Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КАС ((Okas) Эвальд) (н. 28.11.1915, Талін),
эстонскі мастак. Нар.маст.СССР (1963). Правадз.чл.АМСССР (1975). Герой Сац. Працы (1985). Вучыўся ў Вышэйшым маст. вучылішчы ў Таліне (1938—41). З 1944 выкладаў у Эстонскім маст. ін-це (з 1954 праф.). Творам уласцівы вастрыня тыпізацыі, драматызм апавядальнасці, дынаміка кампазіцыі: «Вайна ў Махтрэ» (1958), «Тыгр» гарыць» (1973), «На будоўлі электрастанцыі» (1977). Аўтар графічных серый «Сланцавая прамысловасць Эстонскай ССР» (1959), «Калевіпоэг» (1961), «Японія», «Індыя» (абедзве 1965), «Уражанні пра Галандыю, Бельгію і Люксембург» (1968), «Горад» (1974). Дзярж. прэміі Эстоніі 1947, 1948, 1950, 1959, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ ((Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч) (16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),
украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнута ўкр.нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.