Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),
аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),
прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.
Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДЭРАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ (ад грэч. sidēros жалеза + phileō люблю),
група хім. элементаў з іонамі пераходнага тыпу. Да іх належаць элементы (пераважна VIII групы перыядычнай сістэмы), жалеза, кобальт, нікель, рутэній, родый, паладый, осмій, ірыдый, тытан, малібдэн, рэній. Вылучаны В.М.Гольдшмітам у 1924 як група элементаў, што складаюць ядры планет. Пры звычайных умовах С.э. ферамагнітныя або парамагнітныя. У прыродзе трапляюцца ў самародным выглядзе (плаціна самародная, осмісты ірыдый), утвараюць злучэнні з серай і мыш’яком (напр., сульфіды і арсеніды жалеза, кобальту, нікелю), з кіслародам (напр., магнетыт, гематыт, ліманіт) і інш. элементамі. У зямной кары найб. пашыраны жалеза (4,65%), менш — кобальт (1,8∙10−3%) і нікель (5,8∙10−3%). Багатыя С.э. і жалезныя метэарыты (да 80—90% жалеза, 6—18% нікелю, 0,5—1% кобальту і інш.), у меншай колькасці каменныя.