БЕ́РАСЦЕНЬ,
берасцянік, гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай у беларусаў. Берасцяная аплётка надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць глінянага посуду, прызначанага для захоўвання ці халоднага прыгатавання ежы. Рабілі таксама берасцяную аплётку пашкоджанага посуду (пасля гэтага яго ўжо не ставілі ў печ). Даўнасць і масавасць бытавання такога прыёму выклікалі пашырэнне назвы «берасцень» нават на посуд, пазбаўлены берасцяной аплёткі (пераважна гладышы). Берасцені найбольш пашыраны былі на Паазер’і; у наш час выйшлі з ужытку.
Я.М.Сахута.
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТЛЕР-Ю́ГЕНД
(ням. Hitler-Jugend гітлераўская моладзь),
маладзёжная арг-цыя нацыянал-сацыялісцкай партыі ў 1926—45. Першапачаткова наз. Саюз ням. рабочай моладзі. З 1931 узначальваў рэйхсюгендфюрэр (да 1940 Б. фон Шырах, у 1940—45 А.Аксман). Да 1933 рыхтаваў маладую змену для штурмавых атрадаў (СА). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў (1933) набыў масавасць (у 1932 — 100 тыс. членаў, у 1938 — 8,5 млн.). Паводле закону ад 1.12.1936 абвешчаны адзінай дзярж. маладзёжнай арг-цыяй; ставіў за мэту выхаванне ўсёй ням. моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму; аб’ядноўваў моладзь ад 10 да 18 гадоў. Структурна падзяляўся (з 1938) на Deutsche Jungvolk (Ням. моладзь; хлопчыкі ад 10 да 14 гадоў), уласна Гітлер-югенд (юнакі ад 14 да 18 гадоў), Deutsche Jungmädel (Ням. дзяўчынкі; 10—14 гадоў) і Bund Deutscher Mädel (Саюз ням. дзяўчат; 14—18 гадоў). Распушчаны пасля ваен. паражэння фаш. Германіі.
т. 5, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)