Познані (з 1919); Каталіцкі ун-т (з 1918) і Ун-т М.​Кюры-Складоўскай (з 1944) у Любліне; Ун-т М.​Каперніка ў Торуні (з 1945) і інш. Найбольшыя б-кі: Ягелонская (з 1364; выконвае функцыю нац. б-кі), Польская нацыянальная бібліятэка ў Варшаве (з 1928; 7 млн. экз.), Варшаўскага ун-та (з 1817; каля 2,5 млн. экз.), Ун-та імя А.​Міцкевіча (з 1902), «Ossolineum» (з 1817 у Львове, з 1945 у Вроцлаве), Польск. АН у Варшаве і інш. Музеі: Нац. (з 1862; мае філіялы ў Вілянаве, Лазенках, Нябораве), Каралеўскі замак (з 1980) у Варшаве; экспазіцыя на Вавелі, Ягелонскага ун-та, археал., гіст., этнагр. музеі (усе ў Кракаве); Нац. музей у Вроцлаве (з 1948), Нац. музей у Познані (з 1857); Музей Ф.​Шапэна ў Жалязова-Волі; кляштар на Ясна-Горы ў Чанстахове; Замкавы комплекс у Мальбарку (з 1961), каралеўскія замкі ў Пяскова-Скале і Любліне, Дзярж. музеі Асвенцім-Бжазінка (з 1947), Мазавецкі ў Плоцку (з 1821) і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў Польск. АН, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у П. больш за 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя штодзённыя газеты: «Gazeta Wyborcza» («Выбарчая газета», з 1989), «Rzeczpospolita» («Рэспубліка», з 1982), «Życie Warszawy» («Жыццё Варшавы», з 1944), «Kurier Polski» («Польскі кур’ер», з 1957), «Trybuna» [«Трыбуна»; у 1948—90 наз. «Trybuna Ludu» («Трыбуна народа»)], штотыднёвікі — «Nie» («Не», з 1990), «Polityka» («Палітыка», з 1957), «Wprost» («Супраць», з 1982). Бел. перыяд. выданні: штотыднёвік «Ніва» (з 1956), часопісы «Сустрэчы» (з 1987), «FOS» («ФОС», з 1989), «Czasopis» («Часопіс», з 1990), «Дыскусія» (з 1993) і інш. Інфарм. агенцтвы — Польскае агенцтва друку і Польскае інфарм. агенцтва (ПІА; у 1967—91 наз. Польскае агенцтва Інтэрпрэс). Працуюць службы «Польскае тэлебачанне AT» і «Польскае радыё АТ» (абедзве з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нац. савет па радыёвяшчанні і тэлебачанні (з 1992). Тэле- і радыёвяшчанне ўключае каналы агульнанац., асобных ваяводстваў і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. Дзейнічаюць 36 тэлецэнтраў, у т. л. 11 дзярж., і 167 радыёстанцый, у т. л. 17 дзяржаўных. Тэлебачанне з 1952 (рэгулярнае з 1953). Перадачы трансліруюцца па 3 дзярж. каналах (ТВП 1, ТВП 2, «Палонія»). З 1993 існуюць камерцыйныя каналы («Польсат», «Канал +», «РТЛ-7» і інш.). Радыёвяшчанне вядзе перадачы па 4 каналах, у т. л. на замежжа. З 1990 развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне (Радыё Зэт і інш.). У Беластоку працуе радыё «Рацыя» (з 2000 бел. праграмы трансліруюцца на Беларусь). Перадачы вядуцца таксама на англ., франц., ням., італьян., ісп., фін., швед., араб. і эсперанта мовах. П. належыць да еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі ЭУТЭЛСАТ (з 1990).

Літаратура. Развіваецца на польскай мове. Л-ра дахрысц. перыяду амаль не захавалася. Стараж. польская л-ра (966 — пач. 19 ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва. Л-ра сярэднявечча (11—15 ст.) развівалася на лац. мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 11 ст. Асн. жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вял. ролю ў станаўленні польскай л-ры адыгралі летапісы і гіст. хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі (?, 14 ст.), які выкарыстаў стараж. слав. паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсх. славян) і зах.-еўрап. эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ун-т. Найб. значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Я.​Длугаша. Разам з вучонай лац. л-рай узнікла л-ра на польскай мове: з сярэдзіны 13 ст. рэліг. зместу (пераклады, гімны), з 15 ст. — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом» П.​Слоты, дыялогі). У эпоху Адраджэння (16 ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў з лац., чэш. і ням. моў, першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Я.​Паркашовіц) і граматыцы (П.​Статорыус-Стаенскі). Працы М.Каперніка і А.Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусв. навукі і грамадскую думку. Побач з лац. паэзіяй (К.​Яніцкі) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся паліт., сац., рэліг. і быт. праблемы. М.​Рэй у «Кароткай гутарцы» (1543) і «Зярцале» (1568) адстойваў паліт. інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Я.Каханоўскі, які заклаў асновы нац. паэзіі. На мяжы 16—17 ст. росквіту дасягнула гарадская л-ра: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (С.​Ф.​Клёнавіч, Ш.​Шымановіч) і т.зв. савізжальская, мяшчанска-плебейская л-ра (гумарэскі, песні, драм. сцэнкі, інтэрмедыі). 17 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд польскага барока. У выніку феад. анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў л-ры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык М.Сарбеўскі, паэт і перакладчык Я.​А.​Морштын, драматург С.​Любамірскі). Шляхецкую л-ру прадстаўлялі паэт В.​Патоцкі, празаік В.​Кахоўскі, мемуарыст Я.​Х.​Пасек. Л-ра эпохі Асветніцтва (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літ.маст. і грамадска-паліт. часопісы, створаны публічная б-ка і нац. т-р (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» В.Багуслаўскі, Ю.У.Нямцэвіч). Пісьменнікі-класіцысты І.Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), А.Нарушэвіч, С.​Трамбецкі, Ф.​Заблоцкі, Т.​К.​Венгерскі ў сатыр. і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў. Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Ф.Д.Князьнін, Ф.Карпінскі). На мяжы 18—19 ст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам зах.-еўрап. л-ры (А.​Фялінскі, К.​Брадзінскі, Нямцэвіч).

Л-ра 19 ст. развівалася ва ўмовах нац. і сац. прыгнёту з боку рус. царызму, аўстр. і ням. манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нац.-вызв. паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—31, 1863—64. Рамант. кірунак у л-ры звязаны з творчасцю А.Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэв.-вызв. ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Ю.Славацкага — заснавальніка рамант. драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў А.Фрэдра, да гіст. хрысц. праблематыкі звяртаўся З.Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Ц.К.Норвіда. У цыкле раманаў пра айч. гісторыю Ю.А.Крашэўскага (заснавальніка польскай рэаліст. прозы), творах Ю.Кажанеўскага, У.Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі. Пасля паражэння паўстання 1863—64 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Л-ра зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сац. праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. З твораў Э.Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэаліст. рамана. Гал. тэма сац. паэзіі М.Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сац. расслаення грамадства прысвечана творчасць В.Пруса; майстрам гіст. эпікі з моцнай патрыят. тэндэнцыяй быў Г.Сянкевіч. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай л-ры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча». Актывізаваліся рэаліст. тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Гал. месца заняла паэзія (К.Тэтмаер, Я.Каспровіч, Б.Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Л.Стаф. Сац. завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы С.Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў В.​Берант. Тэма сялянства і сац. расслаення вёскі — гал. ў творчасці У.Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах А.​Струга, З.Налкоўскай. Драмы С.Выспянскага, І.Міцінскага адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філас. абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці. Пасля атрымання П. незалежнасці (1918) у яе л-ры ішла вострая ідэалаг. барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Зах. Еўропы. Уплывала на л-ру і каталіцтва. Аднак развіццё л-ры вызначалі дэмакр. і рэаліст. тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х г. адбывалася ідэйна-эстэт. дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Ю.Тувім, Я.Івашкевіч, А.​Сланімскі). Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Б.​Ясенскага, Ю.​Пшыбася, Т.​Пэйпера. Вакол час. «Kultura robotnicza» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (У.Бранеўскі, Ясенскі). У сац.-паліт. прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваен. жыцця (раманы Жаромскага, Налкоўскай, Струга, Ю.​Кадэн-Бандроўскага). У драмах С.А.Віткевіча назіраліся гратэскава-сатыр. тэндэнцыі. Адметная рыса л-ры 1930-х г. — росквіт рамана: сац.-псіхалагічнага (М.Дамброўская, Налкоўская), псіхалагічнага (М.​Кунцэвіч, А.​Рудніцкі), гістарычнага Д.Кручкоўскі, Івашкевіч, З.​Косак-Шчуцкая), рэв.-пралетарскага (В.Васілеўская, Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакумент. (П.​Гаявічынская, З.​Унілоўскі). Блізкай да л-ры натуралізму была група «Прадмесце» (1933—37), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Г.​Багушэўская, Е.​Карнацкі, Г.​Марцінак). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Віткевіча, Тувіма, Пшыбася, Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатыр. прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (В.Гамбровіч, Б.​Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Е.​Шаняўскі, Налкоўская).

