МАРЖО́ВЫЯ І́КЛЫ, біўні,

зубы верхняй сківіцы маржа. У самцоў даўж. да 82 см, маса да 3 кг, сціснутыя з бакоў; у самак карацейшыя і больш акруглыя ў сячэнні. Растуць усё жыццё. З іх дапамогай морж выкопвае з дна корм, узбіраецца на лёд, абараняецца ад ворагаў. Выкарыстоўваюць у дэкар. мастацтве (дробная скульптура, нажы, брошкі, пацеркі і інш.).

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРЫ́СЫ (лац. vibrissae ад vibro калыхаюся, выгінаюся),

доўгія, шорсткія, відазмененыя валасы ў млекакормячых, якія выступаюць над паверхняй шорсткага покрыва і выконваюць ролю дадатковых органаў дотыку. Размяшчаюцца пераважна на пярэдняй частцы галавы (вусы ў кашэчых, т.зв. маржовыя вусы ў цюленяў, маржоў), зрэдку на бруху (у вавёркі), на лапах (у многіх сумчатых), канцы хваста (у крата). Добра развіты ў жывёл, якія вядуць начны (напр., у многіх драпежных, лемураў) або падземны (у кратоў, слепышоў) спосаб жыцця. Інервуюцца больш за звычайныя валасы (напр., у вусатых кітоў у корань вібрыса можа пранікаць да 10 тыс. нерв. валокнаў).

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРЖ (Odobaenus rosmarns),

адзіны від сям. маржоў атр. ластаногіх. 3 падвіды. Пашыраны кругапалярна. Жывуць статкамі на ўзбярэжжах, летам на плывучым лёдзе ўтвараюць логавішчы да 3—4 тыс. асобін. Лапцеўскі падвід (O.r. laptevi) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самца да 4,1 м, маса да 2 т (самкі адпаведна да 3,7 м і 1,1 т). Скура тоўстая (да 4 см) з кароткімі рэдкімі валасамі. У самца на грудзях, шыі і лапатках скура ўтварае бугры. Іклы верхняй сківіцы ператварыліся ў біўні (гл. Маржовыя іклы). Кормяцца пераважна доннымі жывёламі (малюскамі, ракападобнымі, чарвямі). Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2—3 гады. Промысел абмежаваны. Выкарыстоўваюцца біўні, мяса, скура.

Э.​Р.​Самусенка.

Морж.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)