Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭТРЫ́ ((Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст) (8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),
французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ (Канстанцін Пятровіч) (25.9.1802, г. Яраслаўль, Расія — 21.9.1861),
рускі пісьменнік. У 1842—52 рэдагаваў час. «Сын отечества». Друкаваўся з 1821. Выступаў супраць натуральнай школы і В.Бялінскага. Раман «Стральцы» (1832), аповесці «Цярпі казак — атаман будзеш» (1829, новая назва «Мадэст Праўдзін, ці Цярпі казак — атаманам будзеш»), «Чорная скрынка» (1833), «Рэгенцтва Бірона» (1834), «Асада Угліча» (1841), «Лейтэнант і паручнік» (1853) і інш. на гіст. тэматыку. Напісаў пародыю на «Мёртвыя душы» М.Гогаля — «Аповесць пра тое, як панове Петушкоў, Цыплёнкін і Цяцеркін пісалі аповесць» (1843). Аўтар камедыі ў вершах «Класік і рамантык, ці Не ў тым сіла» (1830), кн. «Байкі» (1851), вершаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. Першы перакладчык на рус. мову «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1838-49).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),
рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст.муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.
Літ.:
тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;
Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;
Письма. 2 изд. М., 1984.
Літ.:
Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;
Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;
Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;
Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;