Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЭ́Й (ад грэч. Lykeion),
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова ў некаторых краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, Афрыкі. У Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. саслоўная прывілеяваная сярэдняя або вышэйшая навуч. ўстанова для дзяцей дваран, якая рыхтавала дзярж. чыноўнікаў для ведамстваў, гал. чынам для Мін-ваўнутр. спраў. Найб. вядомыя Царскасельскі (1811—1917; з 1844 наз. Аляксандраўскі і пераведзены з Царскага Сяла ў Пецярбург), Дзямідаўскі ў Яраслаўлі (1803—1918), Рышэльеўскі ў Адэсе (1817—65), Крамянецкі (1819—34), Нежынскі (1820—75). Пасля 1917 ліквідаваны. У 1990 адроджаны. У Беларусі Л. — прафесійна арыентаваная ступень сярэдняй школы з тэрмінам навучання 2—4 гады, існуюць звычайна пры ВНУ (у 1998/99 навуч.г. 26 Л.). Гал. іх задача — мэтанакіраваная падрыхтоўка будучых студэнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЛІЦЭ́Й МАСТА́ЦТВА.
Створаны ў 1962 у Мінску як рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве, з 1991 — ліцэй. Мае аддзяленні: музычнае (фартэпіяна, аркестравае, харавое дырыжыраванне; тэрмін навучання 12 гадоў — 1—12-ы класы) і выяўл. мастацтва (жывапіс, скульптура і дэкар.-прыкладное мастацтва; тэрмін навучання 7 гадоў — 5—12-ы класы). Пасля заканчэння выпускнікі атрымліваюць дыплом выкладчыка ў пач. класах агульнаадук. школ і ў студыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́ШЫК (Канстанцін Леанідавіч) (н. 18.9.1975, г. Гродна),
бел. спартсмен (стральба кулявая, спарт. пісталет). Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Гродзенскі эл.-тэхн. ліцэй (1994). З 1998 ваеннаслужачы. Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія). Чэмпіён свету і Еўропы (1991), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1996). Шматразовы чэмпіён Беларусі ў камандным і асабістым заліку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЖАРЫЦЫ,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Сергуч. Цэнтр сельсавета і адм.-гасп. і навук. цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За 35 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 150 км ад Віцебска. 445 ж., 172 двары (1997). Экалагічны ліцэй, муз. школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Музей прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Каля вёскі 2 курганныя могільнікі 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі пры Пецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ІН (Апалон Канстанцінавіч) (1833, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 25.11.1902),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Рышэльеўскі ліцэй у Адэсе і Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Парыжскім ун-це і Франц. калежы. У 1881—94 чл.Дзярж. савета. З 1886 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1891 дырэктар гасп. дэпартамента. У 1892—94 міністр шляхоў зносін. Па яго прапанове створаны Гал. інспекцыя шашэйных і водных дарог, суднаходныя інспекцыі пры начальніках дыстанцый на рэках Масква, Ака, Зах. Дзвіна, упраўленне па буд-ве Сіб. чыгункі. Апошнія гады жыў у Шклове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ТРА́НСПАРТУ.
Засн. ў 1953 у Гомелі як Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: агульнаінжынерны транспартны, агульнаінжынерны будаўнічы, кіравання працэсамі перавозак, механічны, электратэхн., будаўнічы, прамысл. і грамадз.буд-ва, гуманітарны, прафес. арыентацыі і дауніверсітэцкай падрыхтоўкі (у яго складзе вучэбна-прафарыентацыйны цэнтр, ліцэй, школа-гімназія, падрыхтоўчыя курсы). Аспірантура з 1954. Пры ун-це 7 н.-д. лабараторый, ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь, навуч.-кансультацыйныя пункты ў Мінску, Брэсце, Віцебску. Выдае газ.-штотыднёвік «Вести БелГУТа».