ВАЛО́КА,

асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ у 16—18 ст. На Беларусі ўведзена ў час валочнай памеры. Як адзінка плошчы падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). Павінна была складацца з 3 роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі 3 маргі на сядзібу і агарод. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала валоку ў 33 маргі, па 11 маргоў у кожным полі. Пры кепскай зямлі практыкаваліся т.зв. «наддаўкі», таму памер валокі вагаўся ад 30 да 46 маргоў, але ўсе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі. Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі валокі цяглыя (паншчына), асадныя (грашовы чынш), вольныя ад павіннасці. Былі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя, або бакавыя (у часовым карыстанні), пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).

В.Ф.Голубеў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІКІ,

сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАН

(польск. łan ад ням. Lehn лён),

зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.

Літ.:

Dunin-Wąsowicz A Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)