МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЫ́ФМА (ад мана... + рыфма),
рыфма, якая спалучае ўсе радкі вершаванага твора:
Ці не бачылі вы фрыца,
Што ўсяго цяпер баіцца?
Ён баіцца ў лазні мыцца:
Вельмі лёгка абварыцца,
І ў цырульніка галіцца —
Можа з горла кроў паліцца.
А падыдзе да крыніцы,
Не адважыцца напіцца,
Каб насмерць не атруціцца...
Трэба, хлопцы, згаварыцца,
З акупантам разлічыцца
І зрабіць яму капут.
(П.Панчанка. «Чаго баіцца немец?»).
Верш, напісаны М., наз. манарым.
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)