Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ ЛІК,
колькасць нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) у атамным ядры. Абазначаецца A і звычайна паказваецца індэксам уверсе злева ад сімвала хім. элемента, напр., запіс 32S адпавядае ізатопу серы з A = 32 (ізатопы аднаго хім. элемента маюць розны М.л.). Гл. таксама Атам, Ядро атамнае.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
А.І.Ерашоў.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЫНГ (англ. meeting),
масавы сход для абмеркавання паліт. і інш. надзённых пытанняў, у падтрымку якіх-н. патрабаванняў, для выказвання салідарнасці ці пратэсту.
т. 10, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАРО́ЖКА»,
бел. нар. масавы танец, блізкі да карагода. Выяўлены ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. У аснове харэаграфічнай кампазіцыі прамыя лініі з перастраеннямі. Памер 2-дольны, тэмп умераны. Сцэнічны варыянт створаны ў канцы 1940-х г. балетмайстрам Я.Хацілоўскім (паст. самадз. танц. ансамблем у Смаргоні).
Л.К.Алексютовіч.
т. 6, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,
генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАТА́ЛІХА»,
бел. нар. масавы танец. Зафіксаваны ў 1970-я г. ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Вылучаецца разнастайнасцю фігур. Перад пачаткам адзін з юнакоў запрашае ўсіх: «Рэж «Маталіху», музыкі, // сёння дзень у нас вялікі». Сцэн. варыянт створаны ў 1978 балетмайстрам І.Серыкавым у Віцебскім нар. ансамблі песні і танца «Маладосць». У 1980 «М.» пастаўлена Дзярж. ансамблем танца Беларусі.
Л.К.Алексютовіч.
т. 10, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛГА́СНАЯ ПО́ЛЬКА»,
бел. сцэнічны парна-масавы танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі, для рытму характэрна сінкапіраванне. Створана балетмайстрам П.Акулёнкам на аснове абагульнення элементаў танц. фальклору Талачынскага р-на, паст. ў 1955 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі. Вызначаецца складанасцю харэаграфічнага малюнка, разнастайнасцю рухаў у масавых і сольных эпізодах. Дзякуючы яркаму нар. каларыту, жыццярадаснасці настрою набыў вял. папулярнасць, уваходзіць у рэпертуар многіх калектываў маст. самадзейнасці.
Л.К.Алексютовіч.
т. 7, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫЖАЧО́К»,
бел. нар. парна-масавы танец. Муз. памер 2/4.Тэмп жвавы. Назва, верагодна, ад слова «крыж». Зыходзячы з такой інтэрпрэтацыі, сцэн. рэдакцыі «К.» будуюць на крыжападобных малюнках. У нар. побыце Гомельскай вобл., дзе назву выводзяць ад слова «крыжак» (дзікі качар), у харэаграфічным малюнку імітуюць рухі качара. Сцэн. варыянт створаны ў 1920-я г. К.Алексютовічам. «К.» выкарыстаны ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова.
М.Хвораст.
т. 8, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ у Заходняй Беларусі,
масавы дэмакр.-вызв., антыфаш. народны рух. Развіўся на глебе барацьбы супраць наступлення сіл рэакцыі ў Польшчы і пагрозы вайны ў 2-й пал. 1930-х г. Ініцыятарам руху выступіла КПЗБ, якая зыходзіла з распрацаванай КПП у вер. 1935 платформы дзеянняў, у аснове якой былі праграмныя ўстаноўкі VII Кангрэса Камінтэрна (1935). У канцы 1935—36 паміж партыямі і арг-цыямі рознай паліт. арыентацыі (КПЗБ, Бунд, Паалей Цыён, Стронніцтво людовэ) створаны адзінафрантавыя к-ты і камісіі ў Беластоку, Вільні, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Бельску і інш. У 1936 дасягнута дамоўленасць паміж прадстаўнікамі КПЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі пра сумесную барацьбу за школу на роднай мове. На працягу 1936—37 адбыўся шэраг выступленняў працоўных Зах. Беларусі (гл. Баранавіцкі адзінафрантавы мітынг працоўных 1936, Гродзенскія адзінафрантавыя выступленні працоўных 1936 і інш.) у абарону дэмакр. і сац. заваёў, супраць нац. прыгнёту, пачаўся масавы збор дэкларацый за адкрыццё школ на роднай мове. На развіццё антыфашысцкага народнага фронту адмоўна паўплывалі ўзмоцненыя рэпрэсіі польскіх улад і паліт. рэпрэсіі ў СССР, непаслядоўнасць і ваганні розных паліт. сіл. Роспуск у жн. 1938 КПП і КПЗБ практычна спыніў працэс складвання антыфашысцкага народнага фронту ў Зах. Беларусі.
У.Ф.Ладысеў.
т. 1, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)