І́НДЭКС (ад лац. index паказальнік, спіс),
1) пералік чаго-н.
2) Умоўнае абазначэнне (лічбавае, літарнае ці камбінаванае) у сістэме якой-н. класіфікацыі (напр., паштовы І.).
3) Лічбавы паказчык, які выражае паслядоўныя змены якой-н. эканам. з’явы (напр., індэкс інфляцыі, індэкс цэн). Гл. таксама Індэкс у матэматыцы.
т. 7, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕРВАЛЬТО́ММЕТР, тэстэр,
універсальная прылада для вымярэння эл. напружання, сілы пераменнага і пастаяннага току, эл. актыўнага супраціўлення. Складаецца з амперметра, вальтметра, омметра. Бывае аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам) і лічбавы. Дае магчымасць выяўляць разрыў і кароткае замыканне ў эл. ланцугах, вызначаць рэжым работы асобных вузлоў электра- і радыёапаратуры.
т. 1, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́НЕР (англ. scanner разгортвальная прылада),
электронная прылада, якая пераўтварае плоскі відарыс (тэкст, табліцу, чарцёж, фатаграфію ці інш.) у лічбавы код шляхам паслядоўнага прагляду (сканіравання) усіх пунктаў поля відарыса. Пры гэтым для кожнага пункта вымяраюцца яго яркасныя і колерныя характарыстыкі. Выкарыстоўваецца для ўводу інфармацыі ў ЭВМ або для перадачы яе па лініях факсімільнай сувязі.
т. 14, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСКРЫ́ПТАР (позналац. descriptor ад describo апісваю),
лексічная адзінка (слова ці словазлучэнне) інфарм.-пошукавай мовы ў ЭВМ. Апісвае асн. сэнсавы змест дакументаў, структуру даных або праграму; служыць таксама для фармулявання інфарм. запыту пры пошуку дакументаў у інфарм.-пошукавай сістэме (гл. Інфармацыйны пошук). У якасці Д. можна выбраць любое (звычайна найб. характэрнае) ключавое слова (групу слоў) ці лічбавы код. Мнагазначным словам адпавядае некалькі Д., сінонімам — адзін Д.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗО́ГРАФ,
высокаскарасны лічбавы размнажальны апарат; адзін са сродкаў размнажальнай тэхнікі. Мае высакаякасныя сканер і прынтэр. Арыгінал для Р. — тэкставы ці тонавы дакумент (у т. л. нестандартных памераў), таксама кнігі і фатаграфіі. Мае 5 узроўняў кантрасту (кантраст пры сканіраванні настройваецца ў адпаведнасці з яркасцю арыгінала). Маштаб адбіткаў — ад удвая паменшаных да ўдвая павялічаных у параўнанні з арыгіналам. Пры апрацоўцы дакументаў вырабляецца прамежкавая матрыца, з якой робіцца зададзеная колькасць копій. Можа апрацоўваць адначасова 2 арыгіналы, рабіць 2 копіі з арыгінала.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТОЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
прылада для вымярэння эфектыўнай дыхтоўнасці і інш. параметраў вагальных контураў. Бывае аналагавы і лічбавы; мае калібраваны генератар ваганняў з вымяральным вагальным контурам і індыкатар рэзанансу. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні суадносін паміж напружаннем на ўзорным кандэнсатары пры рэзанансе і напружаннем, якое пададзена на контур, або на падліку колькасці перыядаў затухальных свабодных ваганняў у контуры (лічбавыя прылады; гл. Затуханне ваганняў). Выкарыстоўваецца для вымярэння параметраў пасіўных (шпуль індуктыўнасці, кандэнсатараў, рэзістараў і інш.) і актыўных (варыкапы, тунэльныя дыёды і інш.) элементаў радыёэлектронных схем.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОД ТЭЛЕГРА́ФНЫ,
прынятая ў тэлеграфіі сістэма ўмоўных абазначэнняў, дзе кожнай літары (лічбе ці інш.) адпавядае пэўная камбінацыя элементарных пасылак эл. току. Адрозніваюць К.т. раўнамерны (лік пасылак у кожнай камбінацыі аднолькавы) і нераўнамерны (лік пасылак неаднолькавы).
Нераўнамерны К.т. (код Морзе) — сістэма з кароткачасовых (кропка) і працяглых (працяжнік, роўны па працягласці 3 кропкам) пасылак, раздзеленых інтэрваламі. У тэлегр. апаратах найб. пашыраны раўнамерны 5-элементны К.т., напр., код Бадо, Міжнар. код №2, які акрамя сімвалаў мае службовыя камбінацыі для пераводу апарата на рус., лац. ці лічбавы рэгістр.
М.П.Савік.
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
1) лічбавы механізм, з дапамогай якога выконваюцца арыфм. аперацыі. Мае сістэму зубчастых колаў (аднаразрадных рэгістраў), злучаных міжразраднымі пераносамі. Пры запаўненні аднаго разраду бліжэйшы вышэйшы рэгістр павялічвацца на 1, а дадзены пераводзіцца ў нулявое становішча. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці, на транспарце, у камунальнай гаспадарцы для ўліку работы розных машын і прылад, падліку колькасці рэчыва, энергіі, пройдзенага шляху і інш. Гл. таксама Лічыльнік электрычны.
2) Прылада для рэгістрацыі імпульсаў у розных сродках аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш. Часта выкарыстоўваецца як блок лічбавай выліч. машыны. Гл. таксама Лічыльнікі ядзернага выпрамянення.
т. 9, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ММЕТР (ад ам + ...метр),
прылада для вымярэння актыўнага электрычнага супраціўлення. Мае пераважна магн.-эл. вымяральную сістэму (гл. Магнітаэлектрычная прылада) са шкалой, праградуіраванай у адзінках супраціўлення (гл. Ом).
Складаецца з вымяральніка і крыніцы пастаяннага току (убудаванай ці знешняй). Бывае лічбавы і аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам), з паралельнай і паслядоўнай схемай вымярэння. Для дакладных вымярэнняў выкарыстоўваецца схема з лагометрам, на якую мала ўплываюць змены напружання крыніцы сілкавання, або маставая схема (гл. Мост вымяральны). Канструкцыйна О. часта аб’ядноўваюць з вальтметрамі і амперметрамі ў адну універсальную прыладу — ампервальтомметр.
т. 11, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ,
прыстасаванне для пераўтварэння ўваходных пераменных у выхадную функцыю паводле зададзенага закону. Бывае лічбавы, аналагавы ці гібрыдны, адной (найб. пашыраны) ці больш уваходных велічынь, паводле фіз. прыроды сігналаў — эл., магн., гідраўлічны, пнеўматычны, фотааптычны, мех. і інш.; паводле віду функцыянальнай залежнасці, якая задаецца ў выглядзе табліц, графікаў або аналітычна, — лінейны, трыганаметрычны, лагарыфмічны, паказнікавы і інш. У вылічальных П.ф. працэс пераўтварэння інфармацыі спалучаны з працэсам яе матэм. апрацоўкі. П.ф. выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, сістэмах аўтам. кіравання і рэгулявання, тэлемех. сістэмах і інш. Гл. таксама Вымяральны пераўтваральнік.
т. 12, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)