МА́ЛВА,
плато на ПнЗ п-ва Індастан, у Індыі. Абмежавана на ПнЗ хр. Аравалі, паўд. ч. ўваходзіць у склад гор Віндх’я. Выш. 200—600 м. Складзена пераважна з пясчанікаў, перакрытых на Пд базальтавымі лавамі. Характэрны згладжаныя масівы і моцна расчлянёныя ступеньчатыя раўніны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкі (каля 1000 мм за год) выпадаюць пераважна летам. Рэдкастойныя мусонныя лясы і ксерафітныя хмызнякі. Вырошчваюць бавоўнік, пшаніцу.
т. 10, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДА́УР, Індур,
горад у цэнтр. ч. Індыі, у штаце Мадх’я-Прадэш, на плато Малва. 1091,7 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл. і гандл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., хім., цэментная, харч. (масларобчая і мукамольная), мэблевая. Вытв-сць спарт. тавараў. Ун-т.
т. 7, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́ЙСКІ СУЛТАНА́Т,
феадальная дзяржава ў Індыі ў 1206—1526. Засн. ў Паўн. Індыі пасля заваявання яе мусульм. дзяржавай Гурыдаў (канец 12 ст.). Заснавальнік — Кутб-ад-дзін Айбак, які абвясціў сябе султанам Паўн. Індыі. Сталіца — г. Дэлі. Д.с. быў феад. манархіяй, заваёўнікі і іх нашчадкі заснавалі дынастыі Гулямаў (13 ст.), Хільджы (13—14 ст.), Туглакідаў (14—15 ст.), Саідаў (15 ст.), Лодзі (15—16 ст.). Найб. магутнасці дасягнуў у часы Ала-ад-дзіна Хільджы [1296—1316], На тэр. Д.с. дзярж. рэлігіяй стаў іслам, на важныя дзярж. пасады прызначалі мусульман, былі ўзведзены мусульм. культавыя будынкі. З сярэдзіны 14 ст. пачалося аслабленне Д.с. Пасля паходу Цімура на Індыю (1398—99) ад Д.с. адпалі Гуджарат, Малва і інш. ўладанні. У 1526 заваяваны Вялікімі Маголамі.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)