МА́ЛЬТУС ((Malthus) Томас Роберт) (17.2.1766, Рукеры, каля г. Гілфард, Вялікабрытанія — 23.12.1834),

англ. эканаміст, дэмограф, святар; заснавальнік мальтузіянства. Скончыў Джэзус-каледж Кембрыджскага ун-та (1788). У 1805—34 праф. гісторыі і палітэканоміі каледжа ў Ост-Індскай кампаніі, дзе выконваў і абавязкі святара. У асн. працы «Вопыт пра закон народанасялення...» (1798) сфармуляваў палажэнне аб тым, што насельніцтва мае тэндэнцыю росту ў геам. прагрэсіі, а сродкі існавання могуць павялічвацца толькі ў прагрэсіі арыфметычнай. Нягледзячы на «натуральнае» рэгуляванне колькасці насельніцтва шляхам эпідэмій, голаду, войнаў і да т.п., наступае «абсалютнае перанасяленне», з якім неабходна змагацца шляхам рэгламентацыі шлюбаў і рэгулявання нараджальнасці.

т. 10, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мальтус Т. Р. 6/595; 7/405

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА палітэканоміі,

кірунак эканам. думкі, прадстаўнікі якога лічылі рынак самарэгулявальнай сістэмай, здольнай без дзярж. ўмяшання забяспечыць эканам. рост і поўную занятасць. Узнікла ў канцы 17 ст. ў мануфактурны перыяд. Яе заснавальнікі У.Пеці ў Вялікабрытаніі і П.Буагільбер у Францыі, якія паклалі пачатак прац. тэорыі вартасці; далей развіта ў творах фізіякратаў (Ф.​Кенэ, А.Р.​Ж.​Цюрго і інш.) і дасягнула вяршыні ў вучэннях А.Сміта і Д.Рыкарда. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.ш.: Ж.​Б.​Сей, Ф.​Бастыя, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Ч.​Кэры, Дж.С.Міль і К.Маркс (увёў тэрмін «класічная палітычная эканомія») і інш. Яны перанеслі прадмет эканам. тэорыі ў сферу вытв-сці, паставілі праблему эканам. законаў і велічыні вартасці тавару. К.ш. зрабіла значны ўплыў на развіццё эканам. навукі.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙ, Сэй (Say) Жан Батыст (5.1.1767, г. Ліён, Францыя — 15.11.1832), французскі вучоны-эканаміст. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1816). Праф. паліт. эканомікі (з 1819). Упершыню сістэматызаваў курс эканам. навукі. Яго навук. працы наз. «палітычнай эканоміяй цвярозага розуму». Прыхільнік свабоднага гандлю і неўмяшання дзяржавы ў эканам. жыццё, сфармуляваў т.зв. закон рынку. Лічыў, што абмен тавараў аўтаматычна прыводзіць да раўнавагі паміж купляй і продажам. Яго тэорыя збыту ўвайшла ў навуку пад назвай «закон С.». Адзін з аўтараў тэорыі фактараў вытв-сці, паводле якой працы, капіталу, зямлі адпавядаюць зарплата, прыбытак і рэнта. Як і Т.​Р.​Мальтус, тлумачыў прычыну беднасці празмернасцю насельніцтва ў параўнанні са сродкамі існавання.

Тв.:

Рус. пер. — Трактат по политической экономии. М., 2000.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)