Маніла (расліна) 2/566

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Маніла (г.) 6/615

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ЛА (Manila),

горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн. чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн. т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.

Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер. калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.

Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн. буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.​Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.​Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.​Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.​Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.​Баніфасіо (абодва скульпт. Г.​Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.​Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Мост цераз раку Пасіг у Маніле.
Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГІО (Baquio),

горнакліматычны курорт на Філіпінах. За 240 км ад г. Маніла, на в-ве Лусон, у гарах, абкружаны хваёвымі лясамі. Засн. ў 1904. Умераны горны клімат. Летам у Багіо функцыянуе рэзідэнцыя ўрада Філіпін.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НА ((Luna) Антоніо) (29.10.1866, Маніла — 5.6.1899),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 галоўнакамандуючы філіпінскай арміяй, з 1899 пам. ваен. міністра. Прыхільнік рашучай барацьбы за незалежнасць, арыштаваў міністраў філіпінскага ўрада, якія схіляліся да кампрамісу з ЗША. Забіты асабістай аховай прэзідэнта Э.Агінальда, які абвінаваціў Л. ў намеры «узурпіраваць уладу».

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІФА́СІО ((Bonifacio) Андрэс) (29.11.1863, Маніла — 10.5.1897),

кіраўнік нац.-вызв. руху на Філіпінах. У 1892 уступіў у «Філіпінскую лігу», якая прапаведавала мірны рух за сац. рэформы, заснаваў тайны рэв. саюз Каціпунан і склаў адзін з яго праграмных дакументаў — «Дзесяць запаведзяў сыноў народа». У 1896—97 узначаліў паўстанне супраць ісп. панавання. Абвінавачаны ў змове, расстраляны паўстанцамі на чале з Э.Агінальда.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛА-АЗІЯ́ЦКАЕ МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

агульная назва марскіх басейнаў, якія ляжаць паміж Азіяй і Аўстраліяй у зах. частцы Ціхага ак. Агульная пл. каля 8 млн. км². Найбольшыя моры: Паўднёва-Кітайскае мора, Яванскае мора, Сулавесі, Сулу, Малукскае мора, Банда, Флорэс і інш. Буйныя парты: Гуанчжоу, Чжаньцзян, Гаасюн (Кітай), Сянган (Сянган), Маніла (Філіпіны), Самарында, Банджармасін, Семаранг, Сурабая, Танджунгпрыёк (Інданезія), Сінгапур (Сінгапур), Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам).

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬФАНД (Барыс Абрамавіч) (н. 24.7.1968, Мінск),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1990). Пераможца Сусв. шахматнай алімпіяды ў складзе каманды СССР (1990), чэмпіён СССР (1985) і Еўропы (1987—88) сярод юнакоў. Пераможца міжзанальных (Маніла, Філіпіны — 1990, Біль, Швейцарыя — 1993) і інш. буйных міжнар. турніраў. У 1-й пал. 1990-х г. уваходзіў у дзесятку мацнейшых шахматыстаў свету.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСО́Н (Luzón),

найбольшы востраў на Пн Філіпінскага архіпелага. Пл. 105,6 тыс. км². Нас. 30 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна сярэднягорны, выш. да 2928 м (г. Пулаг). Есць дзеючыя вулканы (Маён і інш.). Клімат субэкватарыяльны, мусонны, частыя тайфуны. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, у далінах рэк — саванны. Радовішчы храмітаў, золата, нафты, газу, жал. руд. Прам-сць: харч., дрэваапр., тэкст., цэм., горназдабыўная. Вырошчваюць рыс, кукурузу, трыснёг, тытунь, какосавую пальму, какаву, каву, манільскія каноплі і інш. На Л. сталіца Філіпін — г. Маніла.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІ́НІ ((Mabini) Апалінарыо) (23.7.1864, г. Талага, Філіпіны — 13.5.1903),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. Скончыў ун-т у г. Маніла. Юрыст. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў тайнай патрыят. арг-цыі Філіпінская ліга (1892—93). У жн. 1896 далучыўся да антыісп. паўстання на чале з ген. Э.Агінальда. Напісаў канстытуцыю Філіпінскай Рэспублікі 1898—99. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 рашучы прыхільнік незалежнасці Філіпін. У студз.—маі 1899 прэм’ер і міністр замежных спраў філіпінскага ўрада. У снеж. 1899 узяты ў палон амер. войскамі, са студз. 1901 у ссылцы на в-ве Гуам. У лют. 1903 згадзіўся прызнаць уладу ЗША над Філіпінамі і быў вернуты на радзіму. Аўтар кн. «Філіпінская рэвалюцыя» (т. 1—2, надрук. 1951).

Літ.:

Левтонова Ю.О. Мабини — национальный герой Филиппин. М., 1970.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)