МАНГАЗЕ́Я,

рускі горад і порт у 1601—72 на Пн Зах. Сібіры на р. Таз. Назву атрымаў ад ненецкага племя мангазея, ці малканзея. У 1601—07 атрад табольскіх і бярозаўскіх стральцоў і казакоў на чале з ваяводам В.​М.​Масальскім-Рубцом (з княжацкага роду Масальскіх з ВКЛ) пабудаваў 4-сценны 5-вежавы горад як апорны пункт для замацавання рускіх у басейнах рэк Енісей і Лена. Хутка набыў вял. гандл.-прамысл. значэнне (захоўваў яго да 1640-х г.). Насельніцтва (у 1620-я г. 2 тыс. чал.) займалася менавым гандлем з ненцамі, сабаліным промыслам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, суднаходствам, рамёствамі (ліцейным, кастарэзным і інш.). Асваенне новага шляху на Енісей і Лену, збядненне мясц. сабаліных промыслаў прывяло да заняпаду горада. У 1672 перанесены на месца Туруханскага зімоўя (да 1780 наз. Новая М., цяпер с. Туруханск Краснаярскага краю).

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІЯ,

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Расіі. Паводле паходжання — Рурыкавічы, адгалінаванне чарнігаўскіх князёў; прозвішча ад г. Масальск (Калужская вобл. Расіі), якім яны валодалі ў 14—15 ст. Найб. вядомыя: Аляксандр Рыгоравіч (?—1643), маршалак ковенскі ў 1617—27, кашталян дэрпцкі ў 1627—31 і смаленскі ў 1631—38, ваявода мінскі з 1638. Андрэй Фёдаравіч (?—1651), маршалак гродзенскі ў 1618—27, кашталян брэсцкі ў 1627—43, ваявода мінскі ў 1643—45 і брэсцкі з 1645. Міхал Юзаф (да 1700—20.1.1768), пісар вялікі ВКЛ у 1726—37, староста гродзенскі ў 1727—50, ваявода мсціслаўскі ў 1737—42, кашталян трокскі ў 1742—44 і віленскі з 1744, гетман польны ў 1744—62 і вялікі з 1762. Васіль Міхайлавіч (?—1611), дзярж. дзеяч Расіі. У 1601 заснаваў г. Мангазея, дзе быў ваяводам. У 1604 стаў набліжаным Ілжэдзмітрыя I, з 1608 прыхільнік Ілжэдзмітрыя П. У 1610 быў у складзе пасольства да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якое заключыла дагавор аб выбранні каралевіча Уладзіслава рас. царом. Гл. таксама Масальскі І.Я., Масальскі Э.Т.А., Масальскі Ю.А.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)