ПА́ХЕР ((Pacher) Міхаэль) (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),

аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.​Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш, Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Пахер. Св. Вольфганг прымушае д’ябла трымаць малітоўнік. Фрагмент алтара «Чатырох айцоў царквы». 1475—79.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 124—125.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́БЫ (араб.),

кнігі, напісаныя на бел. мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў 14 ст. Змест К. — усх. легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульм. рытуалаў, т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), варажба па літарах Карана, маральна-этычныя павучанні для моладзі, разгадванне сноў і інш. Акрамя К. існуюць тэфсіры (Каран з падрадковым каментарыем па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (малітоўнік). Напісаны і чытаюцца К. справа налева, радок суцэльны, без знакаў прыпынку і без падзелу на словы, кожны наступны радок роўны з папярэднім да адной літары. Новы твор пачынаецца словамі «баб» (раздзел) ці «хікайет» (аповесць). Мова К. блізкая да нар. бел. мовы (у тэкстах сустракаюцца словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжываліся ў бел. мове 17—19 ст. і захаваліся да нашага часу). Вывучэнне К. пачалося ў сярэдзіне 19 ст. Найб. грунтоўна даследаваў А.К.Антановіч, а таксама І.​І.​Луцкевіч, Я.​Станкевіч. Вядомы польскія тэксты (творы, урыўкі), напісаныя араб. пісьмом.

Літ.:

Антонович АК. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.

В.​І.​Несцяровіч.

Старонка з кітаба пач 19 ст.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)