МАНСА́РДА (ад франц. mansarde),

паддашак, памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц. арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.

В.​Б.​Ангелаў.

Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.
Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.​Мансара.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДДА́ШАК,

тое, што мансарда.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ «ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДО́МІК»,

помнік архітэктуры стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820. Будаваўся як зімовая рэзідэнцыя Румянцавых. Кампактны прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым 4-схільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асн. аб’ёму па баках прыбудаваны невял. мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры гал. фасада 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Арх. акцэнт кампазіцыі — мансарда з вял. паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасада выкарыстаны рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры захаваліся 3 кафляныя печы.

Гомельскі «Паляўнічы домік».

т. 5, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАЗАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны 19 ст. ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Размешчана каля дарогі на в. Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом — прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом пастаўлены на падмурку з драўляных брусоў. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаны на гал. фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны 2 двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтр. ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Інтэр’еры не захаваліся. Парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перад гал. фасадам дома размешчаны круглы партэр.

С.​А.​Друшчыц, Ю.​А.​Якімовіч.

Поразаўская сядзіба.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)