БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ Алег Міхайлавіч

(н. 29.8.1925, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1952). Працаваў ва ўстановах АН СССР. З 1955 у Маскоўскім фіз.-тэхн. ін-це (з 1962 рэктар). Навук. працы па тэарэт. і прыкладной аэрадынаміцы, вылічальнай матэматыцы. Распрацаваў шэраг прынцыпова новых лікавых метадаў для прамога мадэлявання складаных нестацыянарных з’яў у галіне прыкладной і тэхн. механікі. Ленінская прэмія 1966.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАЎ Сяргей Мікалаевіч

(16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),

рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1993;

Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;

Свет невечерний. М., 1994;

Тихие думы. М., 1996.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расіі. Утворана 27.9.1937. Пл. 24,7 тыс. км². Нас. 911,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 62%. Цэнтр — г.Арол. Найб. гарады: Болхаў, Ліўны, Мцэнск.

Прырода. Вобласць размешчана ў цэнтр. частцы Усх.-Еўрапейскай раўніны, у межах Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (пераважныя выш. 220—250 м, найб. 278 м), парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда, буд. матэрыялы (вапнякі, гліны, пяскі, мергелі, мел), буры вугаль, фасфарыты. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -9°C, ліп. 18 °C, ападкаў 570—580 мм за год. Рэкі: Ака (з прытокамі Зуша, Неруч, Цон і інш.), на ПдУ р. Сасна (з прытокамі Цім, Кшэнь), на ПдЗ — Наўля і Няруса (прытокі Дзясны). Пераважаюць вышчалачаныя чарназёмы, на ПнЗ шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Мяшаныя лясы (бяроза, дуб, асіна, клён, ясень, хвоя і елка) з хмызнякамі займаюць каля 8% плошчы. Стэп узараны, захаваліся невял. ўчасткі. Па далінах рэк заліўныя лугі.

Гаспадарка. Асноўныя галіны вытв-сці: машынабудаванне (тэхнал. абсталяванне для тэкст., гарбарна-абутковай, шкляной, харч. прам-сці, аўтагрэйдэры, аўтапагрузчыкі, цэнтрабежныя помпы, прылады, выліч. машыны, гадзіннікі, радыёдэталі і інш.), металургія (вытв-сць стальнога пракату), хім. (пластмасы, гумаватэхн. вырабы), мікрабіял., лёгкая (абутковая, швейная і трыкат.), харч. (цукровая, мясная, масла- і сыраробная, крухмала-патачная, спіртава-гарэлачная і інш.) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, шкло і інш.). Пасевы збожжавых: пшаніцы, жыта, аўса і ячменю. Вырошчваюць грэчку, цукр. буракі, каноплі, зернебабовыя і кармавыя культуры. Развіты бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля, мяса-сальнае свінаводства, мяса-воўнавая авечкагадоўля, птушкагадоўля. Племянная конегадоўля (арлоўскія рысакі). Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Курск, Бранск—Арол—Ліпецк, аўтадарогі Масква—Арол—Сімферопаль, Арол—Бранск—Смаленск; нафтаправод «Дружба».

П.Г.Рогач.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)