Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Манастырскія школы 6/604; 11/334
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,
сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр.ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ ЎЛАДА́ННІ,
зямельная і інш. ўласнасць праваслаўных (з 12 ст.), каталіцкіх (з 15 ст.) і уніяцкіх (з 16 ст.) манастыроў. Яны фарміраваліся з падараванняў вял. князёў і каралёў, магнатаў, шляхты, а таксама ў выніку ўласнай гасп. і інш. дзейнасці (купля, атрыманне ў спадчыну або за доўг і інш.). Ва ўласнасці манастыроў звычайна знаходзіўся комплекс культавых збудаванняў, жылых будынкаў і гасп. пабудоў, у некат. выпадках — млыны, корчмы і інш. Аснову М.у. складалі зямельныя ўладанні з паселенымі на іх манастырскімі сялянамі, а таксама вял. сумы грошай. Манастыры мелі льготы ў землеўладанні, не плацілі звычайных дзярж. падаткаў. Колькасць манастыроў на тэр. Беларусі рэзка зменшылася пасля далучэння яе да Рас. імперыі (у 1842 уладанні правасл. і каталіцкай цэркваў былі перададзены ў загадванне Мін-вадзярж. маёмасцей). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 манастыры практычна зніклі, а іх уласнасць нацыяналізавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛвял.кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст.пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах. губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЎРЫ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
ці Сірыйская, дынастыя візантыйскіх імператараў (717—802). Заснавальнік — выхадзец з Сірыі Леў III, якога памылкова лічылі родам з Ісаўрыі (паўд. вобласць М. Азіі). Пры І.д. становішча Візантыі ўмацавалася, сфарміравалася фемная сістэма ўпраўлення (гл.Фемы), заснаваная на падатковых павіннасцях і ваен. службе свабодных сялян. Імператары І.д. паспяхова ваявалі з арабамі і балгарамі, імкнуліся замацаваць адзінства шматплемянной імперыі, у ходзе барацьбы супраць т. зв. абразашанавання канфіскоўвалі царк. і манастырскія багацці. Прадстаўнікі дынастыі: Леў III [717—741], Канстанцін V [741—775], Леў IV [775—780], Канстанцін VI [780—797], Ірына, жонка Льва IV [797—802].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.
Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял.Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.
Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян. Галоўны фасад царквы (чарцёж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РА,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Нара. 354 тыс.ж. (1992). Прам-сць: станкабуд., эл.-тэхн., дрэваапр., харчасмакавая, трыкат., вытв-сцьмаст. вырабаў, цацак. Ун-т. Горад-музей, турысцкі цэнтр міжнар. значэння. Музеі: Ямата бункакан (мастацтва Японіі і Кітая), мастацкі (яп., кіт., кар.дэкар.-прыкладное мастацтва), Нац. гарадскі і інш.Арх. помнікі: манастырскія комплексы Якусідзі (пабудаваны ў 680, перанесены ў Н. ў 718), Кафукудзі (засн. ў 669, перанесены ў Н. ў 710, перабудаваны ў 12—13 ст.), Тадайдзі (743—752, перабудаваны ў 12, 17 і 18 ст.), Тасёдайдзі (засн. ў 759), Сін-Якусідзі (засн. ў 747) з храмамі і скульптурай. Імператарская скарбніца Сёсаін. Паблізу Н. будыйскі храмавы комплекс Харудзі (607), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Горад засн. паблізу будыйскіх святынь. У 710—784 сталіца стараж. Японіі, яе гіст. і рэліг.цэнтр. Пасля пераносу ў 784 г. сталіцы ў г. Нагаока, а ў 794 у Хэян (цяпер Кіёта) страціла сваё значэнне. З 19 ст. турыстычны цэнтр. Штогод Н. наведвае каля 3 млн. турыстаў і паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл.Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.
На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл.Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-тЕўрапейскага гуманітарнага універсітэта.