Ліпіды 2/349; 5/612; 6/379, 381; 10/546; 11/153

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПІ́ДЫ (ад грэч. lipos тлушч),

тлушчападобныя рэчывы, што ўваходзяць у састаў жывых клетак. Адыгрываюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці. Адзін з асн. кампанентаў біял. мембран. Уплываюць на пранікальнасць клетак і актыўнасць ферментаў, удзельнічаюць у перадачы нерв. імпульсу, мышачным скарачэнні, утварэнні міжклетачных кантактаў, імунахім. працэсах і інш. Большасць Л. — вытворныя вышэйшых тлушчавых к-т, спіртоў ці альдэгідаў. Падзяляюцца на простыя і складаныя. Да Л. таксама адносяць стэрыны, тэрпены, убіхіноны. Л. — паверхнева-актыўныя рэчывы, маюць у малекулах палярныя групоўкі (-COOH, -OH, -NH2 і інш.) і непалярныя вуглевадародныя ланцугі; сярэдне растваральныя ў непалярных растваральніках (бензол, петралейны эфір і інш.) і вельмі мала — у вадзе. У арганізме Л. ферментатыўна гідралізуюцца ліпазамі.

Літ.:

Маркман А.Л. Химия липидов. Вып. 1—2. Ташкент, 1963—70;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

С.​С.​Ермакова.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРЫ́ДЫ,

складаныя эфіры гліцэрыны і арган. (карбонавых) ці мінер. кіслот. Па колькасці кіслотных астаткаў у малекуле адрозніваюць мона-, ды-, трыгліцэрыды (напр., гліцэрылмонаацэтат CH3OCOCH2—CHOH—CH2OH). Бываюць простыя, утвораныя адной к-той (напр., гліцэрынатрынітрат, або нітрагліцэрына), і змешаныя — рознымі к-тамі. У прыродзе пашыраны гліцэрыды вышэйшых аліфатычных кіслот — асн. састаўная частка тлушчаў, алею. Гл. таксама Ліпіды.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАСО́МЫ (ад лізіс + sōma цела),

структуры цытаплазмы клетак жывёльных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды, ліпіды. Дыяметр Л. 0,2—0,4 мкм: маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К.​Дэ Дзювам. Вылучаюць 2 асн. класы Л. — першасныя і другасныя. Парушэнне функцыі Л. вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГЕНА́Т,

аднародная суспензія здробненай да субклетачных элементаў біял. тканкі. Атрымліваюць шляхам неабарачальнай дэзінтэграцыі яе структуры звычайна з дапамогай спец. прыстасавання — гомагенізатара. Шляхам дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання і інш. метадаў з гомагенату выдзяляюць субклетачныя мікраскапічныя структуры (арганелы) і некат. макрамалекулы (бялкі, нуклеінавыя к-ты, ліпіды і інш.). Гомагенат выкарыстоўваюць таксама для вывучэння біяхім. рэакцый па-за арганізмам.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),

змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім. састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАЗВАРО́Т,

рух лімфы ў лімфатычнай сістэме. За суткі ў чалавека з крыватоку крывацёку ў міжтканкавыя поласці фільтруецца каля 20 л вадкасці, у выглядзе лімфы вяртаецца 2—4 л, 50—100% бялкоў плазмы крыві, вугляводы, ліпіды і інш. Л. забяспечваецца: наяўнасцю клапанаў у лімфатычных сасудах, што перашкаджаюць зваротнаму току лімфы; фазнымі рытмічнымі скарачэннямі (з частатой 10—20 за мін) сценак некаторых лімфатычных сасудаў; скарачэннем гладкамышачных капсул лімфатычных вузлоў; адмоўным ціскам у грудной поласці; скарачэннем мускулатуры; гідрастатычным і анкатычным ціскам тканкавай вадкасці. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),

вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш. Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)