ЗЯБРЫ́НА (Zebrina),

род кветкавых раслін сям. камялінавых. Блізкія да роду традэсканцыя. Пашырана ў трапічных і субтрапічных краінах свету. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваецца ампельная лісцева-дэкар. З. звіслая (Z. pendula), вядомая таксама пад назвай традэсканцыя зябрына.

Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым або звіслым галінастым сцяблом даўж. да 1 м. Лісце цэласнае, чаргаванае, яйцападобнае, гладкае, зверху зялёнае з двума серабрыста-белымі палосамі, знізу фіялетавае. Кветкі дробныя, ружова-ліловыя. Плод — каробачка.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНАНТЭ́РА (Alternanthera),

тэлантэра, род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 200 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі некалькі відаў: альтэрнантэра рознакаляровая (A. versicolor), прыемная (A. amabilis), прыгожая (A. amoena) і інш., вырошчваюцца ў адкрытым грунце як лісцева-дэкаратыўныя.

Адна-, шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны. Лісце прадаўгавата-авальнае, цэласнае, рознага колеру — ружова-бурае, цёмна-фіялетавае, жоўта-зялёнае, на сонцы набывае асабліва яркую афарбоўку. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у коласападобных або галоўчатых суквеццях. Размнажаюцца чаранкамі. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕБЫ балотна-падзолістыя глебы,

перыядычна залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяным наземным покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых (атмасферных) вод ці блізкім заляганнем грунтавых вод. Паводле грануламетрычнага складу падзяляюцца на суглінкавыя, супясчаныя і пясчаныя, па ступені залішняга ўвільгатнення — на глеевыя, глеяватыя і слабаглеяватыя. Лішак вільгаці трымаецца 60—200 дзён у годзе, улетку магчымы яе недахоп. Такія глебы маюць часцей высокую кіслотнасць і бедныя элементамі жыўлення раслін, патрабуюць вапнавання. Колькасць гумусу павялічваецца ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення: пад прыроднай расліннасцю 10—25%, на ворнай зямлі 2—3,5%. Іх асваенне і акультурванне патрабуе асушальнай меліярацыі. унясення арган. і мінер. угнаенняў, паляпшэння водна-фіз. уласцівасцей.

Т.А.Раманава.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)