МАКВІ́С, макія (ад франц. maquis гушчар, зараснікі),

згуртаванне ксерафітных вечназялёных цвердалістых ці калючых хмызнякоў і невысокіх дрэў (мірт, масліна, сунічнае дрэва, фісташка, ядловец, ладаннік і інш.) у краінах Міжземнамор’я. Трапляецца па схілах гор да выш. 700 м, месцамі стварае густыя цяжкапраходныя зараснікі. Шмат калючых ліян. Як фрыгана і шыбляк, фарміруецца звычайна на месцах высечаных лясоў. Аналагі М. ў Паўн. Амерыцы — чапараль, у Паўд. Амерыцы — эспіналь, у Аўстраліі — скрэб.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КІЯ,

ксерафітныя міжземнаморскія хмызнякі; тое, што маквіс.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РКІРА (Kerkyra),

Корфу, востраў у Іанічным м., у групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 592 км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 105 тыс. чал. (1991). Паверхня — узгорыстыя раўніны і нізкагор’і (выш. да 906 м). Складзены з вапнякоў і сланцаў. Міжземнаморскі хмызняк (маквіс). Плантацыі цытрусавых, аліўкавыя гаі, вінаграднікі. Кліматычныя (зімовыя) курорты. Гал. горад і порт — Керкіра.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВА́Н,

горны хрыбет уздоўж усх. ўзбярэжжа Міжземнага м., на тэр. Лівана. Даўж. 170 км. Выш. да 3088 м (г. Курнет-эс-Саўда). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, на Пн — з базальтаў. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў на зах. схіле выпадае больш за 1000 мм, усходні — больш сухі. Міжземнаморскія хмызнякі (маквіс і фрыгана), гаі з ліванскага кедру, дубу, алепскай хвоі. На зах. схіле карставая пячора Джэйта (аб’ект турызму).

т. 9, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́НСКІЯ ГО́РЫ,

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі. Даўж. каля 250 км. Цягнуцца з ПнУ на ПдЗ уздоўж берага Міжземнага м., ад Пірэнеяў да нізоўя р. Эбра. Складаюцца з двух паралельных ланцугоў — прыморскага (выш. 400—600 м) і ўнутранага (выш. да 1712 м, г. Монтсень), размежаваных падоўжнай тэктанічнай упадзінай. Складзены з крышт. парод палеазою (граніты, кварцыты і інш.), а таксама з вапнякоў, пясчанікаў і глін мезакайназою. Карст. Клімат міжземнаморскі. Лясы з дубу, каштану, буку, алепскай хвоі, пініі; маквіс. У перадгор’і плантацыі аліў, вінаграднікі, сады, пасевы кукурузы, пшаніцы.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Размарын лекавы.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́БРЫЯ (Calabria),

паўвостраў на Пд Італіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м. Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-ра студз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДЫСТА́НСКІЯ ГО́РЫ, Курдскія горы,

горы паміж Армянскім і Іранскім нагор’ямі, у Турцыі, Іране і Іраку. Складаная сістэма хрыбтоў і масіваў выш. да 4168 м (г. Джыло). Грабяні хрыбтоў вышэй за 3500 м альпійскага тыпу, менш высокія пераважна плоскавяршынныя. Схілы моцна расчлянёныя вузкімі цяснінамі. Складзеныя з сланцаў, кварцытаў, мармуру, мергелю. Ледавікі. Рэкі ў асн. ўтвараюць левыя прытокі р. Тыгр. Клімат субтрапічны. Ападкаў на паўд.-зах. схілах 1000—3000 мм, на паўн.-ўсх. — 400—700 мм за год. На паўд. схілах міжземнаморскія лясы, хмызняк (маквіс), фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі, на паўн. — горныя стэпы і фрыганападобная расліннасць; на плоскіх вяршынях — альпійскія лугі. Качавая жывёлагадоўля. Па далінах рэк — сады, пасевы пшаніцы, кукурузы, ячменю. Зах. частка К.г. наз. таксама Армянскім Таўрам.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЫ́ЛІЯ-ЛА-МА́НЧА (Castilla-La Mancha),

аўтаномная вобласць у цэнтр. ч. Іспаніі. Пл. 79,2 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1991). Уключае правінцыі: Альбасетэ, Сьюдад-Рэаль, Куэнка, Гвадалахара, Таледа. Адм. ц.г. Таледа. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Альбасетэ, Гвадалахара, Сьюдад-Рэаль. Займае паўд. ч. пласкагор’я Месета (выш. 600—800 м). На ўскраінах: Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, Сьера-Марэна і інш. горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. рэкі: Таха, Гвадыяна, Хукар. Натуральная расліннасць — хмызнякі тыпу маквіс, у гарах участкі шыракалістых і хвойных лясоў. Найб. развіта арашальнае земляробства і горназдабыўная прам-сць. Гал. с.-г. культуры: вінаград, пшаніца, ячмень, цукр. буракі, тытунь, алівы. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Здабыча ртутных (Альмадэн), марганцавых, медных, жал., свінцовых руд, каменнага вугалю. Развіта харч. (у т. л. вінаробчая), металаапр., керамічная, хім., нафтаперапр., прам-сць. Паблізу г. Гвадалахара АЭС. Развіты турызм.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Baleares),

аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.

У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у т. л. вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)