У гады 2-й сусв. вайны пераважалі канспіратыўныя перыяд. выданні, малыя формы дакумент. прозы і паэзія (К.​К.​Бачынскі, Стаф, М.​Жулаўскі). У эміграцыі выдавалі свае творы Тувім, Бранеўскі, Сланімскі (на Захадзе), Васілеўская, Л.​Шэнвальд, Е.​Путрамант (у СССР). У першыя пасляваен. гады вядучая роля належала рэаліст. прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Налкоўскай, В.​Жукроўскага, Путраманта, Івашкевіча, Е.Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (С.​Шмаглеўская, Налкоўская, К.​Жывульская, Т.​Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гіст. і сац.-псіхал. аспектах (К.Брандыс, І.​Неверлі, Дамброўская, В.Мах, Т.​Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (М.​Яструн, Е.​Брашкевіч). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю К.Галчынскага, Бранеўскага, Пшыбася, Яструна. У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфаш. тэматыка (Кручкоўскі, Голуй, С.​Атвіноўскі), авангардная плынь прадстаўлена творамі Гамбровіча, Шаняўскага. Пасля 1956 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гіст. і сац. абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутр. свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Т.​Брэза, К.​Брандыс, А.​Рудніцкі). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе маст. і жанравае абнаўленне (Ю.Кавалец, Івашкевіч, Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Т.​Новака, В.Мысліўскага, Э.​Радлінскага. Да падзей 2-й сусв. вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Р.​Братны, Б.​Чэшка, М.​Белашэўскі. Побач з творамі пра сучаснасць (Т.Канвіцкі) развіваецца гіст. і гісторыка-біягр. раман (Я.​Бахенскі, Т.​Парніцкі, У.​Л.​Тарлецкі, Л.​Электаровіч, Я.Парандоўскі), папулярная філас. фантастыка С.Дема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы М.​Хласкі, раманы Л.​Гамаліцкага, Маха, Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і маст. пошукамі (Ч.Мілаш, Івашкевіч, Т.​Ружэвіч, В.Шымборская, С.​Граховяк, З.​Герберт). У драматургіі развіваецца рэаліст. (Брашкевіч, Кручкоўскі, Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (С.Мрожак, Гамбровіч, Ружэвіч, І.​Ірадынскі) кірункі. У галіне крытыкі выступаюць літ.-знаўцы К.​Выка, С.Жалкеўскі, Г.​Маркевіч, Р.​Матушэўскі, М.​Янён, Ю.​Бахуж, М.​Главінскі і інш.

Польска-бел. літ. сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры бел. і польскага народаў. Стараж. бел. мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т. л. кн. Скіргайлу 1387. На старабел. мову перакладзены з лац. арыгінала Вісліцкі статут 1347. Ягелонскі ун-т у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў бел. інтэлігенцыі (Ф.​Скарына, С.​Будны і інш.). У канцы 15 ст. ў Кракаве засн. друкарня (Ш.​Фіёль), дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэліг. зместу для правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны. З пачаткам кнігадрукавання ў 16 ст. на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай л-ры з латыні, чэш. і ням. моў. Пасля Люблінскай уніі 1569 П. і ВКЛ, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны 17 ст. польская мова стала пануючай. У 16—17 ст. на бел. мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М.​Бельскага, М.​Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» П.​Скаргі. У сваю чаргу з бел. на польскую мову перакладзены статуты ВКЛ, бел.-літ. хронікі і інш. творы. Бел. паэт А.​Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў з лац. на польскую мову. Ананімны гіст.-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны бел. мовай. З Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Сарбеўскі, Морштын). Аснову барока ў бел. л-ры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. З канца 17 ст. бел. мова пачала выцясняцца з афіц. ўжытку польскай і лац., было забаронена бел. кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Мінска, Брэста, Полацка, Навагрудка, Нясвіжа, Гродна і інш. бел. гарадоў вялося на лац. мове. Нешматлікія творы на бел. мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісах («Прамова Мялешкі»). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў П., асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсе.магутнасці розуму. У шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. польская мова займала адно з гал. месцаў. Пад уплывам польскай рэліг. песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны бел. верш «Стары Восіп барадаты». 18 ст. — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Князьніна, Карпінскага, Нямцэвіча. У 19 ст. ў прагрэс. л-ры Беларусі і П. паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нац. прыгнёту.

На бел. і польскую л-ры паўплывала творчасць Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага. На аснове сабраных бел. песень Я.​Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на бел. мове. На скрыжаванні польскай і бел. л-р складвалася творчасць Я.​Баршчэўскага, А.​Рыпінскага, Сыракомлі, В.​Каратынскага і інш. Пад уплывам польскіх нар.-вызв. ідэалаў узнікла першая падп. бел. газ. «Мужыцкая праўда». Упершыню ў П. надрукаваны зб-кі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Ф.​Багушэвіча. Бел. тэматыка адлюстравана ў творах Ажэшкі, Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі В.​Дуніна-Марцінкевіча і Крашэўскага, Багушэвіча і Ажэшку, Я.​Лучыну і Канапніцкую. Рэвалюцыю 1905—07 прагрэс. дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці бел. л-ры значную ролю адыграла пашырэнне ў П. дзейнасці бел. кніжных выд-ваў. На бел. мове ў Кракаве апубл. творы Сянкевіча, у Вільні — творы Ажэшкі. У бел. газ. «Наша ніва» друкаваліся вершы Міцкевіча, Канапніцкай і інш. Да перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, Бранеўскага звяртаўся Я.​Купала. З 1929 у Мінску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 у Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-бел. літ. сувязей адыгралі час. «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы П.​Труса, М.​Чарота, Я.​Пушчы, М.​Машары, М.​Васілька і інш., артыкулы пра бел. паэзію. У сваю чаргу польская рэв. л-ра была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Я.​Купала, Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, М.​Танк і інш. У 1929 выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зб. прозы «З нашых прац». На Беларусі выходзілі перыяд. выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Налкоўская). У аб’яднанні прагрэс. сіл вял. ролю адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936.

Якасна новы характар літ. ўзаемасувязі бел. і польскай л-р набылі пасля 1945.

Тэма 2-й сусв. вайны — адна з найб. важных тэм братніх л-р. На польскую мову перакладзены творы на ваен. тэматыку М.​Лынькова, В.​Быкава, І.​Шамякіна, А.​Адамовіча, У.​Калесніка, Я.​Брыля і інш. Класічная бел. л-ра прадстаўлена асобнымі выданнямі выбр. твораў Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Лынькова, Быкава, Я.​Коласа, К.​Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Брыля, М.​Танка ў перакладах Я.​Гушчы, М.​Канановіча, С.​Яновіча, Э.​Кабаца, І.​Сікірыцкага і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Я.​Купала, Ц.​Гартны, П.​Пестрак, В.​Вярба і інш. Бел. л-ра на польскай мове прадстаўлена і творамі І.​Мележа, У.​Караткевіча, І.​Пташнікава, Д.​Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі бел. паэзіі, апавяданняў, казак, кн. «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў бел. л-ры Л.​Рысінскі, Т.​Хрусцялеўскі, А.​Яворскі і інш. З даследаваннямі бел. л-ры выступаюць А.​Баршчэўскі, Б.​Белаказовіч, У.​Монах, Ф.​Няўважны, З.​Скібінская-Харыла і інш. З 1956 працуюць кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і беларусазнаўчы аддзел у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Бел. фальклор вывучаюць Ф.​Сяліцкі, М.​Чурак і інш. Польская л-ра на бел. мове прадстаўлена найб. значнымі творамі Міцкевіча, Норвіда, Крашэўскага, Ажэшкі, Пруса, Сянкевіча, Каспровіча, Стафа, Жаромскага, Лесьмяна, Тувіма, Івашкевіча, Лема, Мрожака, Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыст. і сатыр. твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), нар. творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народныя казкі», 1959; «Польскія народныя песні», 1962), зб-ках «Далягляды», перыяд. друку. На бел. мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Брыль, П.​Бітэль, Я.​Бяганская, М.​Валошка, М.​Дубянецкі, У.​Жылка, А.​Клышка, Н.​Мацяш, М.​Машара, А.​Мінкін, С.​Мінскевіч, Б.​Сачанка, Я.​Семяжон, В.​Сёмуха, М.​Танк і інш. Даследавалі польскую л-ру і яе сувязі з бел. А.​Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), М.​Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), А.​Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Н.​Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), В.​Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І.​Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), У.​Казбярук («Ступені росту», 1974), К.​Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С.​Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), У.​Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры», 1998) і інш. У 1989 у Гродзенскім ун-це адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зб-кі навук. прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).

