Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),
поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГРА,
горад у Паўн. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, порт на р. Джамна. 899 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр с.-г. Раёна. Гарбарна-абутковая, тэкст. (баваўняная), харч., папяровая, шкларобная, эл.-тэхн.прам-сць. Саматужныя промыслы (ручное ткацтва, разьба па камені).
У Агры створаны выдатныя ўзоры магольскай архітэктуры Індыі: крэпасць Агра-форт (1564—70; чырв. пясчанік) з палацам Джахангіры-Махал (1570), «Жамчужнай мячэццю» (1646—53; белы мармур), заламі Дывані-Ам (пачаты ў 1627) і Дывані-Кхас (1637); маўзалей Тадж-Махал; Саборная мячэць (1648); грабніца Ітымад-уд-Даула (1622—28; белы мармур з інкрустацыяй). За 9 км ад Агры ў Сікандры маўзалей Акбара (1612—13); за 37 км унікальны помнік інд. горадабудаўніцтва Фатыхпур-Сікры (рэзідэнцыя Акбара, 1569—84). Агра — цэнтр нар. разьбы і інкрустацыі па мармуры. Сучасная частка Агры забудавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. У Агры ун-т (1927), Тадж-музеум з археал. калекцыямі, спец.б-ка прац Гандзі.
Літ.:
Math K. Agra and its monumental glory. Bombay, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ»,
гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 (арх. Л.Пагарэлаў, Ю.Івахнішын, Т.Лабінская). Складаецца з 8-павярховага прамавугольнага ў плане жылога корпуса і прылеглага да яго дваровага фасада 1—2-павярховага аб’ёму складанай канфігурацыі. Разлічана на 160 месцаў. Кампазіцыя гал. фасада асн. аб’ёму грунтуецца на верт. рытме трохвугольных эркераў. Гал. ўваход акцэнтаваны пано (мастакі А.Кішчанка, Т.Кіршчына). 1-ы паверх вырашаны ў выглядзе пастамента. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны граніт, мармур, каштоўныя пароды дрэў, пластмасы, алюміній, шпалеры і інш. аддзелачныя матэрыялы. Складаная канфігурацыя аб’ёму ўтварае адкрыты ўнутр. дворык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛААКО́АН, Лаакоант,
у старажытнагрэч. міфалогіі траянскі прадракальнік, або жрэц. Паводле пашыранага міфа, у час Траянскай вайныЛ. разам з двума сынамі быў забіты двума марскімі змеямі за тое, што насуперак волі багіні Афіны намагаўся не дапусціць прыняцця траянцамі ў дар ад грэкаў драўлянага каня, у якім схаваліся грэч. воіны (гл. таксама Траянскі конь), і папярэджваў суайчыннікаў аб каварстве ворагаў. Міф пра Л. адлюстраваны ў ант. л-ры і выяўл. мастацтве. Найб. вядома мармуровая група «Лаакоан» родаскіх скульптараў Агесандра, Атэнадора і Палідора.
Лаакоан. Мармур. Скульптары Агесандр, Палідор і Атэнадор. Каля 50 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры сталага барока ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1765 ці 1747—70 (арх. І.К.Глаўбіц). Храм з прамавугольнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтр. неф, і 2 квадратнымі ў плане сакрысціямі. Гал. фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Бакавыя фасады апяразаны прафіляваным карнізам і рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай. У ім 3 мураваныя алтары, цэнтральны раскрапаваны 4 калонамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі гэтага ж ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АЭРАВАКЗА́Л.
Пабудаваны ў 1986 (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка) за 18 км на У ад Брэста з боку Маскоўскай шашы. Разлічаны на 400 пасажыраў. Складаецца з трох квадратных у плане аб’ёмаў, злучаных паміж сабой. У цэнтр. аб’ёме аперацыйная зала, перакрытая метал. канструкцыяй (структурай), што надае своеасаблівасць інтэр’еру, у другім — рэстаран, сталовая, у трэцім — адм. памяшканні, багажнае аддзяленне і інш.
Фасады вылучаюцца выразнай пластыкай, своеасаблівай арх.-маст. кампазіцыяй, у якой дамінуюць цэнтральна размешчаная дыспетчарская вежа і вуглавыя лесвіцы. У аддзелцы выкарыстаны мармур і граніт, пліткі «акмігран» і гіпсавыя для столі, шклопакеты для вітражоў, высакаякасная тынкоўка. Аўтарам праекта прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́Т (ад лац. aggregatus далучаны),
1) у петраграфіі сукупнасць мінер. зерняў ці іх зросткаў, якія ўтвараюць горныя пароды, руды, друзы і інш. Бывае просты — з аднаго мінералу (напр., мармур, кварцыт) і складаны — з некалькіх мінералаў (напр., граніт, сіеніт). Адрозніваюць агрэгаты цэментаваныя, рыхлыя, зямлістыя, порыстыя, шчыльныя і інш. 2) Машынны агрэгат — узбуйнены уніфікаваны (нармалізаваны) элемент (вузел) машыны, які адрозніваецца поўнай узаемазамяняльнасцю і самастойна выконвае пэўныя функцыі (напр., электрарухавік, помпа). Машыннымі агрэгатамі часам наз. фрэзерныя станкі-аўтаматы, транспарцёры і інш. 3) Сукупнасць дзвюх і болей машын ці апаратаў, якія працуюць сумесна, у адным комплексе (напр., ворны агрэгат складаецца з трактара, плугоў і барон; дызель-генератар — з дызельнага рухавіка і электрагенератара; турбакампрэсар — з турбіны і кампрэсара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРМО́НТ (Vermont),
штат на ПнУ ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Новай Англіі. Пл. 24,9 тыс.км², нас. 576 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Мантпіліер, найб. горад і гал.прамысл. цэнтр — Берлінгтан. Гар.нас. 32,2%. Большую ч.тэр. займаюць укрытыя хваёвым лесам горы Грын-Маўнтынс, што ўваходзяць у сістэму Апалачаў. Шмат азёр, найб. Шамплейн.
Клімат умераны, у гарах халодны, вільготны. Зімой адзначаюцца т-ры да -37 °C, летам да 32 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае апрацоўчая прам-сць (электраабсталяванне, электронныя кампаненты, ЭВМ, станкі). Развіта металаапрацоўчая, паліграф. і папяровая прам-сць. Здабываюць мармур, граніт, тальк, азбест. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Каля 70% пасяўных плошчаў займаюць сеяныя травы. Вырошчваюць таксама бульбу і гародніну. Садоўніцтва (яблыкі). Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Горны турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕ-д’АО́СТА (Valle d’Aosta),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс.чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас.р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).