Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Васіль Сцяпанавіч) (9.8.1831, С.-Пецярбург — 27.8.1875),
рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат М.С.Курачкіна. Да 1853 на ваен. службе. У 1859—73 рэдактар і выдавец сатыр. час. «Искра» (да 1864 з М.А.Сцяпанавым). У 1861—63 чл. цэнтр. к-та тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1848. Пісаў вершы, вадэвілі («Паміж намі, панове!», паст. 1853; «Сюрпрыз», паст. 1854), фельетоны. Пачынальнік у рус. л-ры надзённай паліт. паэзіі, для якой характэрна парадыйнае выкарыстанне розных жанраў (санет, ода, стансы, элегія), увядзенне для камічнага эфекту ў якасці дзеючых асоб герояў вядомых літ. твораў (А.Грыбаедава, М.Гогаля, Дз.Фанвізіна). Перакладаў зах.-еўрап. пісьменнікаў (Мальера, А.Мюсэ, А.Барб’е, В.Гюго і інш.). Найб. вядомы яго пераклады «Песень Беранжэ» (1858; усяго пераклаў 89 песень), у якіх тэмы і вобразы франц. арыгінала суаднесены з рэаліямі рас. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. камедыі «Прынц-Лугоня» (пераробка камедыі М.Манье «Кароль Бабален», 1880). Некат. вершы пакладзены на музыку А.Даргамыжскім і М.Мусаргскім.
Тв.:
Стихотворения. Статьи. Фельетоны. М., 1957;
Стихотворения. М.; Л., 1962.
Літ.:
Ямпольский И. Василий Курочкин // Ямпольский И. Середина века. Л., 1974;
Старицына З.А. Беранже в русской литературе. М., 1980. С. 76—88.
т. 9, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,
штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл. Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.А.Белялюбскі, А.Ф.Лалейт, Р.П.Перадзерый, В.В.Міхайлаў, А.А.Гвоздзеў, бел. вучоныя І.М.Ахвердаў, Я.І.Дрозд і інш.
Літ.:
Гл. пры арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
П.М.Багаслаўчык.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)