Архітэктура. Драўляныя святыні язычніцкім божаствам з 10 ст. паступова выцясняліся хрысціянскімі мураванымі збудаваннямі ў аскетычным перадраманскім стылі (капэла-ратонда Дзевы Марыі ў Кракаве). У 2-й пал. 11 ст. пад уплывам архітэктуры Саксоніі ў П. склаўся раманскі стыль: 3- і 5-нефавыя базілікі з трансептам, квадратнымі, круглымі, 8-граннымі вежамі (часткова захаваныя касцёлы ў Познані і Гнезне, касцёлы св. Анджэя ў Кракаве, Туме), часам з парталамі і міжнефавымі слупамі, укрытымі багатай разьбой (касцёл Марыі Магдаліны ў Вроцлаве). Выразнасцю і строгасцю форм вызначаюцца раманскія крыпты (св. Леанарда ў саборы на Вавелі ў Кракаве). У 12—1-й пал. 13 ст. раманскі стыль перажываў уздзеянне інтэрнац. цыстэрцыянскага кірунку з уласцівай яму строгасцю і канструктыўнасцю арх. вырашэнняў: прэсбітэрый сабора дапаўняўся капліцай, больш узнёслымі сталі крыжовыя скляпенні (касцёлы цыстэрцыянцаў у Вонхацку, Капшыўніцы; дойлід манах Сымон). З 1240-х г. ордэны францысканцаў і дамініканцаў пашырылі гатычны стыль. Элементы готыкі з’явіліся ў цыстэрцыянскіх саборах пры кляштарах у Сулееве, Янджэеве і інш. Развіццё гарадоў прывяло да ўтварэння лакальных тыпаў готыкі ў Малапольшчы і Сілезіі, Памор’і і Мазовіі, паўн. ч. Велікапольшчы. На Пд узведзены 3-нефавыя базілікальныя храмы з каменю і цэглы (прэсбітэрый сабора на Вавелі і касцёл Дзевы Марыі ў Кракаве, саборы ў Вроцлаве і Познані), на Пн — зальныя цагляныя касцёлы (Дзевы Марыі ў Гданьску). Яскравы ўзор готыкі 13 ст. — касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. Вонкавая строгасць гатычных храмаў у розных рэгіёнах П. дапаўнялася ўзорыстымі завяршэннямі парталаў і аконных праёмаў, дахаў у выглядзе аркатур, вежачак, нішаў. Позні перыяд польскай готыкі (канец 15 — пач. 16 ст.) вылучаўся нарастаннем дэкаратыўнасці, з’явіліся скляпенні з маляўнічай арнаментацыяй (касцёл у Пельпліне). Пабудавана шмат парафіяльных і кляштарных касцёлаў, камерных па памерах, у т. л. св. Крыжа ў Кракаве. Кампазіцыю каменных храмаў паўтаралі драўляныя з захаваннем традыцый нар. дойлідства: касцёлы ў Дэмбне (2-я пал. 15 ст.), Грывальдзе (каля 1500) і інш. Гарады ў 14—15 ст. забудоўваліся паводле рэгулярных планаў: іх абкружалі каменнымі сценамі з брамамі, вежамі, умацоўвалі барбаканамі (у Кракаве, Варшаве). Багаццем гатычнага дэкору адметныя грамадскія пабудовы — ратушы, бурсы, школы, склады-пакгаўзы, будынкі купецкіх і рамесніцкіх аб’яднанняў і інш. (гандл. рады «Сукеніцы», б. будынак Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У 15 ст. вежы набылі ратуша, касцёлы св. Тройцы, Яна, Кацярыны ў Гданьску, ратуша ў Вроцлаве. Замкі ў 14—15 ст. мелі на Пд нерэгулярны план (Бендзін), на Пн — прамавугольны (Цяханаў). На Пн захаваліся ўмацаваныя комплексы кляштараў крыжакоў (Мальбарк, 13—15 ст.). З пач. 16 ст. Кракаў стаў асяродкам рэнесансавай архітэктуры італьян. арыентацыі, якая ў П. спалучалася з познагатычнымі традыцыямі. У 1502—36 арх. Ф.​Ф’ёрэнціна і Б.​Берэчы перабудавалі сярэдневяковы замак на Вавелі ў рэнесансавую рэзідэнцыю з рэпрэзентатыўным дваром, 2-яруснымі аркадамі. У 1519—33 Берэчы пабудаваў капэлу Жыгімонта 1 Старога ў фларэнційскім стылі (адзіны прыклад класічнага рэнесансу па-за межамі Італіі). Рэнесансавыя капліцы прыбудоўвалі да гатычных сабораў, на фасадах палацаў і ратуш ствараліся лоджыі. Адначасова ў 16 ст. ўзводзіліся касцёлы паўн.-гатычнага тыпу з ажурным арх. дэкорам, крышт. скляпеннямі (касцёлы ў Бечу, Кентшыне і інш.). У жылых дамах і ратушах разам з лоджыямі, аркаднымі ўнутр. дварамі, ордэрнымі парталамі шырока выкарыстоўваліся дэкар. атыкі з урачыстай арнаментальнай разьбой (гандл. рады «Сукеніцы» ў Кракаве, 1558, арх. Дж.М.Падавана; ратуша з 3 паверхамі лоджый у Познані). У рэнесансавым арх. дэкоры акрэсліўся пачатак уплыву маньерызму. Ажыццёўлена рэгулярная рэнесансавая планіроўка г. Замасць (праект арх. Б.​Маранда). У архітэктуры канца 16 — пач. 17 ст. адбілася моцнае ўздзеянне нідэрл. маньерызму (Вял. арсенал у Гданьску, дамы ў Казімежы-Дольным). З 2-й пал. 17 ст. пашырыўся стыль барока: урачыстая фасадная і інтэр’ерная кампазіцыя касцёла святых Пятра і Паўла ў Кракаве (арх. Дж.​Трэвана, Я.​Брыціус), манум. 2-вежавы фасад касцёла камедулаў на Бялянах (арх. А.​Спеца), новы Каралеўскі замак у Варшаве з характэрнымі для ранняга барока буйнымі формамі гал. вежы, шматгранным унутр. дваром (арх. Я.​Трэвана), замкі ва Уяздзе, Віснічу, палац біскупа ў Кельцах. Палацы канца 17 — пач. 18 ст. найб. арыентаваныя на франц. ўзоры, загарадныя рэзідэнцыі будаваліся з курданёрамі і рэгулярнымі паркамі: палацы ў Вілянаве (цяпер у межах Варшавы), Красінскіх у Варшаве, Браніцкіх у Беластоку. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. пад уплывам барока Венецыі і Рыма пашырыўся тып касцёла цэнтрычнай 8-граннай кампазіцыі з выразным купалам (касцёлы сакраментак у Варшаве, філіпінцаў у Гостыні). З Аўстрыі запазычаны авальныя ў плане пабудовы з падоўжнымі шматвугольнымі інтэр’ерамі (капэла Патоцкіх касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне, касцёлы ў Лондзе, Асечнай). Інтэр’еры аздаблялі ў стылі ракако (касцёл у Кабылцы пад Варшавай). У драўляным дойлідстве спалучаліся барочныя і гатычныя формы (касцёл у Алесне, царква ў Паўрожніку). З 1770-х г. фарміраваўся класіцызм з захаваннем элементаў барока (каралеўскі палац у Варшаве), які найб. вытанчана і камерна праявіўся ў палацава-паркавым комплексе Лазенкі ў Варшаве. У прыватных палацах і вілах. увасобіліся венецыянскія ўзоры 17 ст. (палацы Дзялынскіх у Познані, Патоцкіх у Кракаве).

Архітэктура 1-й пал. 19 ст. стала больш манум.-рэпрэзентатыўнай. Варшава набыла характар буйнога адм. і культ. цэнтра. Найб. вылучаюцца работы арх. А.Карацы (ансамблі цэнтр. плошчаў, палац Сташыца, Польскі банк, Вял. т-р), Я.Кубіцкага (палац Бельведэр). Своеасаблівую камерную плынь класіцызму прадстаўляюць шляхецкія 2-павярховыя палацы са строгім цэнтр. порцікам у паркавым асяроддзі (палацы ў Бялачаве, Бейсце). Рамант. плынь у архітэктуры 19 ст. звязана з гатычнымі рэмінісцэнцыямі. Перабудовы арх. помнікаў з элементамі гіст. стыляў (готыкі, барока, рэнесансу) характэрны Х.​П.​Айгнеру (палац Намесніка ў Варшаве, б. палац Радзівілаў). Фасадам касцёлаў надаваўся складаны познагатычны дэкор (перабудова касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, арх. А.​Ідзкоўскі). Касцёлы і палацы ў духу неаготыкі з ням. і англ. гіст. элементамі пабудаваны паводле праектаў ням. арх. К.Ф.Шынкеля. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацнілася гіст. эклектычнасць у гар. прыватных і грамадскіх пабудовах. Пашырыўся тып даходных дамоў з дварамі-«калодзежамі», добраўпарадкоўваліся прамысл. гарады (забудова вул. Пётркоўскай у Лодзі). На ўзор будынка Парыжскай оперы пабудаваны Тэатр імя Ю.Славацкага ў Кракаве. Будынку Крэдытнага і земскага т-ва ў Варшаве нададзены характар неарэнесансавага палаца. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў пошуках нац. стылю архітэктура арыентавалася на прыклады венскага сецэсіёну і парыжскага «ар нуво» (мадэрн): будынкі Т-ва сяброў выяўл. мастацтва і Старога т-ра ў Кракаве. На мяжы 19—20 ст. арх. С.​Віткевіч стварыў т.зв. стыль Закапанэ, у якім апіраўся на традыцыі нар. архітэктуры. У Варшаве мадэрн быў больш рацыянальны і дэманстраваў ясную канстр. логіку (мост Панятоўскага, будынкі Банка каап. т-ваў, Польскага т-ра). У архітэктуры 1920—30-х г. тэндэнцыі неакласіцызму і функцыяналізму (будынкі т-ва «Прудэнтыяль» у Варшаве, Ягелонская б-ка ў Кракаве) суіснавалі з мадэрнісцкай стылізацыяй у духу нар. дойлідства (польскі павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы). Пасляваен. перыяд у П. звязаны з аднаўленнем разбуранай краіны (арх. Ш.​Сыркус, Б.​Пнеўскі, Б. і С. Брукальскія). Будынкі 1950-х г. узводзіліся ў духу канструктывізму (круглы гандл. дом у Познані, стадыён 10-годдзя ў Варшаве). 2-я пал. 20 ст. адметная наватарскімі пошукамі рэканструкцыі цэнтраў гарадоў, прамысл. аб’ектаў, развіццём функцыян. стылю ў прыватным буд-ве. Узніклі новыя гарады: Нова-Гута (цяпер у межах Кракава), Нове-Тыхы каля Катавіц і інш. Пабудовам 1970—80-х г. уласцівы функцыян. мэтазгоднасць планіроўкі, арыгінальнасць канстр. вырашэнняў (Дом студэнтак у Кракаве, магазін «Суперсам» у Варшаве). Гар. комплексы аздабляюцца скульптурай, мазаікай, вітражамі. Канец 1980—90-я г. адметныя пошукамі новай маст. стылістыкі. Культавая архітэктура набыла большую камернасць, эстэт.вытанчаны стыль (касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве, 1980—85, арх. М.​Будзынскі; уніяцкі храм у Бялы-Боры на Зах. Памор’і, 1992—97, арх. Б.​Катарба, абразы маст. Е.​Навасельскага). Збудаванні камерцыйнага прызначэння набылі падкрэслена прадстаўнічыя формы (Бізнес-цэнтр у Варшаве, 1991—93; атэлі «Холідэй» у Варшаве, 1989, арх. Т.​Спыхала, і «Радысан» у Шчэціне, 1993, арх. М.​Думеньчыч, пабудаваны паводле міжнар. праектаў). З’явілася шмат аб’ектаў у духу постмадэрнізму і функцыяналізму (офісы, банкі, гандл. цэнтры). Сярод найб. значных грамадскіх пабудоў — б-ка Варшаўскага ун-та (з 1993, будуецца, арх. Будзынскі, З.​Бадоўскі і інш.). Важнае значэнне надаецца рэканструкцыі і мадэрнізацыі гіст. раёнаў і цэнтраў гарадоў, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ствараюцца новыя мікрараёны палепшанай планіроўкі, рэалізуецца шырокая праграма індывід. буд-ва ў гарадах і ваяводствах.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі выяўл. мастацтва на тэр. П. адносяцца да канца палеаліту (касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі), неаліту (арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў) і бронзавага веку (вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш.). У 9—10 ст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульпт. выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкар. аздабленне храмаў (пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш.). З 2-й пал. 12 ст. ў мастацтве П. дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам франц. і ням. мастацтва развіваліся скульптура (рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў св. Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ў Вроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манум. жывапіс (фрэскі ў касцёлах у Туме, Чэрвінску і інш.), кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкар.-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» (1230), аздоблены гравіроўкай. Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых («Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш.), надмагіллі са скульпт. выявамі [Генрыха IV Пробуса ў касцёле св. Крыжа ў Вроцлаве, 1300—10; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—82, і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440]. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Вроцлава, 1384; «Укрыжаванне» з Шамотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак 15 ст. паўплываў візант. стыль (фрэскі віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). У 2-й пал. 15 ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэаліст. і натураліст. матываў (аўтар касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве, 1477—89; надмагілле Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі, 1492; абодва скульпт. Ф.Штос). Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрл. і ням. мастацтва ранняга Адраджэння (алтар св. Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі, 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познагатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша тынецкага абата, брамы ратушы ў Вроцлаве і інш.).

