Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Меніск (лінзы) 1/209
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ СІ́ЛА,
фізічная велічыня, якая характарызуе пераламляльную здольнасць аптычнай сістэмы. Абазначаецца D. Аптычная сіла лінзы D = n/F, дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца лінза, F — фокусная адлегласць. Аптычная сіла збіральных аптычных сістэм дадатная, рассейвальных — адмоўная. Для сістэмы з дзвюх лінзаў D = D1 + D2 - dD1D2, дзе d — адлегласць паміж заднім гал. фокусам першай лінзы і пярэднім гал. фокусам другой. Адзінка аптычнай сістэмы дыяптрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ВОСЬ,
1) напрамак у аптычна анізатропных крышталях, уздоўж якога святло праходзіць без падвойнага праменепераламлення.
2) Прамая, на якой размешчаны цэнтры ўсіх пераламляльных і адбівальных паверхняў, што ўтвараюць аптычную сістэму (лінзавую, люстраную або люстрана-лінзавую).
3) Вось сіметрыі пераламляльных паверхняў лінзы або адбівальнай паверхні люстэрка; праходзіць праз цэнтры крывізны паверхняў перпендыкулярна да іх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРЭ́Н (ад лац. vitrum шкло),
састаўная частка вуглёў выкапнёвых, характэрная для гумалітаў. Паводле хім. уласцівасцей падобны на гумусавыя рэчывы тарфоў. Колер чорны, мае моцны бляск, ракавінны або згладжаны злом. Крохкі. Утвараецца пры змене лігнінава-цэлюлозных тканак раслін у выніку раскладання ва ўмовах абводненых тарфяных балот пры недахопе кіслароду. У вуглях утварае лінзы і слаі. Асн. носьбіт спякаючых уласцівасцей выкапнёвых вуглёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ШКЛО,
шкляны посуд Гродзенскай мануфактуры шкляных пацерак, якая была створана А.Тызенгаўзам у 1760-я г. Вырабляліся шклянкі, бакалы, келіхі з лейка- і звонападобнымі чашамі, у форме ўсечанага конуса, пляшкі і штофы ў традыц. для Беларусі формах чатырохгранных квартаў. На посудзе гравіраваліся буйнамаштабныя раслінныя кампазіцыі (апяразвалі посуд фрызам або адвольна размяшчаліся на яго сценках), а таксама арх. пейзажы, выявы людзей, птушак, надпісы. У раслінныя кампазіцыі ўключаліся дэкар.лінзы ў тэхніцы гранення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,
карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.
Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр.М., 1964.
В.В.Валяўка.
Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.