Ліёнскія паўстанні 1831, 1834 4/460; 6/367; 10/633; 11/137
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,
перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.
т. 9, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАСТО́ЎКА, стачка,
калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.
Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст. эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй на працягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).
У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., на працягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш. Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.
М.А.Сакалова (З. ў Беларусі).
т. 6, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)