Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],
мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).
Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Медная зелень, гл.Малахіт
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЗУРЫ́Т (ад франц. azur лазур, блакіт),
мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,
дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ (Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЗІ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць медзь. Найб. пашыраныя злучэнні адна- і двухвалентнай медзі: медзі аксіды і солі мінер., а таксама некаторых карбонавых кіслот. Солі аднавалентнай медзі бясколерныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, лёгка акісляюцца; двухвалентнай — раствараюцца ў вадзе, растворы маюць блакітны колер, які абумоўлены ўтварэннем аквакатыёнаў [Cu(H2O)4]2+. Солі ўтвараюць устойлівыя комплексныя злучэнні з шэрагам малекул і іонаў (напр., аміякаты).
Медзі(ІІ) ацэтату монагідрат, ці мядзянка (CH3COO)2CuH2O — цёмна-зялёныя крышталі. Выкарыстоўваюць як фунгіцыд, пігмент для керамікі, каталізатар полімерызацыі (напр., стыролу), стабілізатар штучных валокнаў. Медзі (II) карбанаты ўтвараюцца пры абменных рэакцыях у водных растворах паміж солямі Cu (II) і карбанатамі інш. металаў; з раствору ў залежнасці ад т-ры і канцэнтрацыі рэагентаў вылучаюцца нерастваральныя асноўныя, ці гідроксакарбанаты: дыгідроксакарбанат CuCO3 Cu(OH)2 або Cu2(OH)2CO3 (у прыродзе мінерал малахіт) і дыгідроксадыкарбанат 2CuCO3 Cu(OH)2 або Cu3(OH)2(CO3), (мінерал азурыт). Сярэдні карбанат медзі CuCO3 атрымліваюць апрацоўкай асн. карбанатаў дыаксідам вугляроду пад ціскам пры т-ры 180 °C. Медзі (II) сульфат CuSO4 — бясколерныя крышталі, tпл 200 °C, пры награванні (каля 650 °C) раскладаюцца. Утварае шэраг гідратаў, найважнейшы — пентагідрат, ці медны купарвас CuSO4 5H2O — сінія крышталі, абязводжваюцца пры т-ры 250 °C. У прыродзе — мінерал халькантыт. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем медзі ці яе аксіду CuO з сернай к-той, абпалам сульфідаў медзі ў прысутнасці кіслароду. Выкарыстоўваюць як пігмент у фарбах, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін і для пратручвання зерня (гл.Медныя ўгнаенні), для вырабу скуры, у гальванатэхніцы і інш.Медзі сульфіды: сульфід медзі (I), ці гемісульфід Cu2S і сульфід медзі (II), ці монасульфід CuS. Чорныя крышталі, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў азотнай кіслаце. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў хальказіну (Cu2S) і кавеліну (CuS). Усе М.з. атрутныя: раздражняюць слізістыя абалонкі, пашкоджваюць страўнікава-кішачны тракт, выклікаюць млоснасць, ірвоту, захворванне печані і інш.