Ліберальныя народнікі 7/419
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЭНБЕРГ ((Hardenberg) Карл Аўгуст фон) (31.5.1750, Эсэнродэ, каля г. Гіфгорн, Германія — 26.11.1822),
нямецкі дзярж. дзеяч. Князь (1814). Да 1782 на дзярж. службе ў курфюрстве Гановер. У 1791—98 міністр Прусіі, кіраваў маркграфствамі Ансбах і Байройт. Міністр замежных спраў (1804—06 і 1807) і дзярж. канцлер Прусіі (1810—22). Урад Гардэнберга працягваў ліберальныя пераўтварэнні, распачатыя папярэднімі ўладамі (гл. Штайна—Гардэнберга рэформы). Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—5, выд. 1877).
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (10.4.1817, с. Новааксакава Арэнбургскай губ. — 19.12.1860),
расійскі гісторык, філолаг, паэт і публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1835). Гал. асаблівасць Расіі бачыў у абшчынным ладзе, гарманічным суіснаванні дзвюх рухаючых сіл гісторыі — народа («зямлі») і дзяржавы («улады»), парушаных рэформамі Пятра I. Выступаў за адмену прыгоннага права і за ліберальныя пераўтварэнні. Яго вершы («Вяртанне», «Пятру», «Масква», «Свабоднае слова») і п’есы «Вызваленне Масквы ў 1612 годзе» (1848), «Алег каля Канстанцінопаля» (1858)] прасякнуты рамантычна-славянафільскім духам. Выступаў супраць крытычнага кірунку ў рус. л-ры. Даследаваў нац. асаблівасці грамат. ладу рус. мовы.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬГІ́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
буржуазная рэвалюцыя ў бельгійскіх абласцях Нідэрландскага каралеўства. Аб’яднанне Бельгіі з Галандыяй у каралеўства Нідэрланды (паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15) выклікала бельгійска-галандскія эканам., рэліг. і моўныя супярэчнасці. У 1828 бельг. ліберальныя і каталіцкія партыі заключылі часовы саюз і павялі барацьбу за аддзяленне Бельгіі. Ідэя незалежнасці была падтрымана шырокімі масамі. Ліпеньская рэвалюцыя ў Францыі (1830) стала каталізатарам узбр. паўстання ў Бельгіі. Бельгійская рэвалюцыя пачалася 25 жн. ў Бруселі і пашырылася на бельг. правінцыі. У выніку вераснёўскіх баёў амаль уся Бельгія была вызвалена ад галандскіх войскаў. 10.11.1830 бельг. Нац. кангрэс абвясціў незалежнасць Бельгіі.
т. 3, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕГА́ЛЬНЫ МАРКСІ́ЗМ»,
ідэйна-палітычная плынь рас. інтэлігенцыі ў 1890-я г. Прадстаўнікі «Л.М.» (П.Б.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскі, С.М.Булгакаў і інш.), выступаючы ў легальных часопісах «Новое слово» (1894—97), «Жизнь» (1897—1901), «Начало» (1899) і інш., выкарыстоўвалі палажэнні марксісцкай эканам. тэорыі для абгрунтавання развіцця капіталізму ў Расіі як прагрэсіўнай з’явы, але адмаўлялі ці рэвізавалі марксісцкую рэв. тэорыю. Яны выступалі супраць самадзяржаўя, за дэмакр. свабоды, развівалі ліберальныя тэорыі сац. рэфармавання капіталіст. грамадства. У сярэдзіне 1890-х г. разам з сацыял-дэмакратамі змагаліся супраць народніцтва і інш. тэорый, якія адмаўлялі капіталіст. шлях развіцця Расіі. З канца 1890-х г. перайшлі ад марксізму да лібералізму, іх лідэры сталі ядром партыі кадэтаў.
т. 9, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.