У канцы 15 — пач. 16 ст. са станаўленнем гуманіст. ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульпт. Ф.​Ф’ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта I, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б.​Бярэчы), надмагілле Б.​Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульпт. Дж.М.Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С.Гучы), Стафана Баторыя (1595, скульпт. Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найб. яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема» са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта I, мастак С.​Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх св. Яна ў касцёле св. Катажыны ў Кракаве, мастак І.​Лібнаў). Дэкар. фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін з найб. ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім маст. узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта I, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стафана Баторыя, 1583, М.​Кобер). У 1-й пал. 17 ст. маньерыстычныя традыцыі флам., ням. і італьян. школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манум. скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К.​Тэнкала, К.​Молі, Д.​Тым), дэкар. разьба па стука (Ж.​Б.​Фальконі, Б.​Фантана, А.​Шлютэр і інш.).

Жывапіс 17—1-й пал. 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрл. школ (Б.​Штробель, І. ван дэн Блоке, Х.Ф. дэ Фрыз, С.​Б.​Вудка, Т.​Далабела, Е.​Коен, А.​Мёлер, Ф.​Найсер, В.​Цяшынскі і інш.). У рэліг. сюжэты часта ўключаліся нар. тыпажы, элементы нац. адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т.​Наваковіча; цыкл з жыцця св. Яцака ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чанстахове, 1622) і творы гіст. тэматыкі («Бітва пад Ляпана». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак С. дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (М.​Альтмонтэ, А.​Палоні, Е.​Ф.​Ругендас, Я.​Трэтка і інш.). Манум. размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы св. Крыжа ў Любліне, 1654, мастак Т.​Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкар. мастацтве стылістыка еўрап. барока спалучалася з рысамі ўсх. мастацтва. У скульптуры пач. 18 ст. пашырылася ракако (А.​Асінскі, Я.​Е.​Плерш, Я.​Е.​Урбанскі, А.​Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю.​Кацяноўскі, А.​Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэліг. жывапіс (К.​Д.​Асам, К.​Карлоне, Ф.​А.​Себасціні, К.​Хандке, Ш.​Чаховіч, А.​Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася маст. ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Алеску). 2-я пал. 18 ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я г. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана маст. майстэрня пад кіраўніцтвам М.​Бачарэлі, якая стала першай польскай маст. школай. Быт. сцэны, падзеі паўстання 1794 адлюстроўвалі жывапісцы А.Арлоўскі, Я.​П.​Норблін, М.​Плонскі; у жанры партрэта працавалі К.​Вайнякоўскі, Ю.​Фаворскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся класіцызм (скульпт. У.​Аляшчынскі, Л.​Каўфман, П.​Малінскі, Я.​Татаркевіч, мастакі А.​Брадоўскі, А.​Какуляр, Ю.Пешка, Ф.Смуглевіч, М.​Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А.Гротгер, П.Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся гіст. жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я.Матэйкі. Рэв. сітуацыя 1860-х г. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гар. беднаты (творы В.​Герсана, Ф.​Кастшэўскага, А.​Котсіса, Ю.​Шармянтоўскага). У 1870—80-я г. тэндэнцыі дэмакр. рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Герымскіх, Ю.​Хелмонскага. Сац. праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г.​Семірадскі, В.​Прушкоўскі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В.Базнанская, Л.​Вычулкоўскі, Ю.​Панкевіч, Я.​Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С.Выспянскі, В.​Вайткевіч, Я.Мальчэўскі, Ф.Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Вычулкоўскага, А.​Каменскага, кніжнае афармленне Выспянскага, плакаты Ю.​Мехофера, К.​Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы. рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К.Ф.Дунікоўскі, К.​Ляшчка, В.​Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст. пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З.​Валішэўскі, Г.​Рудзка-Цыбісова, Ю.​Чапскі, Я.​Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т.​Кантар, З.​Пранашка, Т.​Чыжэўскі, Л.​Хвістак, М.​Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э.​Зак, Р.​Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К.​Кобра, У.Стшамінскі, Г.​Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф.​Бартошак, Г.​Краеўская, Ю.​Краеўскі, Б.​Лінке, У.​Скачыляс, Т.​Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я.​Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В.​Віціг, А.​Замойскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю.Т.Макоўскі. У 1950-я г. гуманіст. нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А.​Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т.​Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я.​Тарасін, Е.​Тхужэўскі, А.​Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М.​Абакановіч, У.​Гасёр, Г.​Земла, М.​Канечны, А.​Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач з традыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У.​Бароўскі, З.​Бяксінскі, Е.​Берась, К.​Вадзічка, М.Давідзюк, К.​Казыра, М.​Кіеўскі, А.​Маеўскі, Ф.​Маслюшчак, Я.​Младажэнец, М.​Пінінская-Берась, Ю.​Рыбакоўскі, Л.Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва.

