Дасвекафена-карэльскія архейскія масівы 12/15

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАНЦЫ́,

ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.

Астанец на месцы былых гор у Манголіі.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛІ́НАВЫ СІЕНІ́Т,

поўнакрышталічная магматычная шчолачная горная парода. Складаецца са шчолачнага палявога шпату (65—70%), нефеліну (каля 20%) і каляровых мінералаў (10—15%). Утварае інтрузіўныя масівы або ўваходзіць зонамі ў шчолачныя і шчолачна-ультрабазітавыя комплексы. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці. Масівы Н.с. на Украіне, у Расіі, Сярэдняй Азіі, Нарвегіі, Паўд. Грэнландыі, Канадзе, Паўд. Афрыцы і інш.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),

кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫГА́НГА,

вулканічная вобласць на У Манголіі. Патухлыя вулканы (выш. да 1778 м), палі базальтавых лаў, буйныя масівы пяскоў. Расліннасць паўпустынная і стэпавая.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cordillera Ibérica),

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, каля паўн.-ўсх. ускраіны плато Месета. Даўж. 440 км. Выш. да 2313 м (г. Манкайо). Паніжэнне з далінай р. Халон падзяляе горы на масівы больш высокія з альпійскімі вяршынямі на ПнЗ і больш нізкія, значна закарставаныя на ПдУ. Слаба расчлянёныя складкава-глыбавыя масівы, складзеныя з мезазойскіх вапнякоў, пясчанікаў, кварцытаў. Радовішчы жал. руды. Міжземнаморскія хмызнякі, на ПнЗ — шыракалістыя і хваёвыя лясы.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШТЫ-МАРГО́,

пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км² Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗмасівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ВА,

ланцуг горных масіваў на ПнЗ в-ва Хонсю, у Японіі. Даўж. каля 225 км. Пераважная выш. 200—800 м, найб. 2230 м (вулкан Цёкай). Масівы складзены з крышт. і асадкавых парод. Хвойныя лясы. Лесараспрацоўкі. У міжгорных паніжэннях — радовішчы нафты і газу.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,

частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)