МАЛЕ́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (15.3.1920, в. Ліпск Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. —29.5.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з 1945 на фронце. Стралок, камандзір аддзялення М. вызначыўся ў сак. ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1980 працаваў у нар. гаспадарцы.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Адамавіч) (н. 17.1.1938, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прамысловай цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БПІ (1966). З 1966 у Бел. політэхн. акадэміі (у 1975—85 і з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па цеплаэнергет. абсталяванні прамысл. прадпрыемстваў, энергазберажэнні, цеплафізіцы металург. працэсаў.

Тв.:

Теплофизические основы затвердевания отливок и слитков. Мн., 1989 (разам з Ю.А.Самайловічам);

Белорусская энергетическая система (1931—1991). Мн., 1992 (у сааўт.).

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 12.10.1953, в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1996), праф. (1997). Сын К.І.Малевіча. Скончыў Цалінаградскі мед. ін-т (1976). З 1980 у Мінскім мед. ін-це (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па клініцы, дыягностыцы, лячэнні генітальнай герпетычнай інфекцыі.

Тв.:

Внешнее дыхание, газо- и энергообмен при беременности. Мн., 1986 (разам з У.М.Дзямідавым, С.С.Саакянам);

Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Ігар Аляксандравіч) (н. 13.11.1941, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз-матэм. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1966). З 1970 у БДУ. З 1996 на дыпламатычнай рабоце. Навук. працы па статыстычнай оптыцы і радыёфізіцы, квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы. Распрацаваў лазерную стат. хранаскапію. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Тв.:

Методы и электронные системы анализа оптических процессов. Мн., 1981;

Многофункционалъные лидарные системы. Мн., 1986 (разам з У.І.Івановым, А.П.Чайкоўскім);

Синтез образцовых многозначных мер времени. Мн., 1994 (разам з Дз.А.Яфрэменкам, Э.І.Табачнікам).

П.М.Бараноўскі.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Канстанцін Іванавіч) (н. 23.3.1930, в. Замошша Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1977). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1980 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (да 1997 заг. кафедры). Навук. працы па працяканні родаў пры генітальнай паталогіі, лячэнні і рэабілітацыі гінекалагічных хворых, лазератэрапіі.

Тв.:

Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з П.С.Русакевічам, Г.І.Герасімовічам);

Лечение и реабилитация при гинекологических заболеваниях. Мн., 1994 (разам з П.С.Русакевічам).

К.Малевіч. Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам). 1915.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),

бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.Чорнага (1941). У 1920-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).

Літ.:

Ціхановіч В. М.А.Малевіч. Мн., 1959.

М.А.Гугнін.

М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.Яршова, 1938.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 30.5.1937, Мінск),

бел. архітэктар. Сын М.А.Малевіча. Скончыў БПІ (1961). Працаваў у Барысаўскім філіяле Мінскага аблпраекта (1961—73; гал. архітэктар праектаў), з 1976 нам. ген. дырэктара ін-та «Белбыттэхпраект» навук.-вытв. аб’яднання «Белбыттэхніка», з 1987 гал. архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні ін-та «Мінскграмадзянпраекг», з 1996 у камітэце па архітэктуры, горадабудаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: праекты планіроўкі і забудова мікрараёнаў гарадоў Барысаў, Слуцк, Чэрвень, Смалявічы, Крупкі Мінскай вобл. і інш. (1962—72), праекты цэнтр. плошчаў у Барысаве (1963, у сааўт.) і Беразіно Мінскай вобл. (1967), цэнтра курортнага пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1970); б-ка, спарт. корпус з плавальным басейнам, 9-павярховы жылы дом у Барысаве (1964—68); кінатэатр «Рагнеда» ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1988); бальніца з паліклінікай у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1998); крытыя корты ў комплексе «Дразды» каля Мінска (1995) і інш.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),

бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар. маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд. М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).

Літ.:

Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;

Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;

Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;

Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.

В.Я.Буйвал.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Малевіч С. (фалькларыст) 5/285; 6/204; 10/531; 12/446

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Малевіч А. С. 2/165

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)