Мартыт 3/421; 7/40

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́Т (ад лац. Mars бог вайны ў рымскай міфалогіі, чыё імя ў алхімікаў служыла сімвалам жалеза),

мінерал, прадукт ператварэння магнетыту Fe3O4 у гематыт Fe2O3. Крышталі і крышт. зерні магнетыту ператвораныя ў М., звычайна пры захаванні іх формы, замешчаны тонкаагрэгатным гематытам і набываюць яго фіз. ўласцівасці. Утвараецца М. у зоне кары выветрывання і на глыбіні, ва ўмовах павышанага патэнцыялу акіслення гідратэрмальных раствораў, вакол раней вылучанага магнетыту. Мартытавыя руды — высокагатунковыя жалезныя руды. Гл. таксама Псеўдамарфозы.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТЫ́Т [ад грэч. haima (haimatos) кроў],

чырвоны жалязняк, мінерал падкласа простых аксідаў, аксід жалеза Fe2O3. Прымесі тытану (да 11%), алюмінію (да 14%), марганцу (да 17%) і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, таблітчастыя, часта ў суцэльных скрытакрышт. масах, ліставатых ці лускападобных агрэгатах, у псеўдамарфозах па магнетыцы (мартыт). Колер чырванавата-карычневы да чорнага. Бляск паўметалічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. Каля 5,3 г/см³. Па паходжанні метамарфічны, гіпергенавы і інш. Асн. радовішчы ў жалезістых крыніцах. Адна з найважнейшых жалезных руд. Выкарыстоўваецца для вытв-сці фарбаў (чырв. охра) і абразіўных парашкоў. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундаменту, у адкладах рыфею і венду, дэвону, карбону, пярмі і трыясу, кайназою.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)