АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (25.5.1888, Масква — 16.4.1982),

рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РМАН (Серафіма Германаўна) (10.8.1890, Кішынёў — 11.5.1976),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1946). Скончыла драм. курсы А.І.Адамава ў Маскве (1911). Працавала ў МХТ, МХАТ 2-м (1924—36), т-рах Ленінскага камсамола (1938—58) і Массавета (з 1959). Створаныя ёй вобразы вызначаліся выразнасцю і глыбінёй псіхал. вырашэння, яркай тэатральнасцю: Халдзейка («Ляўша» паводле М.Ляскова) Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Мары Сент-Экзюперы («Жыццё Сент-Экзюперы» Л.Малюгіна), Маці («Салют, Іспанія!» А.Афінагенава). Сярод пастановак: «Васа Жалязнова» (1936, выканаўца гал. ролі) і «Зыкавы» (1940) М.Горкага, «Жывы труп» Л.Талстога (1942), «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана (1943). Здымалася ў кіно (з 1925): «Закройшчык з Таржка», «Іван Грозны» (за роль Ефрасінні Старыцкай Дзярж. прэмія СССР 1946), «Звычайны чалавек» і інш.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў-ВАНО́ (Іван Пятровіч) (8.2.1900, Масква — 25.3.19 87),

расійскі кінарэжысёр, мастак, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1969), нар. арт. СССР (1985). Праф. Усесаюзнага ін-та кінематаграфіі (з 1952). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1923). Адзін з пачынальнікаў сав. мультыплікацыі. У мультыплікацыйным кіно з 1924. Сярод фільмаў: «Блэк энд Уайт» (1932, з Л.Амальрыкам), «Тры мушкецёры» (1938), «Мыйдадзір» (1939, 1954). Лепшыя фільмы — экранізацыі рус. нар. казак і твораў рус. класікі: «Канёк-Гарбунок» (1948, 1975), «Гусі-лебедзі» (1950), «Казка пра мёртвую царэўну і сем багатыроў» (1951), «Снягурка» (1952), «Дванаццаць месяцаў» (1956), «Ляўша» (1964), «Сеча пры Кержанцы» (1971), стэрэамультфільм «Чароўнае возера» (1979), «Казка пра цара Салтана» (1984, з Л.Мільчыным) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),

расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар. арт. Расіі (1961). Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус. нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАВЫ,

рускія кампазітары і харавыя дырыжоры, бацька і сын. Аляксандр Васілевіч (13.4.1883, с. Плахіна Захараўскага р-на Разанскай вобл. — 8.7.1946), нар. арт. СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Ген.-маёр (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1913), з 1918 выкладаў у ёй (праф. з 1922). Арганізатар (1928) і кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі (цяпер яго імя). Прызнанне атрымалі яго песня «Свяшчэнная вайна» і апрацоўка далёкаўсх. партыз. песні «Па далінах і па ўзгорках». Аўтар музыкі былога Дзярж. гімна СССР (1943). Пісаў оперы, вак.-сімф., інстр. творы. Дзярж. прэмія СССР 1942 і 1946. У 1971 устаноўлены залаты і 3 сярэбраныя медалі імя Аляксандравых за лепшыя творы на ваен.-патрыят. тэму. Барыс Аляксандравіч (4.8.1905, г. Балагое — 18.6.1994), нар. арт. СССР (1958). Герой Сац. Працы (1975). Ген.-маёр (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), у 1933—41 выкладаў у ёй. З 1929 дырыжор, у 1946—86 нач. і маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Аўтар шматлікіх песень, аперэт, у т. л. «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), балета «Ляўша» (1954), араторый і інш. Ленінская прэмія 1978, Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія РСФСР 1985. Залаты медаль імя А.В.Аляксандрава (1971). Памяці бацькі прысвяціў кн. «Песня кліча» (1982).

Літ.:

Поляновский Г. А.В.Александров. 2 изд. М., 1983.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (16.2. 1831, с. Гарохава Арлоўскай вобл., Расія — 5.3.1895),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1860. У ранніх апавяданнях і аповесцях («Жыціе адной бабы», 1863; «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета», 1865; «Ваяўніца», 1866 і інш.) шырока паказаў жыццё рус. народа, лёс жанчыны. Антынігілістычныя раманы, напісаныя на бел. тэматыку: «Няма куды» (1864, эпізоды паўстання 1863—64 у Белавежы) і «На нажах» (1870—71). У рамане-хроніцы «Сабаране» (1872), аповесці «Зачараваны вандроўнік» (1873), апавяданнях «Паўлін», «Аднадум» і інш. стварыў галерэю тыпаў праведнікаў. Цяжкі лёс мастака з народу ў цэнтры аповесцей «Увасоблены анёл» (1873), «Тупейны мастак» (1883), «Чортавы лялькі» (1890). Вытрыманы ў гратэскавай манеры сказ «Ляўша» (1881) — услаўленне кемлівасці і прыроднага таленту рус. чалавека. У жанры вострай сац. сатыры напісана аповесць «Заечы рэміз» (1891—94, апубл. 1917) і інш. Аўтар п’есы «Марнатравец» (1867), легенд на тэмы жыцця першахрысціян, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра мастацтва, успамінаў і інш. Творчасці Л. ўласцівы жанравае і вобразнае багацце, непаўторная сказавая манера. Паводле аповесці «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіч стварыў аднайм. оперу (1934; адноўлена ў 1962 пад назвай «Кацярына Ізмайлава»; пастаўлена Нац. т-рам оперы Беларусі, 1994). У вер. 1862 прыязджаў у Вільню; зблізіўся з В.Каратынскім, падарожнічаў з ім па Беларусі, наведаў Гродна, Пінск, Пружаны, Белавежскую пушчу, прысвяціў яму аповесць «Жыціе адной бабы». Уражанні ад паездкі па Беларусі выкарыстаў у серыі карэспандэнцый «З аднаго дарожнага дзённіка» (час. «Северная пчела», 1862). Шэраг твораў Л. экранізаваны. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі І.Сакалоўскі, М.Сеўрук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1989;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1993;

