Маннік 6/617

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННІК (Glyceria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (G. maxima), дуброўны (G. nemoralis), літоўскі (G. lithuanica), плывучы (G. fluitanse), складкаваты (G. plicata), трысняговы (G. arundinacea). Трапляюцца па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах, канавах.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце з замкнёнымі похвамі, лінейнае, шурпатае. Каласкі шматкветныя, падоўжаныя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — зярняўка. Пад назвай манна часам ужываюцца зярняўкі М. плывучага (адсюль назва роду). Харч. і карм. расліны.

Маннік вялікі.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА Размешчана каля г. Салігорск Мінскай вобл. Створана ў 1967 плацінай у сярэднім цячэнні р. Случ. Пл. 23,1 км², даўж. 24 км. найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 55,9 млн. м³. Даўж. берагавой лініі 70 км. Катлавіна выцягнута з ПнУ на ПдЗ. 40% берагоў — штучныя. У верхняй і сярэдняй ч. берагі нізкія, забалочаныя або ўмацаваныя насыпамі; каля Салігорска выш. іх 1—3 м, у залівах нізкія, забалочаныя. Да затаплення на месцы вадасховішча быў забалочаны тарфяны масіў. Дно выслана торфам, ілам, пяском. Мелкаводдзі (глыб. да 2 м) займаюць каля 40% вадасховішча. Ёсць 4 буйныя залівы. Сярэдні шматгадовы сцёк 288 млн. м³. Рэгуляванне сцёку сезоннае, аб’ём вады аднаўляецца 4 разы за год. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня да 50 см) трымаецца да канца сакавіка. Моцна зарастае; расліннасць (чарот азёрны, маннік вадзяны, аер звычайны, эладэя канадская, рдзесты, раскі і інш.) найб. пашыраны ў верхняй і сярэдняй ч. вадасховішча. Водзяцца плотка, акунь, шчупак, карась залаты, джгір, лешч, язь і інш. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой прадпрыемстваў ВА «Беларуськалій», рэгулявання сцёку р. Случ, абваднення с.-г. угоддзяў. Вакол вадасховішча зона адпачынку. 2 санаторыі-прафілакторыі, лодачная станцыя. Вядзецца кантроль за хім. саставам вады ў сувязі з забруджваннем яе салявымі адваламі са Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей.

Салігорскае вадасховішча.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)