ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,

меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАШЫЗАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ,

прэпараты для лячэння малярыі. Уплываюць на эрытрацытарныя формы развіцця малярыйнага плазмодыю — шызонтаў. Да гематашызатропных сродкаў адносяцца: хінгамін, хларыдзін, хінін, акрыхін, а таксама сульфаніламідныя прэпараты і антыбіётыкі тэтрацыклінавага раду. Для лячэння 3- і 4-дзённай малярыі гематашызатропныя сродкі камбінуюць з гісташызатропнымі сродкамі.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧЫ,

бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі. За 12 км ад Мінска, непадалёку ад вадасховішчаў Заслаўскага (Мінскага м.) і Дразды. Засн. ў 1922. Асн. лек. фактары — умерана кантынентальны клімат, мясц. мінер. воды (хларыдна-сульфатна-натрыевая і хларыдна-натрыевая), сапрапелевыя і інш. гразі выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, парушэнняў абмену рэчываў, рэабілітацыйна-аднаўленчага лячэння пасля аперацый.

Курорт Ждановічы.

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРФІ ((Murphy) Уільям Пары) (6.2.1892, г. Стоўтан, штат Вісконсін, ЗША — 9.10.1987),

амерыканскі тэрапеўт-гематолаг. Скончыў вышэйшую школу ў Арэгоне (1914). З 1922 у шпіталі г. Бостан, адначасова з 1923 у Гарвардскай мед. школе (з 1935 праф.). Навук. працы па лячэнні цукр. дыябету і захворванняў крыві. Распрацаваў дыету з сырой печані для лячэння перніцыёзнай анеміі, методыку лячэння анемій унутрымышачным увядзеннем пячоначнага экстракту. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з Дж.Р.Майнатам і Дж.Х.Уіплам).

У.Мёрфі.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу для лячэння без адрыву ад вытворчасці. Адрозніваюць П. агульнатэрапеўтычныя і спецыялізаваныя.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬМАНАЛО́ГІІ І ФТЫЗІЯТРЫ́І НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1928 у Мінску як Бел. НДІ туберкулёзу. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў Нова-Беліцу (г. Гомель). З 1944 у Мінску, з 1972 у пас. Навінкі Мінскага р-на. З 1988 НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка спосабаў дыягностыкі туберкулёзу і павышэння эфектыўнасці лячэння дэструктыўных працэсаў ва ўмовах пагаршэння радыеэкалагічнага стану пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння неспецыфічных пашкоджанняў органаў дыхання; вывучэнне асаблівасцей праяўлення пазалёгачнага туберкулёзу і распрацоўка эфектыўных метадаў лячэння. У складзе ін-та 5 н.-д. аддзелаў, у т. л. імунамарфалагічных даследаванняў; лабараторыі, 8 разнапрофільных клінічных аддзяленняў, дыспансернае і дапаможнае аддзяленні. На базе НДІ працуе кафедра туберкулёзу і дзіцячага туберкулёзу Мінскага мед. ін-та.

Э.​М.​Пармон.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСІ́ЛІУМ (ад лац. consilium нарада, абмеркаванне),

нарада ўрачоў адной ці некалькіх спецыяльнасцей для ўдакладнення ці ўстанаўлення дыягназу хваробы і спосабаў лячэння. Неабходны ў выпадках няўпэўненасці ў дыягностыцы або спосабах лячэння, пры цяжкім стане хворага, пры накіраванні яго ў спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Найчасцей склікаецца па ініцыятыве ўрача, які лечыць, просьбе хворага і яго блізкіх, а таксама на аснове пастановы суд.-мед. органаў. Праводзіцца ў бальніцы, амбулаторна-паліклінічных і санаторных установах. Заключэнне К. заносіцца ў адпаведны мед. дакумент.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІАНЕМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі для лячэння анемій. Узмацняюць прадукцыю эрытрацытаў, ліквідуюць якасныя парушэнні ўтварэння эрытрацытаў у арганізме. Для лячэння анемій з паніжанай колькасцю гемаглабіну ўжываюць прэпараты, у якіх ёсць жалеза (напр., жалеза закіснага лактат, гемастымулін, фераплекс і інш.); пры анеміях з паменшанай колькасцю эрытрацытаў і павышаным насычэннем іх гемаглабінам — прэпараты вітаміну B12 і фоліевай кіслаты; пры анеміях, што развіваюцца ў выніку прыгнечвання функцыі касцявога мозга, — сродкі, якія стымулююць функцыю касцявога мозга (эрытрапаэтын, калоніястымулюючыя фактары).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФАРМАКАЛО́ГІЯ (ад псіха... + фармакалогія),

раздзел фармакалогіі, які даследуе ўздзеянне на псіхіку чалавека псіхаактыўных — псіхатропных сродкаў. Уяўляе сабой этап біял. тэрапіі ў псіхіятрыі.

У П. выкарыстоўваюцца прынцыпы рацыянальнай псіхафармакатэрапіі: комплекснасць, якая прадугледжвае спалучэнне медыкаментознага лячэння з псіхатэрапіяй і сац.-працоўнай рэабілітацыяй; клінічная абгрунтаванасць і дыферэнцыраванасць пры выбары лячэння; бесперапыннасць тэрапеўт. ўздзеяння (стацыянарнае і пазабальнічнае).

Літ.:

Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;

Авруцкий Г.Я., Недува А.А. Лечение психически больных. 2 изд. М., 1988.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЫЧ (Тамара Андрэеўна) (н. 5.4.1939, Мінск),

бел. афтальмолаг. Д-р мед. н., праф. (1988). Дачка Т.В.Бірыч. Скончыла Мінскі мед. ін-т (1962). З 1975 працуе ў ім. Навук. працы па камп’ютэрных метадах дыягностыкі і даследаванняў у афтальмалогіі з выкарыстаннем флюарэсцэнтнай ангіяграфіі, вывучэнні ўздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку, укараненні новых тэхналогій хірург. лячэння глаўком, катарактаў, адслаення сятчаткі. Распрацавала і ўкараніла рэканструкцыйныя аперацыі на вочным яблыку (у т. л. перасадку рагавіцы), імплантацыю штучных хрусталікаў пасля выдалення катарактаў, лазерныя метады лячэння хвароб вачэй.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)