Музыка. Нар. музыцы П. ўласцівы аднагалоссе, цесная сувязь песні з танцам. Папулярныя стараж. нар. танцы: кракавяк, мазурка, куявяк, абэрак, хадзоны — папярэднік паланэза і інш. У нар. інструментарыі з перыяду сярэднявечча да нашага часу захаваліся бубны, свістулькі, ляскоткі; смыкавыя — генсле, мазанкі; духавыя — лігаўкі, басуны; ударныя — клякоткі. З хрысціянізацыяй краю ў 9—10 ст. праніклі грыгарыянскія спевы (першыя запісы 11 ст.). У 11—12 ст. пачалі дзейнічаць касцельныя пеўчыя школы, дзе ў грыгарыянскі харал уводзілі інтанацыі нар. музыкі. Уплывы нар. муз. мастацтва праявіліся ў містэрыях (з 12 ст.), якія выконваліся семінарыстамі (на лац. мове), пацешнікамі (на польск. мове). Побач з царк. развівалася свецкая музыка. Узніклі прыдворныя капэлы, з 13 ст. — рыцарскія і пазалітургічныя духоўныя песні («Багародзіца»), раннія ўзоры секвенцый. Першы вядомы кампазітар — Вінцэнты з Кельцаў (2-я пал. 13 ст.). У 13 ст. зарадзілася вак. поліфанія, якая ў 15 ст. пранікла ў свецкую вак.-інстр. музыку (Мікалай з Радама). З 14 ст. ў гарадах ствараліся гільдыі, з 16 ст. — гільдыі і цэхі гарадскіх музыкантаў; ва універсітэтах выкладалася тэорыя музыкі (Себасцьян з Фельштына), друкаваліся зб-кі песень, нотныя выданні. У 16 ст. з пашырэннем Адраджэння і Рэфармацыі ўзмацніліся свецкія элементы, паявіліся песні тыпу мадрыгала (Мікалай з Кракава), развівалася інстр. музыка, узмацніліся ўплывы італьян. і нідэрл. поліфанічных школ. Сярод поліфаністаў Мікалай з Кракава, Вацлаў з Шамотул, М.​Леапаліта, М.​Гамулка, лютністы Д.​Ката, В.​Длугорай, майстры стр. інструментаў Гроблічы, Данкварты. Шырока распаўсюджвалася свецкая музыка (Ката, Длугорай, Я.​Поляк). Сярод кампазітараў канца 16—17 ст., якія абапіраліся на ідэі барока, — М.​Зяленскі (майстар шматхаравой тэхнікі), М.​Мяльчэўскі (абодва ўвялі ў польскую музыку жанр канцэрта), А.​Яжэмбскі (скрыпач і архітэктар), Б.​Пенкель (аўтар першай польскай араторыі), Д.​Стаховіч, А.​Пашкевіч, С.​С.​Шажынскі, Г.​Г.​Гарчыцкі. Першыя оперныя спектаклі пастаўлены пры каралеўскім двары ў 1628 італьян. музыкантамі. З адкрыццём у 1765 Нац. т-ра ў Варшаве створаны першыя нац. оперы («Ашчасліўленая галота» М.​Каменскага, 1778; «Кракаўцы і горцы» Я.​Стафані, 1794). У 18 ст. напісаны першыя сімфоніі (Я.​Шчуроўскі, А.​Мільвід, Я.​Ваньскі, В.​Данкоўскі, Ю.Эльснер, Я.​Галомбак), інстр. канцэрты (Ф.​Яневіч, Я.​Клячынскі). Першыя прадстаўнікі муз. рамантызму — М.​Клеафас Агінскі, кампазітар і піяністка М.​Шыманоўская. Значны ўклад у развіццё музыкі зрабілі кампазітар, дырыжор, выдавец і педагог Эльснер — заснавальнік і дырэктар Ін-та музыкі і дэкламацыі (пазней — кансерваторыя); кампазітар, дырыжор, педагог і муз. пісьменнік К.​К.​Курпінскі, які каля 30 гадоў кіраваў Варшаўскай операй (з 1833 Вял. т-р). Заснавальнік муз. фалькларыстыкі — О.Кольберг; яго традыцыі прадоўжыў Я.Карловіч. Да вял. дасягненняў польскай музыкі належыць творчасць Ф.Шапэна. Стваральнік нац. класічнай оперы С.Манюшка. У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. працавалі: кампазітары В.​Жаленскі, З.​Наскоўскі (вучань Манюшкі), дырыжоры В.Бярдзяеў, П.​Клецкі, Э.​Млынарскі (кампазітар, скрыпач), А.​Радзінскі, Г.​Фітэльберг; выканаўцы браты Генрык (скрыпач) і Юзаф (піяніст) Вяняўскія, Апалінарый (скрыпач) і Антоній (піяніст) Концкія, С.​Барцэвіч, У.​Гурскі, П.​Каханскі; скрыпачы К.Ю.Ліпінскі, І.​Лота, Б.​Губерман; піяністы І.Гофман, Р.​Кашальскі, Т.​Лешаціцкі, А.​Міхалоўскі, Х.Я.Падарэўскі, А.​Рубінштэйн, Ю.​Турчынскі; спевакі А.Бандроўскі-Сас, А.​Дзідур, Э. і Я. Рэшке, М.Зембрых і інш.

Вял. роля ў адраджэнні нац. муз. мастацтва П. ў пач. 20 ст. належала Варшаўскаму муз. т-ву, групе кампазітараў «Маладая Польшча» (Л.​Ружыцкі, К.Шыманоўскі, Фітэльберг, А.​Шалюта, М.Карловіч), якія імкнуліся аднавіць муз. мову, арыентуючыся на нац., у т. л. фальклорныя, традыцыі і на тагачасныя плыні еўрап. музыкі (позні рамантызм, імпрэсіянізм). Пасля 1918 у муз. жыцці П. найб. пашыраны быў неакласіцызм. У 1920—30-я г. вял. значэнне мела дзейнасць Шыманоўскага — стваральніка сучаснай нац. кампазітарскай школы. Узнікалі новыя муз. т-вы, аркестры, муз. навуч. ўстановы. Адбыліся першыя ў П. міжнар. муз. конкурсы. У першыя пасляваен. гады адной з гал. задач дзярж. культ. палітыкі была папулярызацыя музыкі, якая абапіралася на прынцыпы сац. рэалізму. Паліт: перамены ў 2-й пал. 1960-х г. спрыялі аднаўленню кантактаў з зах.-еўрап. краінамі і ўзбагачэнню музыкі новымі элементамі: узніклі дадэкафонія і блізкія да яе муз. тэхнікі (Т.Бэрд, К.Сяроцкі, В.Лютаслаўскі, А.​Дабравольскі, К.Пендарэцкі). П. стала адным з цэнтраў сучасных муз. плыней. У 1970-я г. перанасычанасць авангардысцкімі тэндэнцыямі прывяла да таго, што многія творцы пачалі спрашчаць сваю муз. мову (Пендарэцкі, В.​Кіляр, Г.М.Гурэцкі, М.​Стахоўскі, З.​Рудзінскі). Маладое пакаленне кампазітараў (Р.​Аўгустын, К.​Бацулеўскі, С.​Круповіч, М.​Малецкі, Л.​Зялінская, П.​Шыманскі) развівала розныя муз. жанры. Рэліг. музыку пісалі Пендарэцкі, А.​Пануфнік, Гурэцкі, Р.​Твардоўскі; у оперных т-рах ставіліся творы Пендарэцкага, Бэрда, З.​Баргельскага, Р.​Палестра, Зялінскай, Бацулеўскага і інш. Сярод прадстаўнікоў польскай музыкі 2-й пал. 20 ст. кампазітары Сяроцкі, Г.​Бацэвіч, Б.​Шабельскі, К.​Сікорскі, В.Рудзінскі, П.​Пяркоўскі, В.​Шалёнак, А.​Блёх, К.​Меер, Стахоўскі, З.​Рудзінскі, З.​Буярскі, Э.​Кнапік, дырыжоры З.​Ляташэўскі, Б.​Вадзічка, В.​Равіцкі, С.​Віслоцкі, Г.​Чыж, Я.​Крэнц, К.​Корд, Е.​Семкаў, Р.​Сатаноўскі, Е.​Максымюк, хар. дырыжор С.​Стуліграш, піяністы З.​Джавецкі, Г.​Чэрны-Стафанская, К.​Цымерман, Б.​Гесе-Букоўская, П.​Палечны, скрыпачы Я.​Умінская, І.​Дубская, К.​А.​Кулька, спевакі Б.​Папроцкі, А.​Хіёльскі, Б.​Ладыш, В.​Охман, М.Фолтын, Е.​Подлесь, У.​Крыгер.

У П. (1997) 9 оперных т-раў, 8 т-раў муз. камедый, 20 філармоній, 29 сімф. арк., ансамблі нар. песні і танца «Мазоўша» і «Шлёнск», 8 муз. ВНУ, у т. л. Муз. акадэмія імя Шапэна, кансерваторыі ў Варшаве (з 1946 Вышэйшая муз. школа), Катавіцах, Познані і інш. Праводзяцца Міжнар. конкурсы: піяністаў імя Шапэна (з 1927, Варшава), скрыпачоў імя Вяняўскага (з 1935, Варшава; з 1952, Познань; з 1956 — таксама кампазітараў, з 1957 — скрыпічных майстроў), міжнар. муз. фестывалі «Варшаўская восень» (з 1956), аратарыяльнай музыкі «Wratislavia Cantans» (з 1966, Вроцлаў), стараж. музыкі краін Усх. Еўропы (Быдгашч), джазавай музыкі «Джаз джамборы» (з 1958, Варшава), эстраднай песні (Сопат); фестываль сучаснай песні (Зялёна-Гура) і інш. У 1945 створаны Саюз польск. кампазітараў.

