БАЛА́СТ (галанд. Ballast),

1) груз (вада, пясок і інш.), які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля. Сучасныя марскія судны, асабліва падводныя лодкі, выкарыстоўваюць як баласт ваду (заліваецца ў баластавыя цыстэрны).

2) Груз для рэгулявання пад’ёмнай сілы паветраплавальнага апарата (напр., аэрастата).

3) Слой сыпкіх матэрыялаў (друз, гравій і інш.) на чыг. палатне, які стварае пругкую аснову для шпалаў чыг. пуці, адводзіць ваду, перашкаджае падоўжным і папярочным перамяшчэнням рэйка-шпальнай рашоткі, забяспечвае плаўны ход рухомага саставу.

2) У пераносным значэнні — усё лішняе, непатрэбнае.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛУСЦЕ́ННЕ,

лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)