КЛЕБАНО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Іванавіч; н. 14.3.1934, в. Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыў БДУ (1957). Працаваў на Бел. тэлебачанні (у 1977—96 гал. рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі). Друкуецца з 1971. Аўтар аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), п’ес «Аплявуха» (паст. 1960), «Санітарны дзень» (паст. на Бел. радыё 1994), «Збродныя душы» (1997); сцэнарыяў тэлефільмаў: дакументальных «Вясёлка над полем» (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Салдаты перамогі» (1975), мастацкіх «Вера» (1993), «Варыяцыі» (1995); апавяданняў. Асн. тэмы твораў — жыццё сучаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы; ім уласцівы добразычлівы дасціпны гумар, нестандартныя сітуацыі, сакавітая мова.

Тв.:

Ранішняе сонца: Апавяданні і аповесць Мн., 1981.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),

рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.​Жук.

Тв.:

Избранное. М., 1985;

Две ночи. М., 1986;

Бел. пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.

Літ.:

Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд. Ю.​Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),

бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел. газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час. «Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел. нар. т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ. «Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.​Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.​Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.​Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.​Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.​Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.

Тв.:

Калісь. Вільня, 1919;

Страхі жыцця. Вільня, 1919;

Цені. Мн., 1920;

Птушка шчасця. Вільня, 1922;

Шчаслівы муж. Вільня, 1922;

У лясным гушчары. Рыга, 1932;

Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;

Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;

У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;

Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;

Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;

Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;

Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;

Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;

Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;

Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.​Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1994. № 4;

Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Г.​В.​Кажамякін.

Ф.К.Аляхновіч.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ.

Створаны ў 1920 у Мінску як Бел. дзярж. т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел. дзярж. т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.​Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.​Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.​Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.​Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.​Галіна, Г.​Глебаў, Г.​Грыгоніс, І.​Ждановіч, У.​Крыловіч, К.​Міронава, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Ржэцкая, У.​Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.​Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.​Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, К.​Буйло, Л.​Родзевіча, Ц.​Гартнага, В.​Гарбацэвіча, М.​Грамыкі, М.​Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.​Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.​Крапіўніцкі, М.​Старыцкі, І.​Катлярэўскі), рус. (М.​Горкі, Чэхаў, У.​Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.​Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.​Ждановіч, арт. А.​Крыніца, драматургі Грамыка, Р.​Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.​Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-р рэж. Л.​Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.​Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.​Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.​Бядуляй, М.​Клімковічам, Э.​Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял. Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.​Карнейчука, «Рускія людзі» К.​Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.​Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.​Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.​Крапівы, К.​Губарэвіча, А.​Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял. Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.​Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.​Зорына, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Нора» Г.​Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.

У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.​Дзялендзіка, П.​Васілеўскага, С.​Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.​Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.​Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.​Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.​Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.​Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г. т-р на чале з рэж. В.​Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.​Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава і інш. Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял. Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.​Быкава, «Эшалон» М.​Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма, «Характары» паводле В.​Шукшына, «Гульня з кошкай» І.​Эркеня, «Святая святых» І.​Друцэ, «Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.​Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр. нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв. т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.​Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.​Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.​Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г. найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.​Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.​Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.​Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.​Кавалёва, «Восеньская саната» І.​Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел. нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.​Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.

У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.​Стома, У.​Уладамірскі, М.​Яроменка, нар. артысты Беларусі С.​Бірыла, М.​Бялінская, Г.​Грыгоніс, П.​Дубашынскі, І.​Ждановіч, П.​Кармунін, Р.​Кашэльнікава, Пола, В.​Філатаў, І.​Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.​Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.​Бараноўскі, А.​Дзянісаў, П.​Іваноў, В.​Краўцоў, Б.​Кудраўцаў, П.​Пекур, Б.​Уладамірскі, М.​Федароўскі, Р.​Філіпаў (нар. арт. Расіі), С.​Хацкевіч, Э.​Шапко, Л.​Шынко, Б.​Янпольскі, арт. Ю.​Авяр’янаў, Б.​Дакальская, Т. і У.​Кін-Камінскія, А.​Уладамірскі і інш., рэжысёры В.​Галаўчынер, Л.​Мазалеўская, М.​Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.​Агамірзян, А.​Андросік, М.​Зораў, Б.​Луцэнка, М.​Міцкевіч, І.​Папоў, І.​Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.​Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.​Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.​Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.​Саннікаў (1948—52), І.​Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.​Простаў (1958—60), В.​Броўкін (1960—62), Г.​Шчарбакоў (1962—64), Б.​Эрын (1964—68), Ц.​Кандрашоў (1969—72); мастакі А.​Марыкс (1922—29, 1934—39), І.​Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.​Галубовіч (1958—62), А.​Грыгар’янц (1962—76), Б.​Герлаван (з 1976).

У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.​Аўсяннікаў, С.​Станюта, В.​Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.​Белахвосцік, З.​Браварская, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, А.​Мілаванаў, А.​Памазан, Г.​Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.​Бальчэўская, З.​Белахвосцік (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.​Варанецкі, Г.​Давыдзька, М.​Зінкевіч, З.​Зубкова, Я.​Кавалёва, Н.​Качаткова, М.​Кірычэнка, У.​Кудрэвіч, Г.​Маляўскі, В.​Манаеў, Т.​Нікалаева, А.​Падабед, У.​Рагаўцоў, А.​Рынковіч, артысты А.​Гарцуеў, М.​Громава, І.​Дзянісаў, А.​Долгая, А.​Ельяшэвіч (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), А.​Іваннікава, С.​Краўчанка, Я.​Кульбачная, А.​Лабуш, А.​Луцэвіч, С.​Некіпелава, В.​Няфёдава, В.​Паўлюць, Н.​Піскарова, Т.​Пузіноўская, В.​Рэдзька (засл. арт. Аўт. рэспублікі Крым), А.​Сідарава, І.​Усовіч, Г.​Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар. арт. Беларусі В.​Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.​Савіцкі.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл. Мінскі гарадскі тэатр).

Літ.:

Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;

Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;

Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг. Мн., 1957;

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Мн., 1970;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг. Мн., 1989;

Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Кулалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.​Макаёнка.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.​Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.​Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.​Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.​Дударава.

т. 11, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)