МАРКІ́З (франц. marquis, ісп. marqués),
1) у раннесярэдневяковай імперыі Каралінгаў тое, што маркграф.
2) У сярэдневяковых Францыі і Італіі (з 10 ст.) буйны феадал, які паводле тагачаснай іерархіі знаходзіўся паміж герцагам і графам.
3) Спадчынны дваранскі тытул (паміж князем і графам) у Францыі, Іспаніі, Італіі.
т. 10, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКГРА́Ф (ням. Markgraf літар. граф маркі),
1) кіраўнік пагран. акругі (маркі) у сярэдневяковых Франкскай дзяржаве (пасада ўведзена Карлам Вялікім) і «Свяшчэннай Рымскай імперыі». М. меў больш паўнамоцтваў (у т. л. пастаянную ваен. ўладу), чым звычайны граф; у буйнейшых марках (маркграфствах) па сваім становішчы ён набліжаўся да герцага. З 12 ст. М. Брандэнбурга, Мейсена, Лужыцы, Маравіі сталі імперскімі князямі (М. Брандэнбурга і Мейсена пазней сталі і курфюрстамі).
2) Адзін з вышэйшых дваранскіх тытулаў у Францыі, Іспаніі, Італіі (гл. Маркіз).
т. 10, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЯВА́ ((Kaniava) Эдуардас) (н. 1.7.1937, г. Клайпеда, Літва),
літоўскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1960), з 1969 выкладае ў ёй. З 1959 саліст Літ. оперы. Валодае яркімі вак. данымі, сцэн. майстэрствам, выконвае партыі лірычнага і драм. барытона: Марус («Птушкі, якія заблудзілі» В.Лаўрушаса), Удрыс («Піленай» В.Кловы), Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Рыгалета, Жэрмон, маркіз ды Поза («Рыгалета, «Травіята», «Дон Карлас» Дж.Вердзі). Выступае і як канцэртны спявак.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІФЭ́ (Galliffet) Гастон Аляксандр Агюст, маркіз дэ (23.1.1830, Парыж — 8.7.1909), французскі военачальнік. Генерал (1870). У арміі з 1848. Удзельнічаў і вызначыўся ў Крымскай вайне 1853—56, аўстра-італа-французскай вайне 1859, Мекс. экспедыцыі 1861—67 і інш. У франка-прускую вайну 1870—71 пасля здачы французамі Седана трапіў у палон. На чале кав. брыгады арміі версальцаў удзельнічаў у задушэнні Парыжскай камуны 1871. Чл. Вышэйшага ваен. савета (з 1880). Інспектар кавалерыі (з 1885). Ваен. міністр (1899—1901). Дамогся ўвядзення ў франц. кавалерыі ваен. штаноў асаблівага крою (аблягалі калені і пашыраліся ўгору), вядомых як галіфэ.
т. 4, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (11.1.1927, в. Зарэчча Валагодскай вобл., Расія — 1.2.1991),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў тэатр. студыю пры Валагодскім драм. т-ры (1944). Працаваў у Волагдзе, Уральску, Камянец-Падольску, Даўгаўпілсе. З 1963 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Яго майстэрства вызначалася ўменнем спасцігаць сутнасць вобраза і псіхалагічна матываваць яго дзеянні, знаходзіць нечаканыя вонкавыя рысы, уласцівыя персанажу. Выконваў драм. і камедыйныя ролі. Сярод іх: палкоўнік Кусонскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Шахматаў («Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка), Дасцігаеў («Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Дон Луіс («Дон Жуан» Мальера) і інш.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),
нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў» А.Чэхава) і інш.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРА́НЧ ТАРЭ́ЛЬЁ ((Samaranch Torello) Хуан Антоніо) (н. 17.7.1920, г. Барселона, Іспанія),
іспанскі дзеяч міжнар. алімп. руху, дыпламат. Маркіз. Скончыў каледж у Германіі і Вышэйшы ін-т бізнесу ў Барселоне. З 1954 чл. Ісп. алімп. к-та (у 1967—70 яго старшыня), займаў пасаду міністра па справах моладзі і спорту ісп. ўрада. У 1973—77 старшыня муніцыпальнага савета Барселоны. У 1977—80 пасол Іспаніі ў СССР і Манголіі. З 1966 чл. Міжнар. алімп. к-та (МАК). У 1980—2001 прэзідэнт МАК. За гады свайго прэзідэнцтва ажыццявіў кардынальную перабудову алімп. руху, што выявілася ў прафесіяналізацыі Алімпійскіх гульняў, пераходу іх на камерцыйную аснову.
т. 14, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),
французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц. АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦЫНЮ́К (Аляксандр Іванавіч) (н. 7.2.1945, Гродна),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1969), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1969 працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, з 1976 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Вызначаецца адметным увасабленнем камед. вострахарактарных роляў, дакладна распрацоўвае іх маст. форму і вобразны змест: Куторга («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Адольф Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Шкаляр Самахвальскі («Несцерка» В.Вольскага), Крызальд («Школа жонак» Мальера), Бергамэн («Рамантыкі» Э.Растана), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Міколка («Бабскі бунт» паводле М.Шолахава). З інш. роляў: Феронда («Дэкамерон» паводле Дж.Бакачыо), Ксанф («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Клэр Куілці («Лаліта» Э.Олбі паводле У.Набокава), Чэда («Пані міністэрша» Б.Нушыча), Шыронкін («Мандат» М.Эрдмана), Патапаў, Хамутоў («Правінцыяльныя анекдоты» А.Вампілава).
т. 10, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)