МАТЭ́ЙКА ((Matiegka) Індржык) (31.3. 1862, г. Бенешаў, Чэхія — 4.8.1941),

чэшскі антраполаг. У 1918—34 праф. Пражскага ун-та. Заснаваў антрапал. кафедру пры гэтым ун-це, «Музей чалавека» імя А.Хрдлічкі, час. «Anthropologie» («Антрапалогія», 1923). Аўтар прац па антрапалогіі «Чарапы багемцаў» (1891), «Саматалогія школьнай моладзі» (1927), «Усеагульная навука аб плямёнах» (1929), артыкулаў супраць расісцкіх тэорый. Праца М. «Пршэдмасцкі чалавек» (кн. 1—2, 1934—38), прысвечана апісанню шкілетных рэшткаў людзей позняга палеаліту на тэр. Чэхаславакіі.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),

польскі мастак; стваральнік нац. гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.Статлера і У.Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.Дзітла (1864), М.Каперніка (1875), К.Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).

Я.Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.
Я.Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.

Літ.:

Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;

Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;

Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.

І.М.Каранеўская.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Матэйка Я. 3/237, 493, 496—497 (укл.); 4/244; 7/81; 8/510, 512—513 (укл.); 12/677

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)