т. 12, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ IX [свецкае Мастаі-Ферэці (Mastai-Ferretti) Джавані Марыя; 13.5.1792, г. Сенігалія, Італія — 7.2.1878],
папа рымскі з 1846. У 1846—47 правёў ліберальныя рэформы ў Папскай вобл., абвясціў амністыю для больш чым 10 тыс. палітзняволеных. У пач. Рэвалюцыі 1848—49 сфарміраваў урад (сак. 1848) з удзелам памяркоўных лібералаў, згадзіўся на абвяшчэнне канстытуцыі, адпраўку войск на аўстра-італьянскую вайну 1848—49. Але ў крас. 1848 асудзіў нац. вайну супраць Аўстрыі, заклікаў да інтэрвенцыі супраць аб’яўленай у Рыме рэспублікі, пакінуў Рым. Вярнуўся ў 1850 пасля падзення рэспублікі, праводзіў рэакц. палітыку. Аўтар «Сілабуса» (пералік грамадска-паліт. і рэліг. рухаў, якія падрываюць аўтарытэт папства). Пры ім скліканы ўсяленскі (I Ватыканскі) сабор (1869—70; гл. Ватыканскія саборы). Пасля ліквідацыі папскай улады над Рымам (1870) адмовіўся прызнаць аб’яднаную італьян. дзяржаву. Кананізаваны Іаанам Паўлам II (2000).
т. 12, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЧАК ((Dubček) Аляксандр) (27.11.1921, Угровец, Славакія — 7.11.1992),
чэшскі і славацкі паліт. дзеяч. У 1929—38 разам з бацькамі жыў у СССР. З 1939 чл. кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ). Удзельнік славацкага нацыянальнага паўстання 1944. Чл. ЦК (1958—70) і Палітбюро (1963—69) КЛЧ. У 1963—68 1-ы сакратар ЦК кампартыі Славакіі. У студз. 1968 — крас. 1969 1-ы сакратар ЦК КПЧ, кіраўнік рэфарматарскага крыла партыі (ідэя «сацыялізму з чалавечым тварам»), ініцыятар «пражскай вясны». Пасля ўводу войск Варшаўскага дагавору ў Чэхаславакію (жн. 1968) пад націскам сав. парт. і дзярж. кіраўніцтва пагадзіўся спыніць ліберальныя пераўтварэнні («маскоўскае пагадненне»). У 1970 выключаны з партыі. З 1989 чл. «Грамадзянскага форуму». Палітычна рэабілітаваны ў выніку «аксамітнай рэвалюцыі» 1989. Дэп. Федэральнага сходу (парламента) у 1951—54, 1960—69 і з 1989, яго старшыня ў 1989—92. Удзельнік руху «Грамадства супраць насілля» (1989—91). у 1992 старшыня С.-д. партыі Славакіі. Загінуў у аўтакатастрофе. Аўтар успамінаў «Жыццё за свабоду» (апубл. ў 1993).
т. 6, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1820—23,
нацыянальна-вызв. (супраць акупацыі краіны англ. войскамі) і антыабсалютысцкая рэвалюцыя ў Партугаліі. Пачалася пад уплывам Ісп. рэвалюцыі 1820—23 з паўстання артыл. палка ў г.Порту 24.8.1820 пад заклікам увядзення канстытуцыйнага ладу. Пасля падтрымкі паўстання гарнізонам Лісабона 15.9.1820 скінуты ўрад, 27 вер. створана жунта (часовы ўрад). Яна забараніла галоўнакамандуючаму англ. акупацыйнымі войскамі У.Берэсфарду (прыбыў з англ. эскадрай з Бразіліі, дзе атрымаў паўнамоцтвы ад партуг. караля Жуана VI) высадзіцца ў Партугаліі і запатрабавала, каб кароль вярнуўся ў Лісабон. У студз. 1821 скліканыя жунтай агульнапартуг. картэсы прынялі праект ліберальнай канстытуцыі (набыла сілу 23.9.1822), якая абвясціла Партугалію канстытуцыйнай манархіяй, абвясціла свабоду ўсіх партугальцаў і іх роўнасць перад законам, ідэю суверэннасці партуг. нацыі, скасаванне інквізіцыі і інш. Канстытуцыю прызнаў Жуан VI, які ў ліп. 1821 вярнуўся ў Партугалію. У пач. 1823 незадаволеныя «прыгнётам лібералізму» абсалютысты на чале з сынам караля Мігелам развязалі Мігелісцкія войны 1823—34. У гэтых умовах Жуан VI адмяніў канстытуцыю, а картэсы 30.5.1823 самараспусціліся. П.р. 1820—23 паклала пачатак перыяду працяглай барацьбы за ліберальныя рэформы ў краіне.
т. 12, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНСЕРВАТЫ́ЗМ (ад неа... + кансерватызм),
кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.К.Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.Рэйган, М.Тэтчэр, Г.Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і
сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.
Літ.:
Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;
Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг. М., 1986;
Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ. М., 1992.
В.Дз.Марозаў.
т. 11, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)