Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,
адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.
Літ.:
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;
Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;
Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;
Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.
А.В.Рубанаў.
т. 1, с. 109
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АКУ́ЛАЎ Валянцін Леанідавіч
(н. 31.1.1936, в. Троіцкае Бесарабскага р-на, Малдова),
філосаф. Д-р філас. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Кішынёўскі ун-т (1960). Настаўнічаў, працаваў у Кішынёўскім ін-це мастацтваў, Краснадарскім політэхн. ін-це і інш. З 1979 у Мінскім лінгвістычным ун-це (з 1983 заг. кафедры філасофіі і логікі). Працы па праблемах анталогіі і тэорыі пазнання, эстэтыкі, філасофіі права: «Філасофія, яе прадмет, структура і месца ў сістэме навук» (1976), «Дыялектычны матэрыялізм як сістэма (Спроба тэарэтычнага аналізу)» (1986), «Матэрыялістычны манізм: сутнасць і метадалагічнае значэнне» (1988) і інш.
т. 1, с. 215
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)