МА́СЛЕНЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя насычаныя карбонавыя кіслоты з 4 атамамі вугляроду ў малекуле. Вядомыя н-масленая (бутанавая, ці этылвоцатная) к-та CH3CH2CH2COOH і ізамасленая (2-метылпрапанавая, ці дыметылвоцатная) к-та (CH3)2CHCOOH.
Бясколерныя вадкія рэчывы, раствараюцца ў вадзе. спірце. эфіры. Утвараюць солі і эфіры, якія наз. бутыраты і ізабутыраты. н-Масленая кіслата мае пах прагорклага масла, tкіп 163,5 °C, шчыльн. 957,7 кг/м³; ёсць у сметанковым масле і інш. тлушчах. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем масленага альдэгіду ці бутанолу, а таксама зброджваннем с.-г. адходаў (масленакіслае браджэнне). Ізамасленая кіслата (tкіп 154,4 °C, шчыльн. 950,4 кг/м³) ёсць у каранях купальніку. Выкарыстоўваюць М.к. ў сінтэзе пахучых рэчываў для парфумерыі і харч. прам-сці, лек. сродкаў, пластыфікатараў, эмульгатараў, у вытв-сці ацэтабутырату цэлюлозы, для абяззольвання (выдалення солей кальцыю, напр., пры апрацоўцы скур).
А.І.Валожын.
т. 10, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д імя В.І.Казлова.
Пабудаваны ў 1953—56 у Мінску як Мінскі з-д электрашчытоў кіравання, з 1956 Мінскі дзярж. саюзны электратэхн. з-д. У 1957—65 пабудаваны гал. і дапаможныя карпусы. З 1967 сучасная назва. Вырабляе электратэхн. абсталяванне (1999): трансфарматары сілавыя масленыя (да 1000 кВА), сілавыя сухія (да 1000 кВА), маламагутныя сухія (0,063—2,5 кВА) рознага прызначэння; электрападстанцыі для атамных, цеплавых і гідраэлектрастанцый, для электразабеспячэння нафтаздабыўной прам-сці, для тэрмаапрацоўкі бетону і грунту; прылады катоднай абароны магістральных нафта- і газаправодаў і інш. падземных метал. збудаванняў; быт. зарадныя, пусказарадныя прылады, зварачныя трансфарматары, эл. масленыя абагравальнікі і інш.
т. 10, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)