Многія польск. музыканты былі звязаны з Беларуссю. У 16 ст. пры двары М.​Радзівіла Чорнага працавалі і друкавалі свае муз. творы ў Брэсце дзеячы польск. муз. адраджэння Ц.​Базылік і Вацлаў з Шамотул. У канцы 18 ст. дырыжорам Нясвіжскага т-ра быў аўтар вядомай камічнай оперы «Агатка» Я.Д.Голанд. У 19 ст. на Беларусі жылі кампазітары М.​Клеафас Агінскі, Ф.С.Міладоўскі, С.​Манюшка, які паставіў у Мінску свае першыя вадэвілі і камічныя оперы (сярод іх «Сялянка» на бел. і польск. мовах, з шырокім выкарыстаннем бел. муз. фальклору). Бел. фальклорныя мелодыі ўключаў у свае сімф. творы Карловіч, хар. апрацоўкі бел. песень рабілі Д.Шалігоўскі, С.Казура, Рудзінскі. Сярод удзельнікаў Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні (1910-я г.) кампазітар Л.М.Рагоўскі. піяністка М.​І.​Кімант-Яцына. Уклад у збор і вывучэнне бел. муз. фальклору зрабілі этнографы Кольберг, Карловіч, К.Машынскі, М.Федароўскі. Ураджэнцамі Беларусі былі многія вядомыя польск. музыканты (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч, скрыпач К.​Горскі, дырыжор Бярдзяеў і інш.).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва ў нар. абрадах, ігрышчах, у творчасці вандроўных акцёраў-франтаў. Асн. формы сярэдневяковага т-ра — літургічная драма, містэрыя. У 15—16 ст. у рэліг. сюжэты часам уключаліся свецкія нар. матывы («Гісторыя пра слаўнае Уваскрэсенне Гасподняе» Мікалая з Вільковецка, каля 1570—80). Пашырыліся лялечны т-р шопка і школьны т-р. У 1633 у каралеўскім замку ў Варшаве адкрыта першае пастаяннае тэатр. памяшканне. Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім, тэатр. мецэнаце, у Варшаве пабудаваны т-р «У апельсінавай аранжарэі» (1788), амфітэатр «На востраве» (1790). З 2-й пал. 18 ст. на ўзор прыдворных ствараліся т-ры ў магнацкіх сядзібах. У 1765 у Варшаве адкрыўся публічны пастаянны «Тэатр Нарадовы». Сярод яго акцёраў К.​Аўсінскі, Л.​Дмушэўскі, А.​Жулкоўскі-бацька, Ю.​Ледухоўская, К.​Б.​Свяжаўскі, Т. і А. Трускаляскія, М.​Шыманскі. Рух за перадавое дэмакр. мастацтва ўзначаліў стваральнік нац. прафес. т-ра В.Багуслаўскі, які садзейнічаў арганізацыі і станаўленню т-раў у Кракаве, Вільні, Познані і інш. На развіццё т-ра 19 ст. значна ўплывала драматургія А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, А.​Фрэдры, З.​Красінскага. У 1829 як філіял «Тэатра Нарадовага» адкрыўся т-р «Размаітосці» (зліўся з ім у 1836; першы кіраўнік Б.​Кудліч, акцёры А.​Жулкоўскі-сын, Л.​Гальперт, Я.​Круглікоўскі, Ю.​Рыхтэр і інш.). З канца 1860-х г. вядучую ролю адыгрываў Кракаўскі т-р, трупа якога (кіраўнік С.​Козьмян, акцёры Ф.​Бэнда, А.​Гофман, В.​Рапацкі, пазней А.Зельвяровіч, Г.Маджаеўская, Л.​Сольскі і інш.) сфарміравала т.зв. кракаўскую школу, што вызначалася рэаліст. скіраванасцю і псіхалагізмам. На мяжы 19—20 ст. ставіліся сац.-значныя творы С.​Выспянскага, С.​Жаромскага, Г.​Запольскай. Рэаліст. традыцыі развівалі рэжысёры Ю.​Катарбінскі, Т.Паўлікоўскі, Л.Шылер, акцёры К.​Адвянтовіч, Ю.Астэрва, А.Венгерка, С.​Высоцкая, С.​Ярач. Лепшыя ўзоры польск. і сусв. драматургіі прапагандаваў «Тэатр Польскі» (засн. ў 1913 у Варшаве). Значны ўплыў на развіццё т-ра П. зрабіла мастацтва Маскоўскага маст. акад. т-ра (т-р «Рэдута», 1919—39). У 2-ю сусв. вайну ўсе польскія т-ры закрыты. У 1940 у Варшаве створана падп. «Тэатральная рада» (кіраўнікі Э.​Вярцінскі, Б.​Кажанеўскі, Шылер), якая распрацоўвала праграму адраджэння т-ра пасля вызвалення. Дзейнічалі падп. тэатр. групы студыйнага характару, з 1941 у Кракаве — «Тэатр Рапсадычны» (кіраўнік М.​Катлярчык) і «Тэатр Незалежны» (кіраўнік Т.​Кантар). У 1944—45 адкрыліся т-ры ва ўсіх буйных гарадах П. Значным дасягненнем гэтага часу сталі пастаноўкі Астэрвы, Вярцінскага, Шылера, рэж. дэбюты Э.Аксера і Кажанеўскага. У рэпертуары — п’есы Б.​Брэхта, Ф.​Дзюрэнмата, А.​Мілера, Ж.​П.​Сартра, М.​Фрыша, польскіх аўтараў Е.​Брашкевіча, Э.​Брыля, Л.​Кручкоўскага, С.​Мрожака, Т.​Ружэвіча, Е.​Юрандата і інш. З канца 1940-х г. дзейнасць т-раў П. падпарадкавана прынцыпам сац. рэалізму. У 1955—56 змены ў паліт. і культ. жыцці П. абумовілі новы ўздым тэатр. жыцця. Пашырыліся пастаноўкі сусв. і нац. класікі, з’явіліся авангардысцкія творы зах.-еўрап. аўтараў (С.​Бекет, Ж.​Жэнэ, Э.​Іанеска) і польскіх драматургаў міжваен. перыяду (С.​І.​Віткевіч, В.​Гамбровіч, Т.​Пэйпер). Высокі маст. ўзровень т-ра П. вызначыла творчасць рэжысёраў Аксера, А.Вайды, Е.Гратоўскага, К.Дэймека, Кантара, Л.​Рэне, К.​Свінарскага, К.​Скушанкі, Г.​Тамашэўскага, А.​Ханушкевіча, Е.​Яроцкага, акцёраў Д.Альбрыхскага, Н.​Андрыч, Э.​Баршчэўскай, Я.​Вашчаровіча, М.​Войта, Р.​Вільгельмі, Г.Галоўбека, К.​Яндрусік, Я.​Крэчмара, Т.Ламніцкага, Г.​Махаліцы, Г.​Мікалайскай, М.​Паўлікоўскага, Я.​Свідэрскага, Т.​Фіеўскага, М.​Цвіклінскай, І.​Эйхлера, сцэнографаў О.​Аксера, З.​Вярховіч, У.​Дашэўскага, Т.​Рашкоўскай, А.​Стопкі, З.​Стшалецкага і інш. У 1990-я г. ў П. працавалі 87 драм. і 32 лялечныя т-ры (1995), найб. значныя — «Тэатр Нарадовы», «Тэатр Драматычны» (з 1956), «Тэатр Вспулчэсны» (з 1945), «Тэатр Польскі», «Атэнэум» (з 1929) у Варшаве, «Тэатр імя Ю.​Славацкага» ў Кракаве (з 1893), «Тэатр Новы» ў Лодзі (з 1949), «Тэатр Людовы» ў Нова-Гуце (з 1955) і інш. Сярод найб. значных рэжысёраў Т.​Брадэцкі, М.​Вайтышка, Е.​Гжэгажэўскі, Б.​Гусакоўскі, К.​Залескі, Р.​Зёла, К.​Люпа, М.​Прус, А.​Стшалецкі, М.​Энглерт, сярод акцёраў — М.​Апаня, Я.​Гаяс, З.​Запасевіч, М.​Камароўская, К.​Кольбергер, М.​Кондрат, А.​Лапіцкі, О.​Лукашэвіч, П.​Махаліца, Б.​Паўлік, Ф.​Печка, Е.​Радзівіловіч, А.​Сяверын, Е.​Трэля, П.​Франчэўскі, А.​Ханушкевіч, Я.​Энглерт, К.​Янда, сярод сцэнографаў — П.​Дабжыцкі, К.​Захватовіч, З. дэ Інэс, М.​Калодзей, А.​Кілян, А.​Маеўскі, К.​Панкевіч, А.​Садоўскі і інш.

Тэатр. сувязі паміж П. і Беларуссю існуюць здаўна. На агульных асновах развіваліся бел. лялечны т-р батлейка і польская шопка. У 1802—09 рэж. С.Дэшнер арганізавала ў Гродне пастаянны т-р. У канцы 18—19 ст. на Беларусі выступалі Варшаўскі т-р В.​Багуслаўскага, трупы М.​Кажынскага, К.​Камінскага, А.​Руткоўскага, Я.​Хелмікоўскага і інш. У 1925—29 у Гродне гастраліраваў т-р Ю.​Астэрвы «Рэдута». У 1913 у Варшаве гастраліравала Першая бел. трупа І.​Буйніцкага. У канцы 1920 — пач. 1940-х г. на Беларусі дзейнічалі Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі т-р лялек БССР (кіраўнік У.​Ярэма), у т-рах Беларусі ставіліся п’есы Запольскай, Т.​Кажушніка, Мрожака, Славацкага, А.​Фрэдры, П.​Хайноўскага, І.​Юргелевіч, інсцэніраваліся творы Э.​Ажэшкі, С.​Жаромскага. У т-рах П. пастаўлены бел. п’есы В.​Вольскага, К.​Крапівы, А.​Макаёнка і інш.

