Суд Лінча, гл. Лінчаванне
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́НЧА СУД»,
у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.Бэрча і да т.п.
т. 9, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ-КЛУКС-КЛА́Н (Ku-Klux-Klan),
тэрарыстычная арг-цыя ў ЗША. Узнік у 1866 у г. П’юласкі (штат Тэнесі) пасля паражэння рабаўладальніцкіх паўд. штатаў у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 для барацьбы метадамі падпалаў, паліт. забойстваў, «Лінча суда» і інш супраць Рэканструкцыі Поўдня 1865—77, руху за грамадз. правы неграў, паліт. апанентаў з ліку радыкальных членаў Рэсп. партыі. Створаны на ўзор тайнага ордэна (арганізац. структура, адзенне, рытуалы). У 1869 каля 500 тыс. членаў. У 1869—71 забаронены федэральнымі ўладамі, у 1882 абвешчаны супярэчным канстытуцыі ЗША. Пэўны час вёў нелегальную дзейнасць. Адноўлены ў 1915 каля г. Атланта, пашырыўся ў Індыяне і інш. штатах Сярэдняга Захаду. Праследаваў рэліг., расавыя і этн. меншасці (католікаў, яўрэяў, неграў, ірландцаў), інтэлігенцыю, праціўнікаў сухога закону і рабочыя арг-цыі. Найб. размаху дзейнасць К.-к.-к. дасягнула ў 1920-я г. (у 1923 каля 4—5 млн. членаў). У 1960-я г. намагаўся перашкодзіць увядзенню ў дзеянне заканадаўства аб грамадз. правах неграў на Пд ЗША. У 1989 налічваў 6,5 тыс. членаў.
т. 8, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)