О любви: Повести. М., 1993;

Бел. пер. — Тупейны мастак. Мн., 1937;

Чалавек на варце. Мн., 1947.

Літ.:

Лесков А.Н. Жизнь Николая Лескова. Т. 1—2. М., 1984;

Аннинский Л. Лесковское ожерелье. 2 изд. М., 1986;

Горелов А.А. Н.С.Лесков и народная культура. Л., 1988;

Лесков и русская литература. М., 1988;

Творчество Н.С.Лескова. Курск, 1988;

Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.С.Ляскоў // ЛіМ. 1970. 30 студз.;

Клейн Б. В годину смятения: Бел. поездка Н.Лескова // Неман. 1979. № 2.

У.І.Мархель.

М.С.Ляскоў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БЕЛАРУ́СІ.

Створаны ў 1938 у Гомелі. Адкрыўся 15.7.1938 спектаклем «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, які шмат у чым паўтараў пастаноўку С.Абразцова, на рэпертуар і пастановачныя прынцыпы якога т-р пераважна арыентаваўся на першым часе. З 1940 маст. кіраўнік М.Бабушкін, гал. мастак Б.Звінагродскі. Ставіліся пераважна казкі: «Чароўныя падарункі» («Дзед і Жораў») В.Вольскага, «Кот у ботах» Г.Уладычынай, «Вялікі Іван» Абразцова і С.Праабражэнскага, «Падарожжа ў дзіўныя краіны» У.Палякова і інш. У Айч. вайну асн. трупа т-ра знаходзілася ў Душанбе. Дзейнічала таксама агітбрыгада на чале са Звінагродскім, у праграме — сатыр. сцэнкі і інтэрмедыі. 1.5.1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у Гомелі спектаклем «Вялікі Іван». У першыя пасляваен. гады пераважна аднаўляўся ранейшы рэпертуар. З лепшых новых пастановак: «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Хрустальны чаравічак» Т.Габэ, «Дзед Мароз» А.Шурынавай і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева. У 1949 дзейнасць т-ра была спынена. У 1950 т-р створаны нанава і працуе ў Мінску. Некат. спектаклі 1950-х г. характарызаваліся празмерна дэталізаваным вырашэннем лялькі, імітацыяй ёй чалавека. Пошукі новых выяўл. сродкаў, станаўленне прафес. сцэнаграфічнай культуры т-ра звязаны з дзейнасцю рэж. Анатоля Ляляўскага і мастака Л.Быкава. Пераканаўчае рэжысёрскае прачытанне, цікавае сцэнаграфічнае вырашэнне атрымалі творы бел. драматургіі: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага, «Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча, «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля, «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі, «Лілавічкі» паводле У.Галубка, «Дзякуй, вялікі дзякуй» і «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Янка-цымбаліст і алавянае царства» Э.Брука і Б.Дуцэнкі. У канцы 1960—1-й пал. 1970-х г. адраджаецца традыцыя пастановак для дарослых, распачатая ў 1950-я г. спектаклямі «Краса ненаглядная» Я.Спяранскага і «Кароль-Алень» паводле К.Гоцы Сярод іх: «Чоргаў млын» і «Боская камедыя» І.Штока, «Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар, «Клоп» У.Маякоўскага, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака. Творчасць т-ра 2-й пал. 1970—80-х г. адметная зваротам да новых выяўл. сродкаў, у спектаклях разам з лялькамі выступаюць акцёры ў жывым плане. Імкненне да сінтэзу разнастайных сцэн. сродкаў выявілася ў спектаклях «Крэсіва» Спяранскага, «Сланяня» Уладычынай, «Арэшак» Р.Аляксандравай, «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда, «Ляўша» паводле М.Ляскова, «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена і інш. Творчае аблічча т-ра 1990-х г. вызначаюць спектаклі, пастаўленыя рэж. Аляксеем Ляляўскім: «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава, «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Папялушка, ці Перамога Дабрачыннасці» Ж.Маснэ, «Цар Ірад» у апрацоўцы Г.Барышава і інш.

У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі У.Уласаў, У.Грамовіч, А.Казакоў, мастак па ляльках засл. работнік культ. А.Нікалайчык. У 1976—96 гал. мастак А.Фаміна.

М.А.Каладзінскі.

Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Дзед і Жораў» В.Вольскага.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.

т. 6, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)