Кіно. З 1897 у П. здымалі рэпартажы і навук.-папулярныя фільмы (Б.​Матушэўскі, К.​Прушынскі). У 1902 створана студыя «Плеограф», якая здымала і распаўсюджвала кароткія фільмы з удзелам польскіх тэатр. акцёраў. Першы польскі ігравы фільм — «Вяртанне гулякі» (1902). У 1908—18 з утварэннем кінафірм («Сфінкс» і інш.) пачаўся рэгулярны выпуск фільмаў, пераважна экранізацый твораў нац. л-ры: «Гісторыя граху» паводле аповесці С.​Жаромскага (рэж. А.​Бяднарчык), «Суд Божы» паводле драмы С.​Выспянскага «Суддзі» (рэж. С.​Кнаке-Завадзкі), «Меір Езафовіч» паводле Э.​Ажэшкі (рэж. Ю.​Астоя-Сульніцкі; усе 1911) і інш. Здымаліся таксама меладрамы і камедыі («Антось першы раз у Варшаве», 1908, рэж. Е.​Меер). У 1918—25 кінавытв-сць заняпала, выпускаліся фільмы прапагандысцкага характару. У 1926—30-я г. адбыўся пэўны ўздым кінематографа, з 1933 здымаліся гукавыя фільмы. Прапагандай эстэт. каштоўнасці кіно займалася авангардная група «Старт» (1930—34). У 1937—39 дзейнічала Т-ва кінааўтараў. Экранізаваліся творы У.​Рэйманта («Зямля запаветная» 1927, рэж. А.​Герц, З.​Гняздоўскі), А.​Міцкевіча («Пан Тадэвуш», 1928, рэж. Р.​Ардынскі), Жаромскага («Прадвесне», 1928, рэж. Г.​Шара; «Верная рака», рэж. Л.​Бучкоўскі; «Ружа», рэж. Ю.​Лейтэс, абодва 1936), С.​Пшыбышэўскага («Моцны чалавек», рэж. Шара), Г.​Запальскай («Паліцмайстар Тагіеў», рэж. Ю.​Гардан, абодва 1929), Г.​Сянкевіча («Янка-музыкант», 1930, рэж. Ардынскі), П.​Гаявічынскай («Дзяўчаты з Наваліпак», 1937), З.​Налкоўскай («Мяжа», 1938; абодва рэж. Лейтэс) і інш. Пашырыліся фільмы гіст.-патрыятычнай тэматыкі («У Сібір», 1930; «Дзесяцёра з Павяка», 1931, і інш.). Сярод акцёраў Э.​Баршчэўская, З.​Бода, Ю.​Венгжын, А.​Дымша, А.​Зельвяровіч, Б.​Ляшчынскі, Я.​Смасарская, Е.​Піхельскі, І.​Эйхлер, С.​Ярач і інш. У гады ням.-фаш. акупацыі 1939—44 польскае кіно было забаронена. У 1944 кінахранікёры на чале з А.​Багдзевічам канспіратыўна здымалі эпізоды Варшаўскага паўстання. З канца 1940-х г. у фільмах пашырылася тэма лёсу польскага народа ў час 2-й сусв. вайны, уздымаліся праблемы асобы і гісторыі: «Забароненыя песенькі» (1947, рэж. Бучкоўскі), «Апошні этап» (рэж. В.​Якубоўская), «Стальныя сэрцы» (рэж. С.​Урбановіч, у сав. пракаце «Начны выбух»; абодва 1948) і інш. Ставіліся фільмы на тэмы тагачаснага жыцця: «Скарб» (у сав. пракаце «Мой скарб», 1949, рэж. Бучкоўскі), «Першыя дні» (1952, рэж. Я.​Рыбкоўскі), «Здарэнне на Марыенштаце» (1954, рэж. Бучкоўскі) і інш. У 1948 створана Вышэйшая кінашкола ў Лодзі (цяпер Вышэйшая школа т-ра, кіно і тэлебачання імя Л.​Шылера). Творчасць яе выпускнікоў стала асновай станаўлення польскай школы кіно, якая вызначалася ідэйнай і эстэт. палемікай з метадам сацыяліст. рэалізму, неарамантызмам, экспрэсіўнай эмацыянальнасцю сродкаў выражэння, імкненнем да ўслаўлення або крытыкі нац. характару, адчуваннем ірацыянальнасці бунту і абсурднасці лёсу чалавека ў сутыкненні з катаклізмамі гісторыі, раскрыццём псіхал. стану героя ў канфліктных і драм. сітуацыях, часта з дамешкам іроніі і сарказму: «Зімовыя прыцемкі» (рэж. С.​Ленартовіч), «Пятля» (рэж. В.​Е.​Хас), «Вольны горад» (рэж. С.​Ружэвіч), «Канал», «Попел і дыямент» (рэж. А.Вайда), «Героіка» (усе 1958) і «Касавокае шчасце» (1959), «Пасажырка» (1963; абодва рэж. А.​Мунк), «Маці Іаанна ад Анёлаў» (1961, рэж. Е.​Каваляровіч) і інш. Вядучыя акцёры гэтага перыяду Т.Ламніцкі, З.Цыбульскі, Л.​Вініцкая, Г.​Галоўбек, Б.​Кабеля, Б.​Крафт, Э.​Кшыжэўская, Л.​Немчык, А.​Паўлікоўскі, Т.​Янчар і інш. У 1960-я г. дэбютавалі рэж. К.Занусі, Р.​Палянскі («Нож у вадзе», 1961), Е.​Скалімоўскі («Апісанне», 1964) і інш. Сярод лепшых экранізацый «Крыжакі» (1960, рэж. А.​Форд), «Пан Валадыеўскі» (1969) і «Патоп» (1974, абодва рэж. Е.​Гофман) паводле Сянкевіча, «Фараон» (1965, рэж. Каваляровіч), «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» паводле Я.​Патоцкага (1965), «Лялька» паводле Б.​Пруса (1968; абодва рэж. Хас), «Зямля запаветная» (1975, рэж. Вайда) і інш. Сярод вядучых акцёраў Д.​Альбрыхскі, Б.Брыльская, В.​Голас, М.​Камароўская, А.​Лапіцкі, С.​Мікульскі, Я.​Навіцкі, П.​Ракса, Б.​Тышкевіч і інш. У 1970—80-я г. ўзнікла т.зв. кіно маральнага неспакою, якое характарызавалася нязгодай з рэчаіснасцю, што дэградавала асобу чалавека: фільмы Вайды («Чалавек з мармуру», 1979; «Чалавек з жалеза», 1981), Занусі («Ілюмінацыя», 1973; «З далёкага краю», 1981), К.​Кеслёўскага («Дэкалог», 1988), А.​Голанд («Правінцыяльныя акцёры», 1979; «Гарачка» паводле А.​Струга, 1980). З’явілася новае пакаленне акцёраў: К.​Кольбергер, М.​Кондрат, Е.​Радзівіловіч, Е.​Штур, К.​Янда і інш. Здымаліся меладрамы і забаўляльныя фільмы: «Ва-банк 1» (1982), «Ва-банк II» (1985, рэж. абодвух Я.​Махульскі), «Знахар» (паводле Т.​Далэнгі-Мастовіча, 1982, рэж. Гофман) і інш. З 1989 у выніку паліт. змен пашырылася плынь «звядзення рахункаў», якая запаўняла т.зв. белыя плямы ў гісторыі краіны: «Уцёкі з кіно «Свабода» (рэж. В.​Марчэўскі), «300 міль да неба» (рэж. М.​Дэйчар, абодва 1989), «80 мм да Еўропы» (1993, рэж. М.​Дазінскі), дакумент. фільмы пра Катынь, лёс палякаў у Сібіры, Казахстане і інш. У 1990-я г. ў кінематографе П. значную ролю адыгрывала творчасць новага пакалення рэжысёраў, якія выяўлялі свае адносіны да хуткіх перамен у жыцці грамадства: «Кроль» (1991), «Псы» (1992), «Псы-2» (1994, усе рэж. В.​Пасікоўскі), «Чалавек з...» (рэж. К.​Шалайскі), «Кантраляваныя размовы» (рэж. С.​Хенцінскі), «Лепш быць прыгожай і багатай» (рэж. Ф.​Баян, усе 1993) і інш. Агульначалавечая праблематыка ўздымаецца ў фільмах «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні. Белы, Чырвоны» (1992—93, рэж. усіх Кеслёўскі), «Дотык рукі» (1992), «Жыццё як смяротная хвароба, што перадаецца палавым шляхам» (2000, рэж. абодвух Занусі) і інш. Здымаліся фільмы на гіст. тэматыку («Эскадрон», 1992, рэж. Ю.​Махульскі). Экранізаваліся творы Міцкевіча («Пан Тадэвуш», рэж. Вайда), Сянкевіча («Агнём і мячом», рэж. Гофман, абодва 1999). Сярод вядучых акцёраў А.​Бяджынская, Я.​Гаяс, Б.​Лінда, О.​Любашэнка, Ц.​Пазура, А.​Ферэнцы і інш. Праводзяцца Усяпольскія фестывалі кароткаметражных (з 1961) Ί маст. (з 1974) фільмаў, Міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (1964) у Кракаве.

