МАНЕ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць манет розных наміналаў, якія арыентаваны на пэўную лікавую сістэму. Часам паняцце «М.с.» трактуецца як сінонім дапапяровай грашовай сістэмы, калі маецца на ўвазе асн. манетны метал, зафіксаваныя законам проба і лігатурная маса манетных наміналаў.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ТНАЯ СТАПА́,

колькасць манет, якая выпускаецца з пэўнай масы металу (лібры, маркі, грыўні, фунта). Павелічэнне колькасці манет, што выбіваюцца з пэўнай адзінкі масы металу, прыводзіла да змяншэння масы каштоўнага металу ў манеце. Таму М.с. можна было або павялічыць, г. зн. біць з гэтай колькасці металу менш манет, або панізіць — біць больш манет з гэтай жа колькасці металу.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ СКА́РБЫ,

1) манетна-рэчавы скарб, знойдзены ў 1910 у Полацку на тэр. Верхняга замка. Ухаваны паміж 1060 і 1070. Рэчавая частка складалася з сярэбраных 4 цэлых і 39 абрубкаў палачкападобных зліткаў, 3 фрагментаў буйных аладкападобных зліткаў, некалькіх загатовак з волава. Манетная частка складалася з некалькіх фрагментаў куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата, 128 цэлых і 13 фрагментаў дэнарыяў дзяржаў Зах. Еўропы, 7 перайманняў і манетападобных пласцінак.

2) Скарб з 6 залатых рэчаў знойдзены ў 1984 на тэр. Ніжняга замка. Ухаваны ў 2-й пал. 10 ст. Складаўся з фрагмента грыўні і бранзалетаў.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)