Беларусы ў Польшчы. Бел.-польскія кантакты вядомы з часоў Кіеўскай Русі (гандл. сувязі, дынастычныя шлюбы, ваен. сутыкненні і г.д.), бел. прысутнасць у П. і абмен насельніцтвам пачаліся ў час ВКЛ. Продкі беларусаў часта траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Напр., калі ў 1325 вял. кн. ВКЛ Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакеткі, з П. ў ВКЛ была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў П. накіраваны выхадцы з ВКЛ. Умоўна лічыцца, што ў сярэдзіне 14 ст. ў П. жыло каля 40 тыс. продкаў беларусаў. У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца 18 ст. былі ў адзінай федэратыўнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. Пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Рас. імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% усяго насельніцтва (каля 30 тыс. чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях. Пасля 1-й сусв. вайны, калі была адноўлена незалежная польская дзяржава, на яе землях засталася частка этн. беларусаў. Павелічэнне тут колькасці беларусаў адбылося за кошт Заходняй Беларусі, якая да вер. 1939 знаходзілася ў складзе П. Паводле падлікаў стат. органаў СССР лічылася, што ў П. засталося 3250 тыс. беларусаў. Паводле польск. перапісу насельніцтва ад 30.9.1921 у краіне налічвалася 1035 тыс. беларусаў, але перапісчыкі не ўлічвалі бел. жыхароў Віленшчыны, запісвалі палякамі беларусаў-католікаў і інш. Вынікі перапісу насельніцтва ад 9.12.1931, які ахопліваў усю тэр. П., таксама не былі дасканалымі: паводле моўнага крытэрыя беларусамі лічылася 990 тыс. чал. (3,1% насельніцтва П.). Розныя даследчыкі вызначаюць колькасць беларусаў у П. ў гэты перыяд ад 1,2 да 2 млн. чал. (ад 4,3 да 6% усяго насельніцтва П.). Па падліках польск. гісторыка А.​Жарноўскага, у П. жыло каля 1,7 млн. беларусаў, а паводле Е.​Тамашэўскага, — 1,95 млн., у т. л. ў Палескім ваяв. 654 тыс., Навагрудскім 616 тыс., Віленскім 407 тыс., Беластоцкім 269 тыс. чал. Беларусы былі трэцяй па колькасці нац. меншасцю ў П. (пасля ўкраінцаў і яўрэяў). Паводле польск. даследчыкаў Г.​Халупчака і Т.​Браварака, у П. ў гэты час жыло каля 1,9 млн. беларусаў (5,9% ад усяго насельніцтва П.), у т. л. ў Палескім ваяв. яны складалі 43,4%, Навагрудскім — 39,1%, Віленскім — 22,7% і Беластоцкім — 16,3% насельніцтва. Да 1938 колькасць беларусаў у П. павялічылася да 2750 тыс. чал. Пры гэтым з-за мала- і беззямелля, беспрацоўя, адм. праследаванняў частка беларусаў эмігрыравала ў краіны Зах. Еўропы, Паўн. і Паўд. Амерыкі (з 1921 па 1939 каля 145 тыс. чал., а паводле бел. даследчыка А.​А.​Ракава — каля 190 тыс. чал.), У Зах. Беларусі — адносна адсталай агр. ускраіне П. — абс. большасць насельніцтва складалі сяляне (каля 90%), 7% — наёмныя рабочыя (да 20 тыс. чал.). Малалікімі былі бел. інтэлігенцыя і памешчыкі (апошнім належала толькі 4,1% маёнткаў). Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Як і інш. нац. меншасці, беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях пач. 2-й сусв. вайны (гл. ў арт. Польская кампанія 1939), уваходзілі ў Андэрса армію, Армію Краёву, Першую польскую пяхотную дывізію імя Т.Касцюшкі і інш. антыфаш. ваен. фарміраванні. У канцы 2-й сусв. вайны паводле сав.-польск. пагадненняў аб мяжы ад 26.7.1944 і 16.8.1945 улады СССР перадалі П. са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. У ходзе дэмаркацыі мяжы паміж П. і БССР і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў П. (пераважна на Беласточчыну) у 1944—48 пераехалі больш за 270 тыс. чал. (паводле ўмоў рэпатрыяцыі беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). З-за тэрору польск. нацыяналіст. падполля, неспрыяльнага эканам. становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах. Да 1948 улады П. афіцыйна не прызнавалі існаванне бел. нац. меншасці ў краіне. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў, якая пачалася тут у канцы 1940-х г. з аднаўлення бел. школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў П. створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і інш. З 1956 выдаецца газ. «Ніва», з 1957 — «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», створаны бел. ліцэі ў гарадах Бельск-Падляскі і Гайнаўка (Беласточчына). Паводле сац. статуса да канца 1950-х г. большасць беларусаў у П. былі сялянамі. У 1970-я г. і ў час ваен. становішча 1981—83 з-за абмежаванняў з боку польскіх улад назіраўся спад грамадска-культ. актыўнасці беларусаў. У 1980-я г. ўзніклі Бел. аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістравана ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг бел. выд-ваў і перыяд. выданняў. Уліку этнічнага складу насельніцтва П., у т. л. беларусаў, у сучасных перапісах не вядзецца. Да канца 1980-х г. у П., на думку польск. даследчыка К.​Падляскага, жыло ад 250 да 400 тыс. беларусаў, паводле звестак Польск. аўтакефальнай правасл. царквы — 290 тыс. беларусаў (1/3 яе вернікаў), а паводле статыстыкі выбараў у сейм 1989 па Беласточчыне беларусы складалі тут 30% насельніцтва (206,8 тыс. чал.), у т. л. ў Беластоку 25% (65,5 тыс. чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тыс. чал.). У 1990-я г. зарэгістраваны Рада бел. арг-цый у П., Саюз гмін усх. Беласточчыны, Зьвяз бел. моладзі, Бел. гіст. т-ва (кіраўнік А.Латышонак), Асацыяцыя бел. журналістаў і інш. Створаны Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, бел. культ.-асв. т-ва ў Гданьску «Хатка» (з 1992), бел. гурток у Ольштыне. З 1992 у Варшаве працуе бел. рэдакцыя Польск. радыё. У 1995 бел. мова выкладалася ў 44 школах і 2 ліцэях Беласточчыны. З 1997 у Беластоку існуе ун-т (б. філіял Варшаўскага ун-та), дзе ёсць кафедра бел. культуры. У 1997 у сейм выбраны кіраўнік БГКТ Я.​Сычэўскі. Гісторыю, культуру, побыт бел. дыяспары ў П. адлюстроўваюць даследаванні А.​Глагоўскай, А. і Я. Мірановічаў, Ю.​Туронка і інш. польск. гісторыкаў бел. паходжання; выдаюцца літ. творы А.​Барскага (А.​Баршчэўскага), М.​Гайдука, С.​Яновіча, В.​М.​Шведа і інш. бел. пісьменнікаў П. Абароне правоў і інтарэсаў бел. этн. супольнасці ў П. служаць Дэкларацыя аб бел.-польск. адносінах (падпісана ў кастр. 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мін-вам нар. адукацыі П. і Мін-вам адукацыі Беларусі (сак. 1992), бел.польскі Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23.6.1992 і пагадненне аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны грамадзян абедзвюх краін.

Літ.:

Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;

Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795. 5 wyd. Warszawa, 1990;

Kieniewicz S. Historia Polski 1795—1918. Warszawa, 1987;

Roszkowski W. Najnowsza historia Polski 1918—1989. Warszawa, 1991;

Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000;

История польской литературы. Т. 1—2. М., 1968—69;

Горский И.К. Польский исторический роман и проблема историзма. М., 1963;

Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-х г. XIX в. М., 1971;

Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;

Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. Мн., 1963;

Адам Міцкевіч і сусветная культура. Т. 1—5. Гродна etc., 1998—2000;

Literatura polska: Przewodnik encyklopedyczny. T. 1—2. Warszawa, 1984—85;

Słownik literatury staropolskiej. Wrocław, 1990;

Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław, 1991;

Słownik literatury polskiej XX wieku. Wrocław, 1992;

Тананаева Л.И. Польское изобразительное искусство эпохи Просвещения: Живопись. Рисунок. М., 1968;

Яе ж. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;

Łoziński J.Z. Pomniki sztuki w Polsce. T. 1—2. Warszawa, 1985—92;

Kębłowski J. Dzieje sztuki polskiej. Warszawa. 1987;

Miłobędzki A. Architektura ziem Polski. Kraków, 1994;

Z dziejów polskiej kultury muzycznej. T. 1—2. Kraków, 1958—66;

Baculewski K. Polska twórczośćl kompozytorska, 1945—1984. Kraków, 1987;

Bartkowski B. Polskie śpiewy religijne w żywej tradycji: Style i formy. Kraków, 1987;

Шидловский Р. Театр в Польше. Варшава, 1972;

Dzieje teatru polskiego. T. 1—5. Warszawa, 1977—93;

Almanach sceny polskiej. T. 1—28. Warszawa, 1961—94;

Рубанова И.И. Польское кино: Фильмы о войне и оккупации, 1945—1965. М., 1966;

Соболев Р.П. Встреча с польским кино. М., 1967;

Кушевский С. Современное польское кино: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Historia filmu polskiego. T. 1—6. Warszawa, 1966—44;

Encyklopedia kultury polskiej XX wieku: Film. Kinematografia. Warszawa, 1994;

Podlaski K. (Skaradziński B.). Białorusini, Litwini, Ukraincy. Białystok, 1990;

Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;

Mironowicz E. Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;

Яго ж. Białorusini // Mniejszości narodowe w Polsce: Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944—1989). Warszawa, 1998.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Л.​В.​Лойка (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), В.​В.​Мацюшэнка (асвета), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), С.​П.​Мусіенка (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​А.​Лабовіч (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно), Л.​У.​Языковіч (беларусы ў Польшчы).

Герб і сцяг Польшчы.
Да арт. Польшча. Вуліца Маршалкоўская ў Варшаве.
Да арт. Польшча. Цэнтральная частка г. Катавіцы.
Да арт. Польшча. Горад Закапанэ ў перадгор’ях Карпат.
Да арт. Польшча. Ландшафт у цэнтральнай частцы краіны.
Да арт. Польшча. Спуск на ваду новага судна на верфі ў г. Шчэцін.
Да арт. Польшча. Курган Т.​Касцюшкі ў Кракаве.
Да арт. Польшча. Касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. 13 ст.
Да арт. Польшча. Бізнес-цэнтр у Варшаве. 1991—93.
Да арт. Польшча. Інтэр’ер ратушы ў Познані.
Да арт. Польшча. Плошча Рынак у г. Замасць.
Да арт. Польшча. Замак у Віснічу.
Да арт. Польшча. Гандлёвыя рады «Сукеніцы» ў Кракаве.
Да арт. Польшча. Касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве. 1980—85.
Да арт. Польшча. Я.​Матэйка. Партрэт дачкі Беаты з канарэйкай. 1882.
Да арт. Польшча. С.​Выспянскі. Аўтапартрэт. 1902.
Да арт. Польшча. Я.​Мальчэўскі. Смерць Эленаі. 1907.
Да арт. Польшча. Г.​Стажэўскі. Фактурная кампазіцыя. 1930—31.
Да арт. Польшча. Т.​Цяслеўскі. Фантастычная Варшава. 1926.
Да арт. Польшча. Вялікі тэатр у Варшаве.
Да арт. Польшча. Кадр з кінафільма «Попел і дыямент» А.​Вайды 1958.
Да арт. Польшча. Кадр з кінафільма «Зямля запаветная» А.​Вайды. 1975.
Да арт. Польшча. Кадр з кінафільма «Патоп» Е.​Гофмана. 1974.
Да арт. Польшча. Кадр з кінафільма «Эскадрон» Ю.​Махульскага. 1992.
Да арт. Польшча. Калектыў «Каласкі» з Беластока ў час выступлення на V агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-98».
Да арт. Польшча. Выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. 1960-я г.

т. 12, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)